Частная жизнь

Мікола Папека: пчаляр і паэт

25 Мая 2020 1834 0

Папека.jpg

Мікола Папека, пчаляр і паэт, 58 год, спецыяльна для чытачоў “Маяка” адышоў на дзве гадзіны ад пчол, каб выказаць невымоўнае, зазірнуць за межы рэальнага і яшчэ раз пераканацца ў сваёй недасканаласці.

ПЛЫНЬ Адметны, арыгінальны... – гэта прызнана, гэта ёсць. Але я зараз не паэт. І гэтыя словы недастаткова мяне характарызуюць. Трэба дадаць, што і парадаксальны, і складаны... Прыйсці да адметнасці, да арыгінальнасці – гэта пакутны шлях, і ён не просты шлях. З гэтым не нараджаюцца. Так адбываецца… І ў той жа час гэта прырода, бацькі, сацыяльныя адносіны – уся сукупнасць матэрыяльных, эстэтычных праблематык у гэтым свеце. Нават нейкія фізічныя нібыта недахопы, пра якія да нейкага часу нельга казаць, – яны таксама ўплываюць. І нейкія адметнасці ў паводзінах – усё ўплывае. І бацька з маці... Некалі я напісаў верш: “Я дзякую жыццёвай драме, што ў адной партрэтнай раме звёў бацьку з маці лёс”. Нават такія выпадкі, як з бацькам і маці, якія не ўжыліся паміж сабой і развяліся, яны паўплывалі на мяне, таму што я бачыў – гэта два моцныя, складаныя характары. Так што шмат-шмат чаго. Я бачыў уплыў вёскі, я бачыў багацце прыроды, я бачыў марнаванне прыроды. І ўжо ў 10-12 гадоў я задумваўся над нейкімі філасофскімі праблемамі, у рэшце рэшт спрабаваў пісаць, у мяне атрымлівалася... Гэта прыходзіць не вельмі проста. А потым адыходзіць. Я другі раз баюся ўвайсці ў плынь.

ТЭХНАГЕНЕЗ Гэты шлях і хатычны, і – маё любімае слова – спарадычны. Спарадычнасць у тым, што мы рухаемся, і ў той жа час выбіраем, і маглі б не выбраць, калі б нешта не трапілася на шляху, падобнае нам. Броўнаўскі рух. Я мог бы стаць эпатажным, спітым, мала там якім... Але гэта не здарылася. Мой рух быў іншы, я рухаўся іначай. У мяне быў пошук. Я помню адну з першых кніжак, якую купіў, выйшаўшы з 10 класа і едучы паступаць у тэхнікум. Я купіў не якую там белетрыстыку, а кніжку пра тэхнагенез. І тэхнагенез зараз сядзіць у мяне ў галаве. Потым выхаванне ў тэхнікуме, універсітэце і акадэміі – яшчэ дадало гэтага тэхнагенезу, г.зн. разумення, што і куды рухаецца, што з чаго вынікае.

НЕМАГЧЫМАЕ Паэзія – гэта рэчы ўнікальныя, немагчымыя, гэта можна зрабіць толькі ў маладосці, пакуль ты не ўмееш пісаць, пакуль ты толькі спрабуеш узяць нейкую вышыню, прарвацца. Калі ты навучыўся пісаць – ты не паэт, усё!

ПАЛЫН Палын таксама дае мёд. Але гэта бывае рэдка і не ў нас.

НЯВЕДАННЕ Я ўвогуле не ведаю ні пра жанчын, ні пра людзей, і нават пра сябе я ўсяго не ведаю. Магу сказаць адно: у тэхнікуме я быў адным з тых, хто найбольш ведаў пра пчалу, у акадэміі – адзін з тых, пра каго маглі сказаць: “Ты нічога не ведаеш, толькі ведаеш пра пчалу”. І я нават зараз разумею, што я скептычна гляджу на тое, што ведаюць іншыя і што я сам ведаю пра пчалу.

ІНШАПЛАНЕЦЯНЕ Я пчоламі займаюся ўжо больш за 40 гадоў, з 1978-79-га. А па сутнасці з 1963 года, таму што мой дзед займаўся пчоламі, а потым мая бабуля без дзеда 17 год пчалярнічала. Я тую пчалу памятаю... І сказаць, што я іх ведаю?.. Я імі займаюся. Іх ніхто не можа ведаць, таму што яны для нас іншапланецяне, мы для іх – іншапланецяне. Ніхто не скажа, навошта ў пчалы пяць вачэй. Невядома, ёсць слых у пчалы ці няма. І знаць, у прынцыпе, не можам. Гэта ўсё роўна, як прадчуваць, што думае жанчына. Жанчына сама часам не зможа адказаць, пра што яна думае. Як і кожны з нас.

