Массово-политическая газета Березовского района

Кірмаш для малышоў

344
Анна Пармон,
11 ноября 2017

У ДУА “Яслі-сад №10 г. Бярозы” працягваецца рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”. Разлічаны ён на два гады, і ўжо хутка, у 2018-м, кіраўнікі плануюць падвесці вынікі. Але ўжо зараз праект можна прызнаць эфектыўным.

Апошняе таму падцвярджэнне –  “Восеньскі кірмаш”. Гэта мерапрыемства ў садку было запланавана, каб прадэманстраваць, чаму навучыліся дзеці за мінулы перыяд праекта, а яшчэ, зразумела, каб як след павесяліцца праз песні, пляскі, прыпеўкі і бясконцы гумар. І усе гэта выключна на роднай мове! Удзельнікі “Восеньскага кірмашу” (выхавальнікі, іх памочнікі, хлопчыкі і дзяўчаткі з малодшай, сярэдняй і старэйшай груп) падчас усяго канцэрта размаўлялі па-беларуску – прыгожа і неяк дзівосна гучала мова з вуснаў такіх малянят.

Эвеліна Складаноўская, намеснік загадчыцы ўстановы адукацыі, расказала пра праект падрабязней. Напрыклад, кожны чацвер у садку беларускамоўны: на роднай мове выхавальнікі гутараць не только з дзецьмі на занятках, але і з іх бацькамі, а таксама паміж сабой. Есць тут нават свой міні-музей “Беларуская хатка”, у якім час ад часу праводзяцца заняткі і экскурсіі. “Хатка” мабільная і заўсёды папаўняецца рознымі экспанатамі. Дзеля гэтага сумесна з бацькамі арганізуюцца акцыі, адна з такіх – “Прадметы побыту беларусаў”. “Мэта ўсяго праекта – распрацоўка навукова-метадычнага забеспячэння мадэлі арганізацыі працэсаў патрыятычнага выхавання дзяцей, – паведаміла Эвеліна Аляксандраўна. – Гэта любоў да роднай зямлі і да самабытнай культуры, якую стварыў народ, а таксама цікавасць да сучаснай сацыяльнай рэчаіснасці. Наогул, уся праца нашай установы накіравана на рэалізацыю гэтага праекта. Мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з бацькамі. Але не толькі: яшчэ з СШ №3 г. Бярозы, у прыватнасці з іх краязнаўчым музеем, з гарадской дзіцячай бібліятэкай (нашы выхаванцы – частыя госці бібліятэчнай батлейкі), актыўна наведваем іншыя культурныя месцы горада, запрашаем у сад прадстаўнікоў музеяў, каб тыя, напрыклад, правялі майстар-клас па вырабу шчэпавай птушкі”.

Праект распрацоўваўся прафесіяналамі: яго кансультант – дацэнт кафедры педагогікі БДПУ імя М. Танка Людміла Варанецкая, а заняты ў ім без выключэння ўвесь персанал дзіцячага сада №10. У цэлым інавацыйная праграма ўяўляе з сябе цэлы шэраг незвычайных цікавасцяў: гульні, тэматычныя вечары, дні адчыненных дзвярэй, выпуск газеты для бацькоў, творчыя выставы. Самае галоўнае – дзеці з жаданнем прымаюць удзел у кожным садкоўскім мерапрыемстве.

Вось і зараз на восеньскім свяце хлопчыкі, дзяўчынкі ўпэўнена і жвава гралі на народных інструментах, выконвалі заўзятыя беларускія песні, спрабавалі сябе ў актыўных гульнях, зачытвалі на памяць вершы-забаўлянкі і танцавалі, танцавалі, танцавалі… Асабліва радавалі вока дзеці са старэйшай группы, усе да аднаго апранутыя ў цудоўныя нацыянальныя касцюмчыкі. Дапамагалі дзетсадаўцам арыгінальныя персанажы: нястомны Несцерка, шумны Лявон-весялун з гаспадарлівай жонкай Лявоніхай, незаменная Бульбачка. І, вядома ж, увагу кожнага прыцягнуў і сам кірмаш з кашулямі, гаршкамі, хусткамі, посудам, рознымі прысмакамі.

У наш час хлопчыкі і дзяўчаткі малодшага ўзросту, на жаль, не заўсёды атрымліваюць неабходнае патрыятычнае выхаванне. Таму так востра стаіць пытанне любві да радзімы, да свайго горада, да кожнага члена сям’і. Але ў яслях-садзе №10 кожны выхаванец ужо ведае, што ён беларус.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий