Массово-политическая газета Березовского района

Першага красавіка бярозаўскія каталікі святкавалі Вялікдзень

216
Опубликовано,
01 апреля 2018

І на трэці дзень уваскрос, паводле Пісання, 

і ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца.

І зноў прыйдзе судзіць жывых і памерлых, 

і Яго валадарству не будзе канца.

                                                      «Credo»

Глыбокапаважаныя парафіяне, браты і сёстры ў Хрысце! Усе хрысціяне, святкуючыя Вялікдзень 1 красавіка!

Хрыстус памёр за нашы грахі, быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень!  Гэта Добрая Навіна, перададзеная нам, напаўняе нашы сэрцы радасцю.

Велікодная радасць асвятляе сёння Касцёл ва ўсім свеце. У нашых святынях, у дамах і ў сэрцах усіх хрысціян гучыць радаснае «Алелюя». Мы адзначаем Урачыстасць Уваскрэсення Пана – святкуем перамогу, якую Хрыстус Пан здабыў над грахом і смерцю.

Хрыстус Уваскрос! Ён жыве і будзе жыць навекі! Гэта праўда паказвае нам моц бязмежнай любові Бога да чалавека. Гэта самая любоў, якая была нам аб’яўлена на дрэве крыжа, сёння прамаўляе да нас у знаку пустога гроба. Гэты знак нагадвае нам, што калісьці і нашы грабы, і грабы нашых блізкіх памерлых будуць пустыя. Здзейсніцца тады той самы цуд, які сёння мы ўзгадваем – цуд уваскрэсення. Як піша святы Павел: «Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады» (Рым 6, 8).

Ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне, што з кожным днём сваёй часовай вандроўкі ён кіруецца не да смерці і небыцця, але да паўнаты новага, сапраўднага жыцця, якое не будзе мець канца?

Трываючы ў гэтай пасхальнай радасці, якой адарыў нас Хрыстус праз сваё Уваскрэсенне, дасылаем вам, паважаныя браты і сёстры, сардэчныя віншаванні. Няхай перамога Хрыста над смерцю апраменіць радасцю кожны дзень вашага жыцця, няхай напоўніць супакоем і верай вашы сэрцы, няхай дазволіць верна ісці за Панам і Збаўцам шляхам веры, надзеі і любові.

Жадаем, каб гэта перамога кожны дзень асвятляла вашы душы на складаным, нязведаным і часта неспакойным жыццёвым шляху, каб радаснае «Алелюя!» загучала ў вашых сэрцах на поўную моц, даючы надзею на лепшае і ўпэўненасць у тым, што Пан заўсёды з намі! 

Няхай Уваскрослы Хрыстус атуліць вас сваёю бязмежнаю міласэрнасцю, прабачэннем і ласкаю, рассее сумненні і роспач, дасць новыя сілы на тое, каб жыць, працаваць на Божую хвалу і любіць бліжніх…

Жадаем Божага благаславення, моцнага здароўя і Божых дароў ад Уваскрослага Пана.

Ксёндз Уладзімір БУКЛЯРЭВІЧ, дэкан Пружанскага дэканата, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы.

Ксёндз-вікарый Дзяніс КРЫВАНОСАЎ. 

 

Оставьте свой комментарий