Массово-политическая газета Березовского района

Гістарычныя сімвалы горада над Ясельдай

130
Опубликовано,
22 апреля 2017
Мы шмат і ведаем, і помнім
Падзей, раскрытых да драбніц.
Але твой лёс і сёння повен
Неразгаданых таямніц.
Ніл ГІЛЕВІЧ.
 

Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей зноў прымаў шматлікіх гасцей, і гэта была ўжо другая сустрэча з цыкла музейных вечароў “Горад у панараме стагоддзяў”, прысвечаная юбілею Бярозы – яе 540-годдзю.

Безумоўна, галоўнай гістарычнай святыняй нашага райцэнтра з’яўляецца картэзіянскі манастыр. Напачатку наведвальнікаў запрасілі на фотавыставу ”Вялікая Картузія”, дзе ўсе з цікавасцю праслухалі падрабязны расказ супрацоўнікаў музея аб гісторыі заснавання ордэна картузаў і яго з’яўлення на бярозаўскай зямлі. А далей гасцей вечара чакала тэатралізаваная вандроўка ў эпоху сярэдніх вякоў. І правялі яе ”Ян і Барбара Гамшэі” – першыя ўладары Бярозы. Іх з’яўленне стала сапраўднай інтрыгай вечара-экскурса “Гістарычныя сімвалы горада над Ясельдай”. Прысутныя як бы апынуліся ў тым далёкім XV стагоддзі – такімі сапраўднымі былі  касцюмы і пераўвасабленне акцёраў.

Уважліва слухалі госці вечара цікавыя легенды аб узнікненні нашага горада.  Вельмі ўдала была праведзена прэзентацыя новага праекта – віртуальнага музея кляштара картэзіянцаў. Дарэчы, гэты новы інфармацыйны праект адзначаны трэцім месцам у рэспубліцы ў намінацыі “За лепшы музейны праект”. Багатая гісторыя нашага краю заўсёды давала штуршок да паэтычнай творчасці.  Вельмі прыхільна былі сустрэты вершы ў выкананні аўтара, вядомай бярозаўскай паэтэсы Маргарыты Гаравой (на здымку), прысвечаныя роднаму гораду і картэзіянскаму манастыру.

Арганізатарамі мерапрыемства было прадумана ўсё да драбніц. Таму столькі і займальнага, і пазнавальнага даў гэты вечар у музеі. Незабыўнае ўражанне пакінула дэманстрацыя фільма “Вялікая цішыня” пра дзеючы манастыр ордэна картузаў на тэрыторыі Францыі.  Жадаючых сфатаграфавацца з “першымі ўладальнікамі” Бярозы, апрануць касцюм з сярэднявечча было шмат. Асабліва прыемна, што гэта мерапрыемства не засталося па-за ўвагай кіраўніцтва раёна. Нягледзячы на занятасць, на свяце прысутнічаў старшыня Бярозаўскага райвыканкама Леанід Аляксеевіч Мартынюк.

Закончыўся вечар-экскурс дэгустацыяй страў “Манастырскай трапезнай”. І па іх назвах можна меркаваць, што ў нашым горадзе з павагай адносяцца да сваёй гісторыі. Госці вечарыны мелі магчымасць паспрабаваць сыры  ”Монастырский двор” і “Купеческий”, хлеб ”Картузіянскі” і каўбасу “Шляхецкую”. На прапанову музея прадставіць сваю прадукцыю ахвотна адгукнуліся ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” і ВУП “Бярозаўскі камбінат кааператыўнай прамысловасці”. Наогул, дзякуючы руплівасці супрацоўнікаў музея, іх стараннай, удумлівай працы і творчаму пошуку, арганізаваныя імі мерапрыемствы праходзяць на высокім узроўні. 

Мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, па той цікавасці, якая была праяўлена падчас свята, павазе прысутных да  намаганняў нашых музейшчыкаў, думаецца, што кожны з нас салідарны з паэтам, які сказаў:

Забыцца, Божа, барані
Свой край,свой кут зялёны.
Каб не засохлі карані,
Каб не завялі кроны.
 

Верыцца, што кронам гісторыі горада на Ясельдзе толькі зелянець і красавацца…

Галіна ХАЛІМОНЧЫК, г. Бяроза.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

P.S. Супрацоўнікі музея запрашаюць жыхароў і гасцей Бярозаўшчыны ў сераду 26 красавіка ў 17.30 у “Галерэю мастацтваў” на вечар знаўцаў народных традыцый “Абярэгі бярозаўскай зямлі як сімвал шчасця, багацця і дабрабыту”. Вас чакаюць цікавыя звесткі аб прадметах, якія маюць чароўную сілу, майстар-класы па завязванню наміткі, вырабу шчэпавай птушкі і абрадавай лялькі з тканіны, этнаграфічна-пазнавальная гульня “Ці ведаеце вы гэтыя рэчы?”, смачныя “Бабуліны гасцінцы”, выстава выцінанкі і старадаўнія танцы на пацеху. Уваход свабодны.

Оставьте свой комментарий