Массово-политическая газета Березовского района

Таленты роднай зямлі

100
Опубликовано,
01 ноября 2017

“Асенні эцюд служыцеляў муз”. Так называўся арт-вечар, чарговае мерапрыемства з цыкла музейна-асветніцкіх вечароў “Горад у панараме стагоддзяў”, прысвечаных юбілею Бярозы.  Адбыўся ён у Галерэі мастацтваў, куды былі запрошаны служыцелі дзвюх муз – мастакі і паэты, а таксама ўсе жадаючыя.

Загадчыца ўстановы Г.А. Цюшкевіч прадставіла гасцей вечарыны і вяла з імі гаворку ў форме інтэрв’ю.  Адначасова з гэтым дзейнічаў “Мальберт на вечар”, дзе прысутныя маглі паспрабаваць свае сілы ў стварэнні малюнкаў. І такую магчымасць адразу выкарысталі навучэнцы Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

На сценах выставачнай залы – карціны бярозаўскіх мастакоў. Пра кожнага майстра жывапісу работнікамі музея была падрыхтавана мультымедыйная інфармацыя.  Прысутныя з задавальненнем слухалі прамоўцаў, бо ўсе яны душой і сэрцам “прыкіпелі” да дарагой бярозаўскай зямлі і адлюстравалі гэта ў сваіх палотнах. Так, Анатоль Маразюк зрабіў цыкл карцін “Бяроза-Картузская 20–30-х гг.”, кранае душу серыя яго работ “Хутаркі”, а таксама выгляд цэркваў і касцёлаў Бярозаўшчыны.  Анатоль Васільевіч здолеў укласці ў свае палотны столькі любові і настальгіі па мінулым, якое беззваротна знікае, але працягвае жыць на яго карцінах.  Асабліва ўразіла работа “Хатка сумуе…”. Для яго, нараджэнца Іванаўскага раёна, даўно стала роднай бярозаўская зямля.

Сяргей Казак родам з вёскі Равяцічы, першы з нашых землякоў член Саюза мастакоў Беларусі.  Многа яго работ прысвечана славутаму сыну Айчыны Тадэвушу Касцюшка і іншым знакамітым асобам.  Карціны мастака знаходзяцца ў музеях, мастацкіх галерэях і прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін. А ўдзельнікі арт-вечара любаваліся яго карцінай “Зімовы вечар” і іншымі работамі. Сяргей Іванавіч вельмі шануе сваю малую радзіму, хоць і даўно жыхар г. Брэста. Яму назаўсёды застаецца роднай матчына мова, на якой стаў пісаць вершы.  І прысутныя змаглі іх пачуць у выкананні аўтара.

Анатоль Жалудка вырас у вёсцы Сабалі. Ён мастак-краязнавец, таксама член Саюза мастакоў Беларусі. На адным са старых падворкаў роднай вёскі арганізаваў музей славянскага быту.  Тут сабрана багацейшая калекцыя прадметаў сялянскага ўжытку і розных артэфактаў.  А створаны ім музей – гэта проста скарбніца рарытэтаў нашай нацыянальнай культуры. Сваімі палотнамі Анатоль Іванавіч вяртае і забытыя імёны, гэта найперш партрэты Казіміра Льва Сапегі і Рамуальда Траугутта. У мастака, сапраўднага патрыёта Бярозаўшчыны, многа планаў адносна новых турыстычных аб’ектаў на тэрыторыі нашага раёна. А што датычыцца мастацкай творчасці, то нельга адарваць погляд ад карціны “Золата Палесся”, дзе на пярэднім плане пажылая сялянка-працаўніца, а побач поўны кош нашага беларускага золата – бульбы. Але галоўным золатам нашай зямлі з’яўляюцца вось такія людзі, на якіх яна і трымаецца. Карціны “Ветраны млын”, “Сігневіцкая сядзіба”, “Сабалёўскі дом Тэадора” і іншыя – гэта наша гісторыя, якую паважаны Анатоль Іванавіч з уласцівым яму пачуццём замілаванасці і гонару за яе і людзей здолеў перадаць нам.

Сваім уменнем падзялілася майстар па пляценні і ткацтве паясоў, член Саюза майстроў народнай творчасці Рэспублікі Беларусь Т.М. Зданевіч. Таццяна Мікалаеўна родам з вёскі Судзілавічы, яна пастаянна прадстаўляе Бярозу на “Славянскім базары” ў Віцебску, Ягелонскім кірмашы ў Польшчы і іншых прэстыжных форумах. Пахвальна, што нацыянальны каларыт і арнамент прысутнічаюць у кожным яе вырабе. Гэта павага да спадчыны продкаў і імкненне падарыць старадаўняму мастацтву новае жыццё. А яшчэ таленавіты педагог імкнецца навучыць як мага большую колькасць дзяцей у кожным узоры і спляценні нітак бачыць прыгажосць і значнасць. Т.Н. Зданевіч – загадчык мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў і кіраўнік студыі “Папараць”, актыўны ўдзельнік майстар-класаў і выстаў. Яна наглядна прадэманстравала тэхніку роспісу па дрэве. Сяргей Казак падарыў сеанс пад назвай “Партрэт на заказ”. Мастакамі таксама былі ацэнены работы дзяцей, якія на працягу вечара працавалі за мальбертамі. За сваё старанне яны былі ўзнагароджаны сертыфікатамі на бясплатнае наведванне Галерэі мастацтваў.

Як паказаў арт-вечар, паэзія і жывапіс – вельмі блізкія паняцці. З задавальненнем слухалі прысутныя вершы Валянціны Осіпавай, Марыі Сцяфанавай, паэтэсы з Мінска Антаніны Хатэнка, пружанскага паэта Міколы Папекі. Іх творы дапамагалі стварыць у аўдыторыі атмасферу цеплыні і даверу.

Шчыры дзякуй мастакам і паэтам за светлыя хвіліны сустрэчы з прыгажосцю, а асабліва супрацоўнікам музея за іх такую пачэсную і патрэбную справу – знаходзіць, цаніць і ўшаноўваць таленты бярозаўскай зямлі.  Дарэчы, музей многія гады падтрымлівае цесныя сувязі з мастакамі, арганізоўвае выставы іх работ, запрашае на свае мерапрыемствы. Карціны нашых землякоў можна набыць і ў музейным магазіне.

Галіна ХАЛІМОНЧЫК.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий