Массово-политическая газета Березовского района

Францыск Скарына – наш гонар, мінулае і будучыня

43
Опубликовано,
26 августа 2017

У Бярозе годна і ўрачыста адзначаюць шаноўны юбілей выхаду першай кнігі  на старабеларускай мове “Псалтыр”, надрукаванай Францыскам Скарынам у Празе ў 1517 годзе. 

Арганізатарам духоўна-асветніцкага фэсту “500 год беларускай Бібліі” выступіла Царква хрысціян веры евангельскай. Правесці святкаванне юбілею, істотнага для кожнага cвядомага  беларуса, дапамагалі прадстаўнікі і іншых хрысціянскіх канфесій. На пляцоўцы каля ДзЮСЭЦ прысутнічала больш за дзве сотні гледачоў. Адзначыць слынную дату прыехалі госці з многіх рэгіёнаў Беларусі. З пранікнёнай прадмовай выступіў пастар Царквы хрысціян веры евангельскай М. А. Аліферчык. Ён адзначыў, што Францыск Скарына яшчэ  ў 1517 годзе  адкрыў шлях простаму народу да Ісуса Хрыста, які з’яўляецца галоўнай асобай Святога Пісання. Мікалай Аляксандравіч падкрэсліў той факт, што  Біблія на нацыянальнай мове дайшла да беларусаў раней, чым да многіх іншых народаў. І, насамрэч, калі звярнуцца да гісторыі, то многіх можа здзівіць, што нават англічане ў той час не мелі Бібліі на сваёй роднай мове. Чытанне Святога Пісання ў перакладзе Джона Уікліфа, выдадзенага напрыканцы XIV стагоддзя, адразу было строга забаронена і падвергнута царкоўнаму праклёну, а кнігі знішчаны. Толькі дзякуючы перакладчыку-рэфарматару Уільяму Цындалу англічане атрымалі Біблію ў 1525 годзе, што на восем гадоў пазней, чым беларусы. За гэта Цындал быў арыштаваны і спалены на кастры, а на кнігу накладзены праклён. У сярэднявеччы панавала канцэпцыя сакральнага тэксту і сакральнай мовы, якімі лічыліся біблейскі іўрыт і грэчаская мова.  Царква не прывячала пераклады Бібліі на мову паўсядзённых зносін. Тым не менш перадавыя еўрапейскія мысліцелі час ад часу прадпрымалі спробы разбурыць бар’ер паміж словам Боскім і мовай простага чалавека. Такім наватарам для ўсходніх славян стаў і Францыск Скарына, які яшчэ ў эпоху Адраджэння падараваў беларусам першую Біблію для дамашняга чытання. Дзякуючы гэтаму далучыў нашых продкаў да Боскай ісціны, да сусветнай культуры, да вечнай, невычэрпнай мудрасці.

Святое Пісанне, можна сказаць, з’яўляецца генетычным кодам культуры. Прыемна, што на свяце нашай “500-годнасці” многа дзяцей і моладзі мелі магчымасць адчуць гонар за нашага славутага земляка. Такія мерапрыемствы маюць вялікае значэнне для выхавання маладога пакалення і фарміравання ў яго нацыянальнай самасвядомасці. Духоўна-асветніцкі праект “500 год беларускай Бібліі” пакінуў значнае ўражанне ў сэрцы ўсіх, хто прысутнічаў на фэсце. Каля дзвюх гадзін працягваўся ўрачысты канцэрт, прысвечаны подзвігу беларускага кнігадрукара. На цудоўнай беларускай мове знаёміў гасцей з духоўным рэпертуарам вядучы Аляксей Смірноў, пастар баранавіцкай Царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў . На роднай мове беларусаў гучала і большасць песень, выкананых на высокім прафесійным узроўні. Цяжка было паверыць, што самадзейныя артысты, якія дзяліліся сваёй творчасцю з гледачамі, не з’яўляюцца прафесійнымі выканаўцамі. Асабліва ўразіў сваім майстэрствам і рэпертуарам духоўны хор Царквы хрысціян веры евангельскай і музычны гурт. Высокі ўзровень прадэманстравалі салісты Аляксандр і Наталля Шыманскія, Жана Дацук, Тамара Джыгіла, Ганна Шульган, Аляксандр і Андрэй  Шылінец. Гледачы пранікнёна слухалі аўтарскія песні Алёны Шыманскай, Аліны Джыгіла.У канцэрце прымалі ўдзел і спевакі баранавіцкай царквы Іна Шынкарук і Алеся Амбраджэй. Беларускае слова годна гучала на бярозаўскай зямлі. За асветніцкую дзейнасць  арганізатары атрымалі падзяку ад Саюза беларускіх пісьменнікаў і грамадска-культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі”, якія на працягу года таксама актыўна праводзяць у нашай краіне культурніцкі праект “500-годнасць”, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання.  Такія святкаванні не толькі падкрэсліваюць наш нацыянальны гонар, але і садзейнічаюць росту духоўнасці, даючы новы імпульс вывучэнню Святога Пісання. Біблія – напамін нам усім пра Боскі пачатак у чалавеку.

Валянціна ОСІПАВА, г. Бяроза.

Оставьте свой комментарий