ДЗІКІЯ Няма свойскай пчалы, уся пчала дзікая. Яна не прыручаная і не можа быць прыручаная, таму што не знае свайго гаспадара. Яна з лёгкасцю пакідае сваё жытло і ўцякае раіцца.

МІРНЫЯ Пчала зараз занадта мірная, спакойная, у адрозненне ад той пчалы, якая была раней, якая не давала так проста да сябе падысці і разрабаваць. Падысці было вельмі складана. Я думаю: гэтая пчала павінна вярнуцца, таму што да нас вярнуліся мядзведзі. А мядзведзі гэтую мірную пчалу проста з’ядуць.

ВЕРАСОВЫ МЁД Пчалярства – гэта праца для мужчын, таму што даводзіцца біць сябе малатком па пальцах або заганяць у далоні стрэмкі, ад якіх потым пальцы робяцца шаршавымі. Таму што трэба працаваць з цыркуляркай, дрэвам... А жаночыя рукі павінны быць далікатнымі. Таму не жаночая справа пчалярства. Я памятаю, што дымар бабуля распальвала ільнянымі анучамі. У мяне той пах стаіць у носе і зараз. Вашчыну прыносіла не ў аркушах, як зараз, а скруткамі. Увесь мёд пах неверагодна, ён пах верасам! Для мяне і сёння верасовы мёд – маё дзяцінства. У тыя 1960-70-я гады яшчэ не было ўсё так асушана і верас даваў шмат мёду.

РУХ Каля пчалы я навучыўся таму, што павінен рухацца, рабіць усё спешна, каб мець прадукт. За пчалой трэба паспяваць. Альбо яе штурхануць, каб яна таксама рухалася.

ПРЭМІЯ “Мядовую прэмію” я даваў годным сваім сябрам, па свайму рашэнню, без усякай згоды іншых, под юбілей некаторых паэтаў і пісьменнікаў. У мінулым годзе я прэмію не даў нікому, таму што быў праблемны год. Я даваў прэмію нават за межы Берасцейшчыны, напрыклад, Леаніду Галубовічу за дбайнасць пра Міколу Купрэева.

ЖЫВЫ Духоўная дасканаласць – глупства. Я якраз абсурдны і парадаксальны. У гэтым сэнсе, калі быць доктарам, гэта не значыць не рабіць болі. У мяне дасканаласці няма, таму што я магу прынесці боль, не думаючы пра тое, што гэты боль нехта можа не вытрымаць. Я часам бываю даволі безапеляцыйны. І мяне гэта бянтэжыць, і мне гэта не падабаецца, я потым перажываю. Часам думаю, што можна было нешта зрабіць іначай. Калі б я быў дасканалы, то не разважаў і не думаў, што нешта зрабіў няправільна. Я вельмі часта перажываю ад сваёй рэзкасці і нейкай прынцыповасці, часам неапраўданай. Думаю, усё-ткі можна было б сябе іначай весці, тым болей ва ўзросце пад 60 гадоў, а ў мяне па-ранейшаму яшчэ застаецца максімалізм, завышаныя патрабаванні. А потым думаеш: навошта такія завышаныя патрабаванні да іншых, калі і сам мог бы быць больш завышаным? Па мне дасканаласць – гэта смерць, скон. Я яшчэ жывы. Я яшчэ памыляюся і шукаю.

ВІНО Медавуху раблю абавязкова. Гэта мядовае віно. Яно цікавае тым, што дастаткова горкае, дастаткова кіслае, дастаткова салодкае. Усё разам! Усе смакі ў адным. Нашыя продкі пілі медавуху, і яны былі непераможныя. Калі мы сталі піць гарэлку, усё зрушылася. Я не аматар яе піць, але рабіць раблю і зрэдку выпіваю.

ВАР’ЯЦТВА Вершы практычна не пішу. Часам нейкія радкі варушацца, але я нават не нашу з сабой ні алоўка, ні паперы. Таму што, калі пачнеш пісаць – у некаторай ступені гэта вар’яцтва – потым ноч не зможаш спаць, цераз пару хвілін будзеш бегаць папраўляць слова, яшчэ слова, зноў радок... Мне першы зборнік у 99-м годзе дастаўся тым, што я два гады пчалярства пусціў на самацёк, у свабоднае плаванне, а гэта даволі складана і няпроста.

АДКРЫЦЦЁ Я не думаю, што зараз некага надта здзіўлю сваёй паэзіяй, я ўжо досыць чэрствы для паэзіі. І я даволі скептычна адношуся да паэзіі ў такім узросце, як мой. А да прозы я яшчэ не паспеў. Проза патрабуе значна больш часу і значна больш увагі. Калі я пражыву гадоў 90, магчыма, я да прозы звярнуся, а магчыма, не. Хто ведае? Я гэтага баюся і асцерагаюся, як і многія іншыя. Проста пісаць кожны дзень – можна пісаць, не праблема, рыфму плясці, радкі рыфмаваць – не праблема. Але для мяне матыў пісаць – гэта адкрыццё. Як у навуцы ёсць адкрыццё, так і ў паэзіі. Гэта знаходка! Гэта можа быць знаходка формы, вобраза, павароту, сэнсу – чаго заўгодна. ...Але таксама, бывае, адкідваеш! Прыйшло два-тры радкі, ведаеш: яны не дрэнныя, унікальныя, думаеш: “Ладна, яны нікуды не дзенуцца”. Але ў паэзіі так: нават адно слова з трох не там стане – і яе няма.

ДОН КІХОТ Дон Кіхот, які змагаўся з млынам. З рэчаіснасцю. Якая рухаецца сама па сабе. І ты спрабуеш яе змяніць, спыніць... Дзесьці я з гэтым згодзен. Гэта вялікая праўда, таму што мы часам пачынаем змагацца з тым, патрабаваць нешта тое, што не можа спыніцца – яно так рухаецца, так дзейнічае. Гэта факт. Мы не ўсё ведаем, што творыцца і дзеля чаго творыцца, і хто сябе неяк паводзіць, і чаму ён так паводзіць. І нават калі разумеем, то гэта спыніць не можам. Я нават магу разумець, што гэта млын, што ён небяспечны, але гэты млын я ўсё-ткі магу паспрабаваць спыніць.

НЕКТАР БАГОЎ Вядро мёду – гэта пуд, 16 кіло. І я даў дзесьці 16 “Мядовых прэмій”, пачынаючы з 2000 года. Не ведаю, ці буду далей іх даваць, але верагодна, што так. І гэтая прэмія ўжо ўвайшла ў гісторыю, таму што пуд сала ці мяса – гэта не тое, а ў сувязі з тым, што пчалярства мае вельмі вялікую гістарычную глебу і карані, “пуд мёду” гучыць здорава, прыемна. Гэта нават пацвердзіў Алесь Зайка, што “пуд мёду” – гучыць! Эстэтычна і ў той жа час смачна. Мы ж, бывае, гаворым пра духоўны мёд. Мёд – гэта нектар багоў. Ён [“Пуд мёду” – М.С.] паўнавартасна прагучаў, і мне прыемна, што больш нідзе ў свеце такой прэміі не даюць.

ЦЭЛАЕ “Пчала збівае крылы аб паветра” – гэта сапраўды так. Пчала памірае ад таго, што часам збівае крылы аб паветра, а авечкі паміраюць ад таго, што з’ядаюць зубы аб пясок... Я не падзяляю фізічнае і духоўнае, для мяне матэрыяльны і духоўны свет – адно цэлае. Сказана ж: пакуль я рухаюся, я існую . Рэальны свет – гэта проста здорава, усё астатняе – выдумкі і нейкая хімера, пустата. Мы тут павінны сябе рэалізоўваць і зрабіць усё, што можам.

УДЗЯЧНАСЦЬ “З удзячнасцю двукрылым спонсарам” я напісаў у першых радках зборніка. Таму што пчала мне дала шмат, як і я пчале аддаю сваё жыццё.

ДАСКАНАЛАСЦЬ І пчала, і чалавек аднолькава недасканалыя. Таму яны жывуць. Дасканаласць – гэта смерць. Яны ўніверсальныя, цікавыя, неверагодна пацешныя, але не дасканалыя. Можа прыйсці мядзведзь, з’есці рамкі і ўсё астатняе, а яна нават не стане бараніцца – момант, калі яна захопленая зборам нектару. Ці мы вывелі пчалу вельмі міралюбівую? Тое самае і чалавек: можа прыйсці нейкі нягоднік у хату і паставіць яго на калені. Чалавек потым думае: “А чаму я не зрабіў гэтае і тое?”.

ЗАКОНЫ ПРЫРОДЫ Падстаўляць другую шчаку – гэта мне пярэчыць. Я, магчыма, больш, чым добры хрысціянін: я павінен накарміць-напаіць і іншае, але, калі цябе спрабуюць стукнуць – ты павінен даць адпор. Я не прыймаю законы “добрых хрысціян”, таму што яны больш жорсткія, чым законы “вока за вока, зуб за зуб”. Больш жорсткія, таму што сказана (такое глупства не магло быць нават у Старым запавеце): ”Я прыйшоў аддзяліць дачку ад маці і сына ад бацькі” і “Хай мёртвыя хаваюць сваіх мёртвых”. Гэта значыць, хрысціянства прапаведуе разрыў культуры. Яшчэ: “Я вам прынес не мір, а меч”. Аддзяліць маці ад сваіх дзяцей – гэта больш жорстка, чым вока за вока, зуб за зуб. Тут разважаць нават няма пра што. Я магу дараваць нейкую аплявуху, калі яна заслужаная. Але калі цябе зневажаюць – ты павінен супраціўляцца. Я – прыродны чалавек. Я такі, як пчала, як расліна, як усе астатнія. І я ў гэтым сэнсе прымаю законы прыроды, а не хімеру.

