Массово-политическая газета Березовского района

Усе сто!

290
Нина Крукович,
08 июля 2017

Cто балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове ад вучаніцы СШ №1 г. Бярозы Наталлі Ткачовай, неаднаразовай дыпламанткі прадметных алімпіяд, чакалі ўсе: і бацькі, і аднакласнікі, і, канечне ж, яе настаўніца Алена Вітальеўна Раманюк, з якой яны разам прайшлі вялікі шлях да гэтай перамогі.

Націск адказнасці і пільная ўвага да асобы Наташы маглі сыграць злы жарт, але яна вытрымала. І цяпер прызнаецца, што вынік, ніжэйшы хоць на адзін бал, напэўна, засмуціў бы.

Пачуццё мовы, здаецца, у яе ў крыві. Граматна і надзвычай прыгожа выкладае думкі, з багатай лексікай і моўна-эстэтычным густам.

Талент сваёй вучаніцы Алена Вітальеўна прыкмеціла адразу. Здзіўлялася і радавалася, што пяцікласніцы пад сілу заданні нават па не пройдзеных на ўроках тэмах. Не шкадавала, а нагружала Наташу пад завязку, рыхтуючы базу для алімпіяднага шэсця па беларускай мове і літаратуры. І яно атрымалася ўдалым.

У восьмым класе Наташа стала першай на школьнай і раённай алімпіядах. У дзявятым выйшла на пік: на абласным узроўні заваявала дыплом першай ступені, на рэспубліканскім – другой. У дзясятым замацавала вынік такімі ж дасягненнямі.
У адзінаццатым засталося паставіць клічнік і “аўтаматам” атрымаць свае сто балаў па беларускай мове, у абыход ЦТ. Але тут яе чакала горкае расчараванне: нават у раёне не ўдалося захапіць лідэрства, а з абласнога этапа і наогул прыйшлося сысці з пустымі рукамі. І з апустошаным сэрцам. Раптоўна знік усялякі інтарэс да прадмета, вучобы, яна ўзяла паўзу і, каб забыцца пра няўдачу, проста акунулася ў чытанне мастацкай літаратуры. Крыўды на журы не было: у выпускнікоў-алімпіяднікаў агромністая канкурэнцыя, бо на кану, як ужо адзначалася, значны выйгрыш. Выцягнула з застою ўся тая ж настаўніца, якая забараніла апускаць рукі і ўнушыла, што Наташа – патэнцыяльная стобальніца па ЦТ. Заняткі ўзнавіліся, а пра фінал гісторыі мы ўжо ведаем.

У цэлым для паступлення Наталля Ткачова набрала 373 балы! У гэты лік уваходзяць 100 балаў па школьным атэстаце (узнагароджана залатым медалём!), 86 – па матэматыцы і 87 – па англійскай мове. Апошні прадмет таксама  любімы, і за дапамогу ў падрыхтоўцы да тэсціравання Наташа вельмі ўдзячная настаўніцы Святлане Мікалаеўне Пікуле. Цяпер дзяўчынка лёгка і з задавальненнем чытае англамоўныя кніжкі, без перакладу глядзіць фільмы. Несправядліва было б не сказаць і пра рускую мову: па гэтым прадмеце наша гераіня таксама неаднаразова станавілася прызёрам раённых алімпіяд, але свядома рабіла стаўкі на карысць беларускай. Лічыць, што тытульнай мовай павінен валодаць кожны беларус.

Вучылася Наталля ў профільным класе з павышаным вывучэннем матэматыкі і беларускай мовы. Упэўнена, што такая форма навучання больш выніковая, таму раіць старшакласнікам не баяцца дадатковых клопатаў. Чым больш працы ў школьніка – тым больш шанцаў у абітурыента.

 

Оставьте свой комментарий