Массово-политическая газета Березовского района

Спадчына Францыска Скарыны

78
Опубликовано,
12 августа 2017

6 жніўня 1517 года адбылася знакавая падзея ў гісторыі Беларусі  –  у чэшскай Празе выйшла ў свет першая друкаваная кніга Францыска Скарыны на старабеларускай мове “Псалтыр”.

Менавіта з гэтай даты бярэ свой пачатак эпоха беларускага кнігадрукавання, 500-годдзе якога шырока адзначаецца ў 2017 годзе. Сёння нельга пераацаніць выключную каштоўнасць спадчыны славутага земляка, выдатнага асветніка і гуманіста для еўрапейскай культуры ў цэлым. 

З нагоды паўтысячагадовага юбілею Скарынавай кнігі бібліятэкі Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы прапануюць чытачам  розных узроставых катэгорый шэраг змястоўных мерапрыемстваў, прысвечаных дзейнасці і творчасці першадрукара, вядомым гістарычным асобам, якія стаялі ля вытокаў станаўлення нацыянальнай мовы і літаратуры. Інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны, бібліятэчныя ўрокі, літаратурныя падарожжы, медыяпрэзентацыі, віктарыны, агляды літаратуры будуць ладзіцца ў бібліятэках Бярозаўшчыны ў жніўні і верасні. 

Традыцыйнае вераснёўскае раённае літаратурна-асветніцкае свята, прымеркаванае да Дня беларускага пісьменства і друку і Дня бібліятэк, аб’яднае ўсіх, хто любіць беларускую кнігу, захоўвае нацыянальную культуру, традыцыі.

Кніжна-ілюстраваныя выставы “Спадчына Францыска Скарыны: погляд праз стагоддзі”, “Пад знакам Францыска Скарыны”, “Духоўная кніга – крыніца вялікай мудрасці” (на здымку), “Ясны месяц Скарынавай кнігі”, “Ад мінулага ў сёння і ад сёння ў заўтра вядзе нас друкаванае слова” прадставяць каштоўныя кніжныя рарытэты – лепшыя ўзоры айчыннай паліграфіі з фондаў бібліятэк.

Падчас святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання няхай запаветам для ўсіх нас стануць пранікнёныя і мудрыя словы Скарыны: “Любіце кнігу, бо яна – крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”.

Галіна КРЫВАШЭЕВА, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Фота Сцяпана Цюшкевіча.

Оставьте свой комментарий