ДУХ У маім жыцці мне трапіўся знак, які зараз выразаны на маёй пячатцы на камені. Гэта вогненныя стыхіі трох звяроў: галава льва, крылы пчалы, ногі каня. Гэта хімера невядомай назвы з Малой Азіі, з Персіі. Я не параўноўваю сябе з канкрэтнай жывёлай, а ёсць нейкі тайнапіс хімеры – спалучэнне розных звяроў. Леў павінен мець адвагу, конь павінен быць хуткім (нават майго дзядьку Папеку адзначаюць, што ён на месцы не сядзіць, а ўвесь час бегае, рухаецца). Рух – гэта жыццё, рух – гэта дух. Слова “рух” з арабскае мовы перакладаецца як дух. Пакуль я рухаюся, я існую.

БЫЦЬ ЧАЛАВЕКАМ Самае складанае ў жыцці – быць чалавекам. Таму што чалавек вельмі шмат робіць шкоды. Жадаючы ці не жадаючы. І дабра. Лягчэй быць ваўком, каровай, канём.

СПРАВЯДЛІВАСЦЬ У жыцці галоўнае быць справядлівым. А гэта складаней, чым стаць мудрым. Мудрым быць даволі проста. Паступаць у жыцці правільна – гэта самае складанае. І ўсё роўна, ты гэтага не дасягнеш, таму што нават калі ты паступіш правільна – гэта будзе балюча, няправільна – таксама. Табе, можа, потым скажуць “дзякуй”, і ты, можа, скажаш “дзякуй”, але страта бу

дзе ўсё роўна.

СПАБОРНІЦТВА Паэтам становяцца, ніхто ім не нараджаецца. Бясспрэчна, гены бацькі, маці ўплываюць. Але ў дадзеным выпадку ўплываюць не столькі гены, колькі гісторыя жыцця, матэрыялізацыя іхняга жыцця да твайго нараджэння. Тваё нараджэнне таксама ўплывае: тое, што кажа бацька, голас бацькі, тэмбр ягонага голасу. Дзядзькі, бабулі, маці, нейкія неверагодныя захапленні маці, гісторыя, супрацьстаянне, міфы, казкі, выдумкі, праўды-няпраўды, свае нейкія выдумкі, светабудова – яны пачынаюць уплываць... Але адно з самых асноўных момантаў – гэта спаборніцтва, жаданне пераўзысці самога сябе і пераўзысці іншага. Калі гэтага не будзе – не будзе літаратуры і паэзіі.

Самае страшнае, што зараз спаборніцтва перайшло ў жаданне напіцца: хто больш вып’е, хто хутчэй памрэ ад гарэлкі. Гэта дрэннае спаборніцтва. Здаць макулатуру, металалом – такія рэчы здаюць, што за галаву возьмешся! – толькі каб выпіць.

Спаборніцтва ўзнікае са здаровага сэнсу. Мужчына хоча апрацаваць поле лепш, чым іншыя; паставіць прыгажэйшы, чым у іншых, стог; ён хоча зрабіць лепшы хлеў; купіць лепшую машыну... Людзі, як малпы, стараюцца адзін перад другім. Між тым гэта здаровае спаборніцтва. І калі яно ёсць – усё выдатна. Канешне, яно часам і нішчыць чалавека. А для таго павінны з’яўляцца людзі, якія спаборнічаюць у думках, што рабіць і як рабіць.

РОЗУМ Мы ў рэшце рэшт вылучаныя з гэтай прыроды, каб адказваць за яе. Мы пакліканыя прыродай як розум, і мы павінны мысліць, што мы творым і што рабіць.

СМАК Чалавек вызначаеца не розумам, а смакам. Розум чалавека больш магутны, чым усе кампутары свету разам узятыя ці асобны кампутар. А смаку ў кампутары ніколі не будзе. А ў чалавека смак ёсць: на прадукты, на думку, на паэзію. І мы часам гаворым: “не маеш густу”, “маю густ”, “дрэнны густ”, “добры густ”. Чалавек – гэта смакавая істота. І ў гэтым сэнсе смакавасць больш вызначальная, чым розум. Таму што розум халодны, а смак – ён жывы. Розум – гэта вельмі жорсткі інструмент.

Запісаў Мікалай СІНКЕВІЧ

Фота аўтара

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599