Массово-политическая газета Березовского района

На свята ў Полацк

51
Опубликовано,
09 сентября 2017

Другога-трэцяга верасня літаратары Беларусі і творчыя госці са шматлікіх краін з'ехаліся ў старажытны Полацк на традыцыйнае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства, каб дакрануцца душой і сэрцам да глыбокай беларускай мінуўшчыны, роднай гісторыі, да святыняў полацкай зямлі. Свята беларускага пісьменства пад купалам духоўнай спадчыны аб'яднала светлыя думкі і імкненні ўсіх беларусаў і гасцей нашай краіны.

Маладая паэтка Алёна Папко (на здымку каля мікрафона) з Бярозы прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемствах у складзе дэлегацыі  Брэсцкага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Сустрэча з полацкай зямлёй пачалася з найгалоўнай народнай крыніцы духоўнасці Спаса-Ефрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра. Наведаўшы Полацкую раённую бібліятэку, літаратары Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі перадалі ў яе фонд зборнікі паэзіі, прозы, перакладаў, аўтарскія выданні і іншыя падарункі.

Пасля чаго Брэсцкая дэлегацыя стала сведкам яшчэ адной значнай падзеі – урачыстага  шэсця ў гонар Дня горада Полацка, якому  сёлета споўнілася 1155 гадоў.

Прадстаўнікі  брэсцкай творчай суполкі мелі магчымасць далучыцца да круглага стала “Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы” з удзелам прадстаўнікоў адзінаццаці краін свету і выступіць на галоўных пляцоўках фестывалю кнігі і прэсы.

Краязнаўца, журналіст, публіцыст, празаік Анатоль Бензярук з Жабінкі правёў займальную пазнавальную праграму для дзяцей у павільёне “Добрую кнігу – дзецям”; паэты   Андрэй Мазько з Лунінца, Алёна Папко з Бярозы, Вячаслаў Бельцюкоў, Любоў Красеўская, Георгій Тамашэвіч з Брэста, празаікі  Наталля Касцюк з Кобрына, Анатоль Дзенісейка з Іванава  сабралі слухачоў на пляцоўцы “Слова пісьменніка”.

Павіншаваць берасцейцаў са святам прыйшоў намеснік старшыні праўлення СПБ Анатоль Крэйдзіч.

Экскурсійная вячэрняя праграма таксама была насычанай. За гэты час брастаўчанам пашчасціла наведаць Музей беларускага кнігадрукавання,   Сафійскі сабор, пабыць ля Барысава каменя і папрысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства на плошчы Свабоды з удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, майстраў мастацтваў і самадзейных калектываў.

Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ , старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Оставьте свой комментарий