Массово-политическая газета Березовского района

Скарынавы вытокі

58
Опубликовано,
06 августа 2017

6 жніўня 1517 года Францыск Скарына ў Празе надрукаваў «Псалтыр» у перакладзе на старабеларускую мову, які стаў першым выданнем у гісторыі нацыянальнага і ўсходне-славянскага кнігадрукавання.

I.
Жніво ў разгары – жнівень...
I пяць вякоў таму,
Калі Францыск Скарынін
Даў слову шлях свайму.
I загучала МОВА
Спрадвечнаю душой,
Нябеснаю аховай
I шчырасцю сваёй.
На шлях дзяржаўны выйшаў,
На роднасны абшар
Са словам усявышнім:
ФРАНЦЫСК-ПЕРШАДРУКАР!
I кнігі акрылілі,
Адкрылі далягляд,
Нашчадкам падарылі
Святочны зарапад.
Прыгожае пісьменства,
Як памяць даўніх дзён,
3 якім мы ад маленства
3 эпохай рэй вядзём.
 
II.
– Якія мы?.. Як многа?..
– Адкуль наш шлях ідзе?..
Няпростаю дарогай
Гісторыя вядзе.
Магутнай былі сілай
Жыцця дрыгавічы...
Дзянніца. Зніч. Ярыла.
Ліцвіны. Крывічы...
Пад сонцам і дажджамі
Далёкі час праплыў,
Сівая памяць з намі
I векавы матыў.
У роздуме Рагнеда
І бацька Рагвалод...
Набегі зноў суседаў –
Ў пагрозе княжы род.
Ды Полацк і славянства
Радзіму збераглі
Адзінствам хрысціянства
I вернасцю зямлі.
На роднай мове кніжнай
Святы чытаўся змест...
I будзе час Нясвіжа,
I будуць Вільня, Брэст...
 
III.
Здзіўлялася Еўропа:
«Адкуль ПЕРШАДРУКАР?..»
Вучонасцю Скарына
Уславіў Белы край.
Ад мора і да мора
Ягоны шлях пралёг,
А Полацка прасторы
Ён у душы збярог.
Вядзецца так спрадвеку:
Спраў добрых – вечны след,
Як многа чалавека,
Калі ў душы сусвет
Любові і спагады,
I дзейснай дабрыні,
Гармоніі і ладу
Без плётак і хлусні.
Скарынавы высновы –
Сыноўняя любоў
Да матчынага слова,
Да родных каранёў.
I з кожным новым крокам
Ты ў сэрца зазірні:
Скарынавы вытокі –
Падмурак вышыні.
 
Георгій Тамашэвіч, г. Брэст

Оставьте свой комментарий