Массово-политическая газета Березовского района

Парадніца

103
Опубликовано,
20 сентября 2017

Яшчэ з дзяцінства ведала: так многа радасці ў маім жыцці! Гэта ўпэўненасць ад бацькоў, ад бабуль з дзядулямі, ад настаўнікаў і сяброў, ад людзей, што побач са мною. А пра сваё знаёмства з вялікай Парадніцай расказваю ўсім і веру, што для тых, хто пра яе пачуе, стане ласкавай непагадзь, цёплым халодны дождж, радасцю ўсё, што адбываецца з намі… У ліцэі ўпершыню ўзяла ў рукі дзіўную кніжачку.  Дзіўную не толькі таму, што яна мае прыгожую назву “Парадніца”, а хутчэй таму, што зроблена самімі ліцэістамі…

Хто ж ты, мая Парадніца? Які твой лёс? Чаму так узяла за душу? Тваё пакліканне высокае! Твае пытанні: што ўдаецца сказаць людзям, ці трэба ім гэта слова, што пакіну пасля сябе? – моцна ўзрушылі, акрылілі і падштурхнулі да вызначэння мэты майго жыцця. Твае расчараванні, пакуты, роспач, боль выліліся ў Мудрасць, Адказнасць, Красу і Гармонію, і Ты стала духоўна наталяць нас і дапамагаць шукаць сваё шчасце. Ты сапраўдная асветніца: пакінула так многа матэрыяльна-духоўных падарункаў нам! Магчыма, ніхто з нас не стане такім таленавітым і вядомым, як ты, але ўсе, хто спрычыніцца да Твайго жыцця і Тваёй творчасці, створаць свой духоўны манастыр, як гэта зрабіла Ты, і вызначаць свае шляхі любові. Разуменне Тваіх вытокаў Таленту і Духу дазволіць нам не толькі любіць сваіх бацькоў, у хаце якіх так «соладка спіцца», наталяцца роднымі краявідамі, у якіх так многа «сонца пасля ліўня», дзе «дажджынка коціцца па яблыку» і не гіне, а зрываецца ў нашы далоні, каб паказаць, як многа ўсяго ў ёй. Гэта разуменне дазволіць не толькі быць руплівымі, гаспадарлівымі, як тыя пчолы з Твайго вулея, бо «толькі ля вулля з сям’ёю пчалінай лепіш соты гармоніі між сабою і светам», але і шчыраваць для сваёй Бацькаўшчыны і любіць яе ўсёй душою, як і сваіх бацькоў, шчыраваць так, каб станавілася «сэрцу соладка» ад слоў Беларусь і беларус. Тваё ўменне абстрагавацца ад матэрыяльнага, паглыбіцца ў духоўнае навучае і нас працаваць са сваёй душою, ачышчаць яе ад усякага бруду, напаўняць святлом, бо Твае словы «душа ў такой аддалечы лунае, куды зямное смецце не сягне» не могуць не прымусіць гэтага зрабіць!

Мая дарагая Парадніца! Я пабывала пакуль што толькі ў тваім горадзе Белаазёрску і ў бібліятэцы, якая носіць Тваё імя.  І маю за гонар сказаць, што пазнаёмілася з Тваімі блізкімі сяброўкамі і радзінай. Даруй мне, але я ўжо паспела пачытаць Твае пісьмы сябрыне. Мяне ўразіла, што Ты мала скардзішся, мала наракаеш, а наадварот, дзякуеш Богу за ўсе выпрабаванні, радуешся і шчодра дзелішся ўсім, што маеш, дзякуеш сваім сябрам.

Трымала ў руках Тваю пёркаграфію. Захапляліся ёю і мае сябры. Заплюшчваю вочы – і бачу створаныя Табою шэдэўры. Так хочацца, каб убачылі гэту прыгажосць усе! Як і той букет, які Ты збірала так доўга і які не страціў без Цябе ніводнай красачкі і ніводнай фарбачкі.   Ці не час, дзякуючы Табе, пачытаць па-беларуску ў Тваім перакладзе французскіх, польскіх і ўкраінскіх паэтаў і пісьменнікаў? А можа, і паслухаць? Я слухала. “Марусю Чурай”. У тэатры “Зніч”. Слухала і Твой голас.

Вельмі чакала адзінаццатага класа. Настаўніца казала, што для дадатковага чытання прапаноўваецца і Твой зборнік. Чакаю не для таго, каб прачытаць, бо я яго ўжо прачытала і яшчэ буду чытаць не раз, а каб прачыталі ўсе мае аднакласнікі, усе вучні нашага ліцэя. Гэта больш за чатырыста чалавек! І ўсе будуць ведаць пра Цябе, і ніхто не застанецца абыякавым! І будзем ганарыцца, што Беларусь мае, як сказаў Ніл Гілевіч, “прыгожую ў матчыным слове ад Бога паэтку! Нязломную духам вялікапакутніцу ў Бога! Заступніцу і абаронцу Любові, Святла, Дабрыні!”

Пішу гэтыя радкі і разумею, што Ты адляцела ў вырай. А ў Тваім паэтычным садзе засталіся квітнець “залатыя жыткі ды вяргіні” – такія моцныя, надзейныя і сонечныя кветкі. Засталіся для нас… І калі мы бачым гэту прыгажосць, гэтыя дзівосы, то не сумняваемся, што прырода сапраўды “ўзяла Тваю жытку за ўзор”.

Цяпер пачынаю разумець, што можна жыць у радасці і праз немач, і праз боль, бо бывае так, што іншага шляху няма. Як бы ні было, буду заўсёды “ісці і шукаць прычыны для радасці”, “буду аддавацца жыццю светланосна”, як Ты і раіш. Ты ж Парадніца! А ў мяне цэлая кніжка Тваіх парад!

Алена ЛУКАШЭВІЧ, вучаніца ДУА «Ліцэй №2 г. Мінска».

Оставьте свой комментарий