Массово-политическая газета Березовского района

Напісанае застаецца ўдзячным нашчадкам

44
Опубликовано,
11 января 2018

Вельмі прыемныя ўражанні засталіся ад цудоўнай сустрэчы з паэзіяй, якая адбылася ў Белаазёрскай гарадской бібліятэцы ў гонар славутай зямлячкі Ніны Мацяш, чыё імя носіць гэта  ўстанова. 19 снежня, дзевяць год таму, вядомая наша паэтка адышла ў небыццё. Ушанаваць памяць слыннай зямлячкі завіталі да нас яе сябры, таксама паэткі Людміла Паўлікава-Хейдарава і Валянціна Осіпава.

Вялікая прыхільніца таленту Ніны Язэпаўны, загадчыца бібліятэкі Т.А. Кузняцова, якая заўсёды захапляе слухачоў майстэрствам дэкламавання па памяці твораў паэткі, і гэта мера-прыемства распачала з яскравага чытання верша «Памру, забудуць хутка...» І такім чынам прыцягнула ўвагу аўдыторыі, настроіўшы ўсіх на паэтычны лад. Тамара Аляксандраўна адзначыла, што Ніны Мацяш няма з намі, але ў той жа час яна побач, бо ідэалы духоўнасці чалавека, з якімі ён ідзе па жыцці, адлюстроўваюцца ў яго думках, размове. А паэтка пакінула нам у спадчыну сваю творчасць, яе словы моцна гучаць зараз, як і раней, бо ў іх яе роздум аб вечных чалавечых турботах.

Людміла Паўлікава-Хейдарава, матэматык па адукацыі, канструктар па прафесіі, паэтка па жыцці, лаўрэат прэміі імя Арка-дзя Куляшова, аўтарка дзевяці паэтычных зборнікаў, якая зараз працуе на тэлебачанні, выказала думку, што ў беларусаў ёсць права ганарыцца сваёй сучаснай паэзіяй, якая прадстаўлена выдатнымі аўтарамі, і сярод іх пачэснае месца займае Ніна Мацяш. Яе творы знаходзяць добры водгук і павагу ў сэрцы чытачоў. Сталічная паэтка па-знаёміла ўдзельнікаў сустрэчы са сваімі вершамі. Глыбокай змястоўнасцю прыцягнуў увагу адзін з іх – «Тры спадарожніцы». Аўтарка ўпэўнена: калі па жыцці ісці згодна з ідэаламі, якія прапаведуюць спадарожніцы Дзева Марыя, Еўфрасіння Полацкая і Радзіма, людзі дасягнуць вяршынь ва ўсім. У вершы «Сумленне веры» яна прызывае чытачоў навучыцца мудрасці, каб дасягнуць чысціні, якая павінна быць унутры кожнага. Захапіў верш «Максімава крыніца», прысвечаны ўдзячнай нязгаснай памяці нашчадкаў аб сусветна вядомым паэце Максіме Багдановічу. Аўтарка прачытала некалькі сваіх вершаў пра каханне, бо, на яе думку, без кахання не можа існаваць усё, што ёсць на гэтым свеце.

Увогуле паэтка Паўлікава-Хейдарава, моцная прапаведніца роднай мовы і пачэсная патрыётка Радзімы, упэўніла слухачоў, што мы, беларусы, вялікая нацыя, і наша мова  гучная ва ўсім свеце, таму гэтым трэба ганарыцца.

Яе падтрымала бярозаўская паэтка Валянціна Осіпава, адзначыўшы, што слынная дата 500-годдзя беларускага кніга-друкавання – гэта вельмі значная асветніцкая, культурная і навуковая з’ява на славянскіх землях. Паэтка падкрэсліла, што Ніна Мацяш – духоўна блізкі ёй чалавек. Аўтарка прачытала верш, прысвечаны ўвогуле паэтам, каб удакладніць ролю нашай славутай зямлячкі ў беларускай паэзіі. Осіпава ўпэўнена, што нездарма ўсе вякі нараджаюць паэтаў, людзей, у якіх да неба прыхільнасць мацней за прыцягненне зямное, і таму ў сэрцы іх існуе любоў да ўсіх і ўсяго, што ёсць на прасторы свету. Менавіта ўсё гэта адпавядала нашай Ніне Язэпаўне. Осіпава таксама пазнаёміла з некалькімі сваімі творамі. Асаб-ліва кранулі яе вершы «Калыханка», «Бацькоўская хата», а таксама вершы аб каханні.

У мэтах заахвоціць слухачоў у пашырэнні ведаў аб роднай мове і беларускіх пісьменніках паэткі правялі літаратурную віктарыну і прэзентавалі пераможцам у ёй кнігі баларускіх аўтараў, паштоўкі і значкі з беларускай сімволікай.

Удзельнік сустрэчы жыхар г. Белаазёрска Л.І. Сцяпурка прапанаваў назваць адну з вуліц горада імем Ніны Мацяш. Усе з гэтым пагадзіліся. Дарэчы, у г. Бярозе такая вуліца ўжо ёсць, на ёй будуюць свае дамы маладыя сем’і.

І зноў гучаў у выкананні Кузняцовай верш выдатнай нашай зямлячкі «Песня ў цярноўніку», які нагадаў усім аб сэнсе жыцця. Сустрэча прайшла на высокім духоўным уздыме і вы-клікала пачуццё гонару за нашых паэтаў, нашу родную мову, за нашу любую краіну. 

Людміла ШАМЯЦІЛА, г. Белаазёрск.

Оставьте свой комментарий