Массово-политическая газета Березовского района

“Дажынкі” на палескі лад, альбо Як маленькі горад вялікае свята ладзіў (+ФОТО)

213
Дмитрий Музыка,
06 сентября 2017

Аграрыі Бярозаўшчыны на чале з Леанідам Мартынюком, старшынёй райвыканкама, Мікалаем Чыжом, старшынёй раённага Савета дэпутатаў, і Віктарам Чайчыцам, сенатарам, у мінулую суботу наведалі старажытны Давыд-Гарадок Столінскага раёна, які сёлета прымаў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”.

Дэлегацыя ў складзе сарака чалавек (на тытульным фотаздымку), сярод якіх прадстаўнікі райвыканкама, раённых прафсаюзаў, кіраўнікі сельгас-арганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў, галоўныя інжынеры і аграномы гаспадарак, перадавікі жніва, пераадолела больш за 250 кіламетраў праз пяць рэгіёнаў Брэстчыны. На мяжы Пінскага і Столінскага раёнаў гаспадары фестывалю з усёй палескай ветлівасцю сустракалі гасцей. Старшыня райвыканкама Леанід Мартынюк прыняў каравай, а мясцовы калектыў аматарскай творчасці прывітаў гасцей песняй.

Распачало свята “Дажынак” урачыстае шэсце дэлегацый раёнаў, якое ўзначалілі героі жніва. Калона Бярозаўшчыны прыйшлася даспадобы гарадчукам. Прывітанні, апладысменты і словы падтрымкі суправаджалі на ўсім шляху: “Малайцы, Бяроза!”, “Прыгожа ідуць”.

Па брукаванай цэнтральнай вуліцы рухаліся калоны хлебаробаў. Яны  выглядалі вельмі каларытна. Здавалася, што маленькі, утульны гарадок з вузкімі вулачкамі, аднапавярховымі будынкамі і добразычлівымі палешукамі  быццам  створаны для “Дажынак” і кірмашоў. За сваю 900-гадовую гісторыю горад над ракой Гарынь бачыў не адзін кірмаш і не адну тысячу гасцей прымаў. Аж да 60-х гадоў ХХ стагоддзя меў статус развітога гандлёва-эканамічнага цэнтра Палесся. А сёння гэта тыповы правінцыяльны гарадок, у якім пражывае  каля шасці тысяч жыхароў. Абласныя “Дажынкі” павінны даць новы імпульс да развіцця гэтага цікавага месца на столінскай зямлі.

Давыд-Гарадок першы з малых гарадоў Брэстчыны, які распачынае новую традыцыю правядзення абласнога свята хлебаробаў. Усе наступныя фестывалі будуць праводзіцца толькі ў малых гарадах. Такіх у вобласці яшчэ сем. У наступным годзе “Дажынкі” прыме г. Высокае Камянецкага раёна, а ў 2019-м аграрыяў вобласці будуць вітаць у Ружанах, што на Пружаншчыне.

– Такі фармат стымулюе і дае магчымасць падцягнуць інфраструктуру малых гарадоў, палепшыць якасць жыцця іх жыхароў. Дзеля гэтага мы ўсё і робім, – падкрэсліў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс падчас размовы з прадстаўнікамі СМІ.

Распачынаючы цырымонію ўшанавання пераможцаў абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю, кіраўнік вобласці зазначыў, што валавы збор зерня на Брэстчыне склаў больш за 1,2 мільёна тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 цэнтнераў з гектара. Паказчыкі не рэкордныя, але досыць высокія. Тры раёны пераадолелі рубеж па намалоце ў 100 тысяч тон: Баранавіцкі (157 тыс.), Пружанскі (133 тыс.) і Камянецкі (115 тыс). Самая высокая ўраджайнасць у Брэсцкім раёне – 48 цэнтнераў з гектара, 44 цэнтнера сабралі ў Баранавіцкім раёне, па 43 – у Камянецкім і Пружанскім. 316 экіпажаў вобласці намалацілі больш за тысячу тон зерня. А рэкорднага выніку дасягнуў экіпаж камбайнераў Віталія Цівунчыка і Іосіфа Шкоды з ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” Баранавіцкага раёна, які намалаціў больш за тры тысячы тон.

Словы падзякі прагучалі ў адрас кожнага, хто аказваў дапамогу ва ўборцы ўраджаю. А гэта 355 чалавек з розных гарадоў і вёсак Брэстчыны. Сярод іх работнікі прамысловых прадпрыемстваў, навучальных устаноў і іншых арганізацый.

