Массово-политическая газета Березовского района

Каб прайсці яе сцежкамі

124
Опубликовано,
27 сентября 2017

Штогод 20 верасня жыхарам Белаазёрска шчасціць на сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, якія прыязжаюць у наш горад, каб згадаць сваю сяброўку, паэтку Ніну Мацяш, прайсці яе сцежкамі, падыхаць яе паветрам, напоўніцца яе духоўнай сілай, агучыць яе неўміручае слова.

Сёлета паэтычнае свята “Бабіна лета” вітала паэтаў Анатоля Вярцінскага, Раісу Баравікову, Алеся Камоцкага, Віку Трэнас, Алеся Пашкевіча і інш. Паэтычная вечарына, як заўжды, мела сваю тэматыку – у гэтым годзе ў цэнтры ўвагі была духоўная паэзія Ніны Мацяш.

Сапраўды, пошукі сэнсу жыцця заўсёды суправаджалі паэтку. Моцная туга па Гармоніі і Красе ў асабістай душы, выкліканая хваробай, што абмежавала вялікі свет чатырма сценамі і рабочым сталом, прывялі паэтку да ўсведамлення, што Гармонія не даецца чалавеку са знешняга свету, а набываецца праз уласныя пакуты, расчараванні, боль і самаачышчэнне.

Хто я? Дзеля чаго прыйшла? Што скажу людзям і ці патрэбна ім маё слова? З чым пайду? Пытанні, адказы на якія далі паэтцы разуменне сэнсу жыцця і мастацтва.

Сэнс мастацтва, па словах Ніны Мацяш, у тым, каб дапамагчы кожнаму з нас шукаць і знаходзіць сваё шчасце, бо менавіта асобныя шчасці і ствараюць агульнае людское.

Ніна Мацяш, застаючыся вернай жыццю і свайму лёсу, несправядліваму, невытлумачальнаму, становіцца багатай духоўна. З зярнятка душэўнага выспеў колас духоўнага. Разамкнёныя паэткай зямныя далягляды, удзячнасць Творцу за дар жыцця, прымірэнне з непазбежнымі стратамі, хваробамі, проста няўдачамі, цярпенне, трывучасць – ці не галоўнае, што набывала гэта жанчына з дня ў дзень?

І ёй за ўменне авалодваць навукай трывання Бог даў унутранае веданне – упэўненасць: адзіна апраўданы, магчымы спосаб існавання пад небам – множыць дабро, не адкладаць на потым кожны парыў міласэрнасці, добрае слова, добрую справу.

Тыя, хто ўжо знаёмы з паэзіяй Ніны Мацяш, ведаюць, што яе паэзія невычэрпная! Яна – слугаванне роднаму Слову і праз яго далучэнне беларусаў да скарбаў сусветнага мастацтва. Яна – роздум пра лёс Радзімы, любага сэрцу краю, лёс роднай мовы. Яна – пра чалавека і Сусвет, пра моц духу творчай асобы, пра людскае ў чалавеку.

Уменне паэткі даражыць раднёй па духу, імкненне паяднаць, парадніць, падтрымаць сваю сябрыну – адна з найбольш адметных рыс асобы паэткі, якая прачытваецца ў яе вершах.

На свяце паэзіі ў выкананні вучняў гімназіі і сярэдняй школы №3 г. Белаазёрска, ліцэя №2 г. Мінска прагучалі вершы Ніны Мацяш, у якіх асабліва моцна гучаць духоўныя разважанні, пытанні і адказы.

Гранічная шчырасць у лістах да сяброў, спавядальнасць словам паэзіі былі для Ніны Язэпаўны пакаяннем і ачышчэннем.

З ліста да Галіны Тварановіч ад 23 жніўня 1995 года: “Я шчаслівая і шчыра дзячу Богу за ўсе выпрабаванні: без іх ці мела б я такіх сяброў і сябровак? Ад хваробы я ўжо даўно не пакутую, хоць фізічная залежнасць ад чужой сілы і настрою почасту дапякае. …Як жыць, калі рэчаіснасць выдзірае навонкі душы самыя цёмныя пачуцці? Ды так: перамагаючы іх, таймуючы, нейтралізуючы іх. Гнеў ці бывае праведны? Ці можа ён ствараць? Не можа. Стваральны толькі светлы ўздым…”

Эмануіл Кант некалі гаварыў пра два цуды, якія існуюць у свеце: зорнае неба над галавой і маральны закон унутры нас. Гэты апошні прысутнічае ў жыцці і паэзіі Ніны Мацяш як унутраны закон існавання, як спосаб парадкаваць свой духоўны свет, вызваляць яго ад мізэрнага, дробязнага, наноснага, выстройваць свой духоўны космас паводле вышэйшых чалавечых і Боскіх цнотаў і дабрачыннасцяў.

Вось духоўныя выслоўі Ніны Мацяш, якія сталі афарызмамі:

“Мой посах – слова, …Радзіма – боль.

Іду і шукаю прычыны для радасці”.

 

“Аддавайся жыццю светланосна!”

 

“Бойся спазніцца са словам харошым,

Бойся спазніцца з харошым учынкам”.

 

“Жыццё – заўжды іспыт на мужнасць,

Яе ж не возьмеш напракат”.

 

“Між людзей быць не можа старонняга болю”.

 

“О, боязь за другога чалавека!

Адна ты робіш чалавека з нас!”

 

“Хацела аднаго ад долі –

Душою з небам гаварыць”.

Гэта даволі суровы маральны і аскетычны Статут асобы Ніны Мацяш, які акрэслівае яе ідэалы, пэўны напрамак яе руху і духоўнага ўзыходжання. Кіруючыся ім, Ніне Мацяш удалося пагадзіць хваробу і яе пераадоленне, аскетызм затворніцы і чалавечую адкрытасць, манастыр і свет, зямное і боскае.

Тамара КУЗНЯЦОВА, загадчыца Белаазёрскай гарадской бібліятэкі імя Ніны Мацяш.

Оставьте свой комментарий