Массово-политическая газета Березовского района

Памяць аб справах продкаў

181
Розалия Карпеш,
28 апреля 2017

Жыхары вёскі Альшэва Пескаўскага сельсавета вельмі шануюць сваю гісторыю. Дзякуючы намаганням краяведаў пры падтрымцы мясцовай улады абазначана месца, дзе калісьці знаходзіўся касцёл.  Шыльда, прымацаваная на частцы старадаўняга цаглянага фрагменту, паведамляе: “Касцёл Святога Войцэха, пабудаваны графам Пуслоўскім, дзе быў пахаваны з жонкай. З пачатку XX стагоддзя па 60-я гады – праваслаўная царква».

Назва вёскі паходзіць ад шырока распаўсюджанага дрэва – альхі. Згодна з перапісам 1897 года ўрочышча Альшэўка знаходзілася ва ўладаннях графа Пуслоўскага. Тады тут было тры двары, пражывала 27 жыхароў, дзейнічала царкоўна-прыхадская школа.

А касцёл з’явіўся ў вёсцы ў 1809 годзе разам з фамільным склепам, дзе ў 1833 годзе быў пахаваны сам фундатар храма Войцэх Пуслоўскі побач з жонкай Юзэфай і брат жонкі, расійскі дзяржаўны дзеяч Францыск-Ксаверый Друцкі-Любецкі. Пасля разгрому паўстання 1863 года касцёл быў перададзены праваслаўным вернікам. У 1867 годзе асвечаны як праваслаўная Успенская царква. Многія гады яе святаром быў Іларыён Кадлубоўскі, які скончыў Літоўскую семінарыю. Як выглядаў касцёл, можна пабачыць на здымку, зробленым вядомым фатографам Юзэфам Шыманчыкам з Косава ў 1937 годзе.      

Альшэва зараз можна назваць прыгарадам Белаазёрска. Блізкасць горада энергетыкаў і стабільныя пазіцыі ААТ “Пескаўскае” робяць сяло перспектыўным населеным пунктам. Цяпер тут налічваецца 48 гаспадарак і пражываюць 140 чалавек, цікава, што сярод іх 70 мужчын і столькі ж жанчын.

Фота Юзэфа ШЫМАНЧЫКА і Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий