Массово-политическая газета Березовского района

Падручнікі Мікалая Жуковіча

134
Опубликовано,
26 августа 2017

“Сучасным дзецям – сучасныя падручнікі” – пад такім загалоўкам у адным з ліпеньскіх нумароў рэспубліканскай газеты “7 дней” было надрукавана інтэрв’ю з Мікалаем Жуковічам, дырэктарам СШ №1 г. Бярозы імя В.Х. Галаўко. Справа ў тым, што ён адзіны педагог рэспублікі, які стаў аўтарам новых вучэбных дапаможнікаў па літаратурным чытанні для пачатковых класаў на конкурснай аснове. Зараз Мікалай Васільевіч цесна супрацоўнічае з Нацыянальным інстытутам адукацыі: уваходзіць у аўтарскі калектыў па складанні вучэбных праграм, займаецца каляндарна-тэматычным планаваннем, з’яўляецца членам рэдкалегіі і друкуе ў часопісе “Пачатковая школа” метадычны каментарый да ўрокаў літаратурнага чытання. А з 1 верасня па яго дапаможніках пачнуць вучыцца беларускія другакласнікі і трэцякласнікі.

– Мікалай Васільевіч, раскажыце, як праходзіў адбор аўтараў для навучальных дапаможнікаў. І як вы вырашылі прыняць у ім удзел?

– Аднойчы з нашага Брэсцкага інстытута развіцця адукацыі даслалі пісьмо на электронную скрыню. Гэта было запрашэнне паўдзельнічаць у конкурсе вучэбных дапаможнікаў. А ў мяне даўно такая ідэя выспявала. Бо я заўсёды крытычна стаўлюся да дапаможнікаў, заўсёды думаю: вось я б гэта зрабіў так, а гэта інакш. Спачатку паспрабаваў стаць аўтарам дапаможніка “Мастацтва” для 5 класа. Тады так адбылося, што новы школьны прадмет толькі ўвялі, а дапаможніка яшчэ не было. Я пачаў дома адразу працаваць над праектам. Напісаў адзін раздзел, уставіў карцінкі, прыгожа аформіў. З гэтым усім мне дапамаглі настаўнікі маёй школы. Адправілі мы гэту працу. Трэба сказаць, што было 7 праектаў, і мая праца не перамагла. Я, канешне, пашкадаваў, але прайшоў час, і зразумеў, што першая няўдалая спроба пазней стала школай таго, як ствараць праекты. І вось аб’явілі новы праект для другога класа беларускамоўнай і рускамоўнай школы. Я падумаў: так, для рускамоўнай школы людзей напіша шмат, а хто напіша вясковым дзеткам? Вырашыў пісаць праект для другога класа беларускамоўнай школы. І сапраўды, я быў адзіным прэтэндэнтам на гэты дапаможнік. Тады яшчэ было правіла, што калі праект адзін, але праца цікавая, то канкурсант можа стаць аўтарам дапаможніка. Пазней гэта правіла зменіцца. Вось так лёгка, можна сказаць, я стаў аўтарам. У мяне не было канкурэнтаў. Мой праект заняў першае месца, а 2 сакавіка 2016 года мне патэлефанавалі з НІА... І вось ужо паўтара года, як я з’яўляюся аўтарам дапаможніка для другога класа.

– У якасці аўтара для 3 і 4 класаў ў вас таксама не было канкурэнтаў?

– Калі браць трэці клас, то там было больш складана. Але я ўжо меў невялікі вопыт. Нас было чатыры прэтэндэнты. Але мой праект “зачапіў” членаў журы, і яны прагаласавалі менавіта за яго. Для чацвёртага класа ствараць яшчэ было лягчэй. Праўда, члены журы прапанавалі мне зрабіць вучэбны дапаможнік з уключэннем у яго пытанняў і заданняў па міжнародных еўрапейскіх сістэмах – своеасаблівы маніторынг па праверцы чытацкай пісьменнасці TIMSS, PIRLS і PISA. Гэтыя міжнародныя даследаванні ўключаюць ацэнку якасці чытацкай пісьменнасці і разумення тэксту вучнямі пачатковай школы. Да нядаўняга часу Рэспубліка Беларусь не ўдзельнічала ў міжнародных ацэнках адукацыйных дасягненняў школьнікаў. Аднак у 2018 годзе плануецца ўдзел і Беларусі ў вышэйназваных праграмах. Карацей кажучы, вызначаюцца яны пастаноўкай перад вучнямі нестандартных пытанняў і заданняў, якіх раней не было ў беларускай дыдактыцы.

Я папрацаваў па гэтым пытанні, вывучыў адпаведную літаратуру. Летам у час водпуску пачаў пісаць новы вучэбны дапаможнік літаратурнага чытання для вучняў 4 класа згодна з пастаўленай задачай.

– Чаго не хапала ў мінулых дапаможніках?

– Калі я паглядзеў дапаможнікі мінулыя, па якіх раней выкладалі беларускае чытанне, то адразу заўважыў вузкую разнастайнасць тэм. Звычайна ў другім, трэцім і чацвёртым класах дзеці вывучалі каля пяці тэм: тэма восені, зімы, вясны, лета і Радзімы. І ўсё. Я прапанаваў аўтарам вучэбнай праграмы трошкі пашырыць тэматыку: напрыклад, у трэці клас уведзены дзве мае тэмы, якія “прайшлі” вельмі хораша, – гэта тэмы спорту і прафесій.

Я вярнуў у падручнікі творы мастацтва. Стараўся, каб яны былі сугучны з беларускімі вершамі ці апавяданнямі. Рубрыка “Давайце абмяркуем тэму разам” дазваляе папрацаваць па рэпрадукцыях карцін сусветна вядомых мастакоў і праз гутаркі па жывапісе далучыць маленькіх грамадзян да свету прыгожага мастацтва, паспрыяе выхаванню ў іх мастацкага густу і нацыянальнай самасвядомасці.

– У 2016/2017 навучальным годзе другакласнікі беларускамоўных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі пачалі вучыцца па новым вучэбным дапаможніку “Літаратурнае чытанне”. З чым настаўнікі і вучні ўпершыню сустрэліся ў падручніку?

– Настаўнікі і другакласнікі ўпершыню сустрэліся ў падручніку з некаторымі інавацыйнымі асаблівасцямі, сярод якіх – наяўнасць старонкі-навігатара. Яе ўвядзенне звязана з жаданнем адзначыць і канкрэтызаваць асноўныя абавязковыя праграмныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці: вучні “павінны ведаць і разумець”, а таксама “ўмець”.

Раней тлумачэнне невядомых дзецям слоў традыцыйна знаходзілася пасля твора. У дадзеным вучэбным дапаможніку рубрыка “Слоўнік” размяшчаецца перад тэкстам, бо ўяўляецца мэтазгодным спачатку падрыхтаваць юнага чытача да ўспрымання верша, апавядання ці казкі, а ўжо потым пераходзіць да знаёмства з творам і аналізу яго зместу.

Размяшчэнне на зялёных плашках пазнавальна-выхаваўчага матэрыялу (рубрыка “Звярніце ўвагу”) таксама адносіцца да новых набыткаў дапаможніка па літаратурным чытанні. Вучням будзе цікава даведацца, напрыклад, што верш Янкі Купалы “Хлопчык і лётчык” стаў любімым творам першага ў свеце касманаўта Юрыя Гагарына і дапамог яму палюбіць неба і стаць лётчыкам.

З мэтай развіцця вуснага маўлення дзяцей у маім дапаможніку прапануюцца разнастайныя заданні для парнай або групавой работы, змешчаныя пад адпаведнай рубрыкай. Другакласнікі хутчэй і смялей загавораць па-беларуску, калі будуць весці размову не толькі з настаўнікам, але і з равеснікамі.

Упершыню ўведзена рубрыка “Пафантазіруйце”, якая дае магчымасць прагназаваць змест мастацкага твора і развіваць у навучэнцаў літаратурна-творчыя здольнасці. Гэта толькі некаторыя з асноўных момантаў.

– Якая асноўная мэта вашай працы?

Мне дужа хочацца, каб прадмет беларускай літаратуры і мовы заняў у рэспубліцы належнае і дастойнае месца. Я даўно пераканаўся і адчуваю па сабе: калі беларусы пачнуць адчуваць сябе беларусамі на сваёй культуры і мове, тады нас прызнаюць і іншыя народы. Па нашай культуры ўжо прызнаюць. Возьмем, да прыкладу, апошняе Еўрабачанне. Упершыню мы заспявалі па-беларуску. І нас прынялі.

– Мікалай Васільевіч, падзяліцеся планамі на будучыню ў навуковым і сямейным плане.

– Калі браць у навуковым кірунку, то, вядома, зрабіць дапаможнік для 4 класа такім, каб ён не быў падобны на другі і трэці. Дзесьці з еўрапейскім падыходам, асабліва ў дызайнерскім плане. Падручнік павінен быць больш сучасным. Выдам такую тайну, што апошні мой праект для 4 класа выглядае як дапаможнік у форме папяровага планшэта. І членам журы гэтая ідэя дужа спадабалася. Думаю, што ўсё ў мяне атрымаецца. І, як я ўжо гаварыў, дапаможнік будзе распрацаваны з элементамі сістэм TIMSS, PIRLS і PISA, каб нашы вучні былі гатовы да іх, бо, як зазначаў, гэтыя сістэмы патроху «прасоўваюцца» ў нашай адукацыі.

...А калі браць сямейныя планы, то мы чакаем унука або ўнучку. І я ўжо як дзед буду ведаць, што па маіх дапаможніках будзе вучыцца і мой нашчадак. Гэта будзе вельмі ганарова і прыемна.

Вікторыя АПАНАСЁНАК.

Оставьте свой комментарий