Каравай Бярозаўшчыны склаў 67 тысяч тон зерня, у параўнанні з мінулым годам ён пацяжэў аж на сем тысяч тон. Сярэдняя ўраджайнасць дасягнула 36,6 цэнтнераў з гектара, і гэта таксама крыху больш  адносна 2016 года. Найлепшыя вынікі паказалі ААТ “Спорава” (46,1 ц/га) і ААТ “Нарутавічы” (43 ц/га). У выніку раён увайшоў у пяцёрку лідараў сярод рэгіёнаў Брэстчыны. Сваю задачу бярозаўскія вяскоўцы выканалі на выдатна – хлебам мы надзейна забяспечаны, і гэта галоўны вынік іх працы.

Напрыканцы Анатоль Ліс падзякаваў працаўнікам вёскі за добры ўраджай, за адданасць роднай зямлі і любоў да яе, а таксама пажадаў поспехаў і дабрабыту кожнай сям’і.

Дыпломамі з рук старшыні аблвыканкама былі ўзнагароджаны кіраўнікі раёнаў-пераможцаў:  старшыня Брэсцкага райвыканкама Уладзімір Сянчук, кіраўнік Пружанскага раёна Міхаіл Крэйдзіч (былы начальнік райсельгасхарча Бярозаўскага райвыканкама), старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук. Сярод сельгасарганізацый вобласці найлепшымі сталі КУСП “Саўгас Брэсцкі”  Брэсцкага раёна (дырэктар Уладзімір Багачоў), ААТ “Агра-Калядзічы” Пружанскага раёна (дырэктар Пётр Якімавец), ААТ “Аграсад “Рассвет” Брэсцкага раёна (дырэктар Васіль Жалянгоўскі). Тройка прызёраў у спаборніцтве экіпажаў камбайнераў – Аляксандр Юшчук з ААТ “Камароўка” Брэсцкага раёна, Анатоль Філіновіч з ААТ “Агра-Моталь” Іванаўскага раёна, камбайнеры Міхаіл Пацукевіч і Анатоль Шуркала з СВК “Фядорскі” Столінскага раёна.

Сярод амаль ста сарака чалавек, якія ўзнімаліся на святочную сцэну за дыпломамі і граматамі, былі маладыя вадзіцелі з ААТ “Нарутавічы” – Дзмітрый Карповіч (на фота ніжэй – справа) і Павел Хутко (на фота ніжэй – злева). Яны прынеслі ў жніўную скарбонку Бярозаўшчыны ўзнагароды за першае і другое месцы.

Другі год запар вымпелам пераможцы рэспубліканскага агляду-конкурсу санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў быў узнагароджаны горад Бяроза. Перамогу ў такім жа абласным конкурсе атрымаў горад Белаазерск.

Найлепшыя творчыя калектывы Брэстчыны дзякавалі за самаадданую працу перадавікам жніва і шматлікім гасцям свята падчас гала-канцэрта. Хуткія народныя рытмы перамяжоўваліся песнямі і прыпеўкамі на мясцовых дыялектах.

Яны ні на хвіліну не давалі забыцца, што вы на Палессі. Шыкоўны рэтра-лімузін перад сцэнай, з якого выходзіць дама  ў чырвоным, накіроўвае сюжэтную лінію канцэрта ў нечаканы бок. Аказваецца, што гэта бізнес-лэдзі мае манаполію на продаж … гурковага расолу. На сцэне народны тэатр гумару “Хмелеўскія валацугі” з Жабінкаўскага раёна.

Народны гумар змяняецца прыгажосцю народнага танца і харавога майстэрства артыстаў Піншчыны. І вось кульмінацыя канцэрта – перад сцэнай галоўны каравай года, вынік працы тысяч хлебаробаў.

Настаў час пакаштаваць смачны хлеб з зерня новага ўраджаю. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах пачаставалі ім кіраўнікоў дэлегацый вобласці.

Гаспадары свята зрабілі ўсё, каб кожны адчуў сябе жаданым і ганаровым госцем. Дэгустацыя прадукцыі вядучых прадпрыемстваў Брэстчыны, гандлёвыя павільёны з акцыямі і зніжкамі, сялянскія падворкі з народнымі ўмельцамі, сезонныя кафэ з традыцыйнымі стравамі і пачастункамі прапаноўвалі прыемна і карысна пабавіць сёлетнія “Дажынкі”. З упэўненасцю, што “Жить нужно вкусно!” і “В гармонии с природой” удзельнікі свята вярталіся дадому. Да новых сустрэч, да новага ўраджаю!

Дзмітрый МУЗЫКА.

Фота аўтара.

Оставьте свой комментарий