Массово-политическая газета Березовского района

25 снежня – Божае Нараджэнне (каталіцкае)

125
Опубликовано,
23 декабря 2017

Глыбокапаважаныя парафіяне! Усе хрысціяне, з якімі святкуем Урачыстасць Божага Нараджэння!

З нагоды надыходзячых святаў складаю вам сардэчныя віншаванні. Няхай народжаны Езус у Бэтлееме нашых сэрцаў прыносіць дары, якія з’яўляюцца фундаментам існавання кожнага чалавека. Ён для нас крыніца ўсіх ласк: веры, надзеі і любові, прабачэння, супакою і справядлівасці. З  Ім, у Ім і праз Яго мы, слабыя людзі, становімся моцнымі, святымі і напоўненымі радасцю ўжо тут – на зямлі. З дапамогай Яго ласкі і міласэрнасці мы крочым да такіх рэчаіснасцяў, якіх “а ні вока не бачыла, і ні сэрца не чула”, а гэта і ёсць вечнасць.

Мы не павінны звяртаць увагі на штодзённыя цяжкасці. Клопаты, матэрыяльны недахоп, часамі цярпенні – гэта толькі прылада, дзякуючы якой мы правяраем сваю веру і вернасць Богу. Услед за святым Паўлам мы паўтараем: “Бо я перакананы,  што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае,  ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пану нашым”.

“Слова сталася Целам і пасялілася між намі…” (Ян 1, 14). Яно нясе свету радасць даравальнай Божай Любові, якая ніколі не пакідае чалавека. Мы пакліканыя прыняць яе ў сваё жыццё і навучыцца дзяліцца ёю з іншымі, такім чынам заносячы святло Бэтлеемскай зоркі тым, хто знаходзіцца яшчэ ў змроку нянавісці, недаверу, самоты, безнадзейнасці.

Свята Божага Нараджэння – гэта асаблівы час, калі мы прыгадваем, што зямля не проста прымае Божага Пасланніка, але становіцца Яго жыллём ужо назаўсёды. У такім “суседстве” не можа чалавек адчуваць сябе самотным і пакінутым, ён не павінен планаваць злачынства і крыўды. Аднак гэтае “суседства” становіцца адчувальным толькі праз тых, хто па прыкладзе Дзевы Марыі згаджаецца на Божую волю, прымаючы шчырым сэрцам Добрую Вестку.

Няхай Божае Нараджэнне прынясе нам так патрэбны спакой і духоўную сілу, каб зло, якое існуе ў свеце, не знаходзіла больш месца ў сэрцах людзей. Бо іх сэрцы прызначаныя быць утульнай калыскай для Збаўцы, Каторы прыходзіць у гэты свет. А прынесеныя Ім бласлаўленне і ласка няхай будуць крыніцай радасці і трывалай надзеі!

Няхай Божы Сын, Які нараджаецца ў нашых сэрцах, узмацняе і нясе радасць усім людзям добрай волі.

Са святам, дарагія браты і сёстры!

Ксёндз Уладзімір БУКЛЯРЭВІЧ.

Ксёндз Дзяніс КРЫВАНОСАЎ. 

 

Оставьте свой комментарий