Благовест

Суседка Зіна (7 мая - Радаўніца)

07 Мая 2019 1229 0

Старые соседи-1 сайт.jpg

Нашы хаты стаялі побач. І ў любую пару: ці то днём, ці вечарам было бачна, што робіць кожны з суседзяў. Вось Зіна ўжо корпаецца ў агародзе, пасля корміць курэй, а потым пайшла ў хату. Пэўна, сядзе за сваю карміцельку – швейную машынку. Абшывала Зіна не толькі сваю сям’ю, шыла суседзям, знаёмым. Заказаў было шмат. Хаця ў нашай немалой вёсцы было некалькі швачак, але да Зіны ішлі з ахвотай. Можа і таму, што вельмі ўжо прыветная яна, гаваркая. Да кожнага заказчыка адносілася з добрым словам. Ужо нават першы прыход чалавека, зняцце меркі, абнадзейваў кліента. Колькі памятаю, шчаслівымі ішлі ад яе людзі з гатовымі спад-ніцай ці сукенкаю.

Мама мая была старэйшай за яе. Але так склалася, што прыслухоўвалася да парад суседкі. І не толькі ў шавецкай справе, бо мама сама трохі страчыла на ручной машынцы “Singer”. Зіна раіла, калі лепш пасадзіць агуркі ці моркву, якія шпалеры больш падыдуць у пакоі. Да яе звярталіся, калі ўзнікалі непаразуменні паміж суседзямі. Умела яна рассудзіць, і ніхто не крыўдзіўся на яе “прысуд”. Зіна была нашай апошняй інстанцыяй. Умела абараніць несправядліва пакрыўджанага, але і выказаць у вочы праўду крыўдзіцелю. Смела ішла ў калгасную кантору, каб устанавіць праўду. Вясною ў вяскоўцаў заўсёды клопат: хутчэй пасеяць. На калгаснага каня была чарга. Брыгадзіра маглі некаторыя падкупіць. Маглі, толькі не ў нас. Зіна вельмі справядліва ўстанавіла гэтую чаргу. І пільна сачыла, каб якую гаротніцу-жанчыну не абышлі больш спрытныя мужчыны-гаспадары.

І гэта было не адзіным, што вылучала нашу паважаную суседку. Калі ў вёсцы была адбудавана царква, яна знайшла і час, і сілы спяваць у царкоўным хоры. Здаецца, у гэтым чалавеку жыло мноства людзей: актыўных, шчырых, справядлівых. Ужо калі я вылецела з роднага гнязда, і калі наспявалі праблемныя пытанні, міжволі, акрамя мамінага твару, успаміналася і Зіна. А як яна паставілася б да гэтага? Што сказала б? Яна такая моцная, валявая. Была я якраз летам дома, калі ў вёску прыйшла страшная вестка: сын Зіны, шафёр, загінуў у аўтакатастрофе. Гэта стала горам усёй вуліцы. Старэйшы яе 26-гадовы сын Валік працаваў за Масквою, быў жанаты, меў сыночка. І вось яго вязуць хаваць ў родную вёску. Балюча было глядзець на Зіну: счарнела ад гора. А людзей-людзей… Уся вёска адклікнулася на такое гора. І запомнілася: Зіна акінула ўсіх позіркам і знайшла ў сабе сілы сказаць: “Людзі, дзякуй вам усім, што не раўнадушныя да маёй бяды”. Лёс і далей не быў літасцівым да яе сям’і. Вельмі хутка пасля смерці сына захварэў муж. Зіне прыйшлося нялёгка: два гады яе Васіль быў прыкаваны да ложка. Адзіная надзея – малодшы Сярожка, бо дачка Святлана з сям’ёй жыла ў Маскве. Бяда аднаго чалавека робіць чэрствым, абыякавым. Зіну ж асабістае гора не змяніла, а, можа, зрабіла яшчэ больш чулай.

Я адчула гэта, калі памерла мая мама. Зіна ўспрыняла наша гора так блізка, як гэта зрабіў бы родны чалавек. Тата год заставаўся сам у сваёй хаце. І самы дбайны клопат аб ім ажыццяўляла Зіна. Ёй мы званілі, яе турбавалі ў любы час сутак. І іменна перад ёй стаў тата на калені ў знак удзячнасці пры развітанні, калі мы назаўсёды забіралі яго да сябе ў горад. А праз некалькі гадоў з’ехала ў Маскву да дачкі наша дарагая Зіна. Пакінула са слязьмі сваю такую дагледжаную хату, наказаўшы ў сельсавеце аддаць сям’і, якая мае патрэбу ў жыллі. Проста аддаць…

Толькі раз мы з сястрой сустрэлі яе ў родных Галоўчыцах. Гэта было некалькі гадоў таму на Радаўніцу. Сюды на могілкі прыязджаюць тыя, чые родныя знайшлі тут вечны спачын. Усіх былых жыхароў клічуць да сябе гэтыя жоўтыя пагорачкі. Зіна была вельмі рада сустрэчы: жыццё даўно зрадніла нас. Пастаялі каля магіл, усплакнулі, добрым словам успомнілі дарагіх людзей. Мая мудрая суседка памятала імёны нашых дзетак і ўнукаў, пажадала ўсім здароўя. Я зноў была ўражана: як яна можа трымаць усё ў галаве?

Час ідзе.. Але ўпартая памяць не хоча сціраць гэтага чалавека. Часта ў сне бачу то нашы хаты, вуліцу, то Зінін заўсёды чыста праполаты агарод, то яе спагадлівы позірк.. Нават у сне зычу ёй толькі дабра.

Але лёс, здаецца, не да канца выпрабаваў гэтага чалавека. Нядаўна з вёскі прыйшла гаротная навіна: трагічна загінуў яе малодшы Сярожка. Там і пахавалі, пад Масквою, дзе ён жыў. Як жа разарвацца табе, дарадчыца ты наша? Дзве самыя родныя магілы ў вёсцы, і адна – на чужыне. “Божа мой! Гэта ўжо занадта для аднаго чалавека. За што, за якія заслугі ты, Гасподзь, узвышаеш адных, часам нават не вартых, злых і нікчэмных, і пасылаеш такое выпрабаванне другім – добрым і сумленным, з узнёслымі, здольнымі на высокія пачуцці душамі? Сапраўды, шляхі твае не пазнаныя…”

Такія горкія думкі апанавалі мяне. І разам з тым я спадзяюся, што Зіну абавязкова сустрэну на гэтую Радаўніцу. Яна прыедзе, бо яе збалелая душа захоча сустрэцца з аднавяскоўцамі, сярод якіх многія гады мела і радасць, і нягоды. Яна прыедзе, бо верыць, што яе суседзі і проста аднавяскоўцы, а таксама родная зямелька шчыра паспачуваюць і раздзеляць яе бязмежнае мацярынскае гора…

Галіна ХАЛІМОНЧЫК, г. Бяроза.

Фота нясе ілюстратыўны сэнс.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599