Массово-политическая газета Березовского района

«Працоўныя заслугі — узорныя». Указам Прэзідэнтра РБ медалем “За працоўныя заслугі” узнагароджаны працаўнікі энергетычнай галіны раёна Дзмітрый Склярэнка і Міхаіл Цюшкевіч

271
Розалия Карпеш,
26 марта 2018

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №96 ад 3 сакавіка 2018 года за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад  у развіццё энергетыкі медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны  старшы машыніст катлатурбіннага цэха філіяла “Бярозаўская ДРЭС” РУП “Брэстэнерга” Дзмітрый Склярэнка і майстар вытворчага ўчастка цэха па рамонце турбіннага абсталявання філіяла “Белаазёрскэнергарамонт” РУП “Брэстэнерга” Міхаіл Цюшкевіч. Так высока ацэнены іх добрасумленная праца, прафесійнае майстэрства і ўклад у развіццё паліўна-энергетычнага комплексу Рэспублікі Беларусь.

Д.М. Склярэнка працуе ў калектыве станцыі 37 гадоў. Пачынаў у 1980 годзе дублёрам машыніста-абходчыка, затым дзесяць гадоў адпрацаваў машыністам-абходчыкам па турбінным абсталяванні катлатурбіннага цэха, на працягу дзевяці гадоў займаў пасаду машыніста энергаблока і з 2000 года працуе старшым машыністам. Як адзначае кіраўніцтва Бярозаўскай ДРЭС, Дзмітрый Мікалаевіч унёс значны ўклад у развіццё энергетыкі Брэсцкага рэгіёна. Пры яго непасрэдным актыўным удзеле праводзілася рэканструкцыя энергаблокаў №№3, 4 і 5 электрастанцыі. Пры вырашэнні вытворчых пытанняў Склярэнка не лічыцца з асабістым часам, ён здольны хутка аналізаваць сітуацыю і знаходзіць найлепшае рашэнне. Заўсёды праяўляе прынцыповасць і настойлівасць у працы, пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, ахвотна перадае вопыт і веды работнікам, з’яўляецца настаўнікам моладзі. За дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце шматразова адзначаўся галіновымі ўзнагародамі. Справу бацькі працягвае сын Дзмітрый, які працуе машыністам энергаблока КТЦ-2.

Майстар філіяла “Белаазёрскэнергарамонт” РУП “Брэстэнерга” М.А. Цюшкевіч таксама ўнёс значны ўклад у развіццё сваёй арганізацыі і энергетыкі рэгіёна. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам своечасова і якасна выконваюцца капітальныя, сярэднія і бягучыя рамонты парагазатурбіннага абсталявання. Міхаіл Аляксеевіч прымаў актыўны ўдзел у мантажы тэхналагічнага абсталявання Пружанскай міні-ТЭЦ на мясцовых відах паліва ў 2008 годзе. З адказнасцю, высокім майстэрствам і працаздольнасцю ён працаваў у камандзе спецыялістаў па мантажы і наладцы новай эксперыментальнай турбіны К-175/180-12,8 у ходзе рэканструкцыі энергаблока №5 Бярозаўскай ДРЭС. Задача была выканана ў рэкордна кароткі тэрмін, што прынесла Рэспубліцы Беларусь вялікі эканамічны эфект. Цюшкевіч заўсёды праяўляе патрабавальнасць і настойлівасць пры вырашэнні вытворчых пытанняў. Пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню. Валодае неабходнымі для сучаснага кіраўніка арганізатарскімі і прафесійна-дзелавымі якасцямі. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай у калектыве, дзе працуе пятнаццаць гадоў. 

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.     

Оставьте свой комментарий