Массово-политическая газета Березовского района

Вёска Радчыцы – радзіма вучонага А. Дуніна-Гаркавіча

186
Опубликовано,
07 августа 2017

Сёння павядзем гаворку аб населеным пункце, які і ваколіцай зваўся, і вёскай. І канчатковы лёс яго сумны, як у паэтычных радках нашага знакамітага паэта. Там сапраўды пустка…

Быў  ён калісьці ля Ясявіч, дамінаваў у акрузе. Гэта была своеасаблівая, як сёння сказалі б, сістэма хутароў, яна атрымае пасля назву вёска Радчыцы. У 1924 годзе будзе лічыцца, як і раней, ваколіцай – 24 будынкі, 97 жыхароў. Праваслаўных усяго 8 чалавек, а беларусаў 6. Радчыцы былі размешчаны ў кіламетры ад Ясявіч, дзесьці на паўдарозе да Асекі. Як бачна, заселены яны ў асноўным палякамі. Сапраўды то так, але не тутэйшымі, а пераважна этнічнымі палякамі, якія прыязджалі здаўна з цэнтральнай часткі дзяржавы і набывалі тут зямлю. Такая была палітыка стварэння ачагоў польскасці.

Найбольш даўняе згадванне пра Радчыцы прыпадае на канец ХVІІІ стагоддзя, калі ў ваколіцы Радчыц пражывалі наступныя гаспадары: Сымон Аленскі, Ян Яцэвіч і Ян Хаванскі. Гаспадары маюць такія прозвішчы, а ваколіца мае назву Радчыцы. Менавіта так, бо пазней можна сустрэць і Рачыцы. Гэта проста аблегчанае вымаўленне мясцовым людам. Населены пункт пачынае сваю гісторыю з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя, а магчыма, і раней. Трэба заўважыць, што ў гісторыі Радчыц істотную ролю адыграюць прадстаўнікі трох прозвішчаў. Найперш Бартноўскія, якія масава пражывалі і ў суседніх пасяленнях: Крываблотах, Гаўрылавічах, Круках, Бартновічах (а як жа інакш). У 1854 годзе пражываў у Радчыцах аднадворац Восіп Францавіч Бартноўскі, чатыры сыны. Відаць, не даспадобы быў гаспадар тагачасным уладам, таму і “заграблі” ў рэкруты аж двух(!) сыноў: Эдуарда ў 1848 годзе, а ў 1851-м і Валерыяна. Каля бацькі засталіся Севярын і Максіміліян.

Другое важнае для Радчыц прозвішча адгадаць не цяжка – Радчыц. Сярод жыхароў вёскі ў 1834 годзе  сустрэнем сям’ю Яна і Канстанцыі Радчыцаў, іх дачку Эмілію Міхаліну, Мікалая і Дамініку, сына Антонія, Ежы Радчыца і жонку Караліну з Палікоўскіх. Суседзямі Радчыцаў былі Палікоўскі Антоній, яго жонка Ніна з Хацяноўскіх, Эміль Пятлінскі, жонка яго Ванда з Карклінаў, Разалія Пятлінская. Як апавядала жыхарка Ясявіч, Мікалай Радчыц у свой час (гэта ўжо 20 – 30 гг. ХХ ст.) любіў згадваць, што якраз яго даўнія продкі асвоілі гэтыя мясціны. Мікалай падкрэсліваў, што першапраходцам быў Радчыц, таксама Мікалай (ці не таму і ў 30-я гады папярэдняга стагоддзя сустракаем зноў жа Мікалая). Ганарыўся Мікалай. Не ведаў, што на яго імені і завершыцца гісторыя пасялення.  

Трэцяе прозвішча – Гаркавіч. Упершыню яно гучыць у наступным дакуменце. У ім Фама Восіпавіч Гаркавіч у 1800 годзе завяшчаў “свой маёнтак у ваколіцы Радчыцы, ля Сялецкага тракту, у пажыццёвае ўладанне жонцы Алене з роду Камоўскіх, з перадачаю па смерці ва ўладанне сыну Восіпу”.

Гаркавічы ўпершыню сустракаюцца, калі яны ў 1770 годзе набылі ў Даменіка Шамета маёнтак Мезгіры ў Слонімскім павеце. То былі сыны Стэфана Гаркавіча, два браты Восіп і Бенедзікт. Затым браты разарыліся, працавалі канцылярыстамі. Праз дванаццаць гадоў іх нашчадкі прадалі Мезгіры. Прадалі нейкаму Мізгіру і за атрыманыя сродкі набылі маёнткі ў іншых месцах.  Вось праз згаданы тастамент мы разумеем, што Фама – сын Восіпа (у Бенядзікта было двое сыноў: Міхал і Антоній). У Восіпа Фаміча будзе сын Аляксандр, губернскі сакратар, які ў сваю чаргу будзе мець трох сыноў. Паводле недакладных даных, у Радчыцах у 1854 годзе нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч Гаркавіч, адзін з праўнукаў Фамы. Аляксандр – вядомы вучоны, які, атрымаўшы дамашнюю адукацыю, пасля вучыўся ў Гродзенскай класічнай гімназіі, а скончыўшы Лісінскае лясное вучылішча, дваццаць гадоў працуе ў Царскасельскім лясніцтве. Разам з ім навучаецца і старэйшы брат Уладзіслаў. У перыяд вучобы браты пісаліся як Гаркавіч І (Уладзіслаў) і Гаркавіч ІІ (Аляксандр). Аляксандр служыць у войску, у лейб-гвардыі палку імя Яго Імператарскай Вялікасці Аляксандра ІІ. Удзельнічае ў руска-турэцкай вайне 1875 года, узнагароджаны медалём “За храбрасць”, атрымлівае чын унтэр-афіцэра. Пасля працуе ў шэрагу цэнтральных губерняў Расіі (Самара, Ніжні Ноўгарад, Разань), а ў 36-гадовым узросце атрымаў прызначэнне ў Табольскую губерню, край катаргі і ссылкі. Там, у гэтым суровым кутку Сібіры, ён актыўна займаўся не толькі службовай, але і навуковай дзейнасцю. На яго ліку 69 навуковых работ па геаграфіі, гісторыі і этнаграфіі Паўночна-Заходняй Сібіры. Тры кнігі сталі фактычна энцыклапедыяй  тэрыторыі, якая сёння называецца Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругай.

А.А. Гаркавіч сваёй працай заслужыў прызнанне і ў царскай Расіі (пажыццёвы член Рускага геаграфічнага таварыства, кавалер трох ордэнаў, статскі саветнік, раўняецца чыну генерал-маёра ў войску) і ў СССР (вучоны саюзнага значэння, пажыццёвая персанальная пенсія). Не забыты і сёння: яму прысвечаны помнікі ў Ханты-Мансійску, на магіле ў Табольску, там жа адкрыты музей.

Аляксандр Аляксандравіч вядомы і тым, што ён адзіны з роду меў двайное прозвішча: Дунін-Гаркавіч. Не буду каментаваць існуючыя гіпотэзы, што слова Дунін было нейкай мянушкай Аляксандра ў дзяцінстве альбо ў яго нейкая нянька з імем Дуня, і, нарэшце, яўнае глупства, што ён быццам не выгаворваў там нешта ці наадварот гаварыў шмат. Справа ў іншым. Канкрэтных даных аб тым, ці належалі пакупнікі Мізгіроў Восіп і Бенядзікт да шляхецкага саслоўя, няма. Маёнтак здолелі набыць, відавочна, што не сяляне. Фама Восіпавіч сваё ўладанне ў Радчыцах называе маёнткам. Памешчык? Калі ж  нашчадкі праз сто год маюць такі расклад: ад аднадворцаў (г. зн. сялян) да мяшчан (якія мяшчане ў сяле? ці не таму Франц прыпісаны да мяшчан г. Пружаны?) і, нарэшце, да дваран.

Справа ў тым, што не ўсе Гаркавічы ўдала прайшлі так званы “разбор шляхты”. Не здолелі даказаць расійскаму ўраду сваю прыналежнасць да шляхецкага (дваранскага) саслоўя. А маёмасны фактар давяршыў справу.

Што такое “разбор шляхты”? У параўнанні з Расіяй доля дваранскага саслоўя ў Рэчы Паспалітай была ў разы большай. У імперыі каля 2-3% насельніцтва, у нас – 8%, а ў некаторых паветах нават 10–12%. Такім чынам, у новай дзяржаве вялікі працэнт далучаных людзей, якія па сваім маёмасным становішчы нічым не адрозніваліся ад прыгонных сялян, пазбягалі падаткаабкладання (дзяржаве вельмі патрэбны грошы) і службы ў войску (ці не таму так жорстка  абышліся  з Бартноўскім Восіпам?).

“Разбор” павінен быў паставіць кропкі над “і”. Сам працэс пачаўся яшчэ  пры Кацярыне ІІ, але на самай справе за яго ўшчыльную ўзяліся пасля паўстання 1830–31 гадоў, пры праўленні Мікалая І. І гэта была эпапея! З абодвух бакоў. Як з боку дзяржавы і яе чыноўнікаў-казнакрадаў, так і з боку шляхты, цёмнай і забітай.

Каэтан Крашэўскі пісаў непасрэдна аб шляхце Пружанскага павета, што яна дакументы аб сваім дваранскім званні захоўвала ў гліняных збанках, якія запячатвала і падвешвала ў зручным месцы, каб лёгка выратаваць пры небяспецы, найперш, агні. То добра, калі такі дакумент існаваў. А ў большасці шляхты іх не было, і расійскі ўрад тое добра разумеў. Што тут пачалося? Падтасоўка, фальсіфікацыя, хабар, суды. Адзін мінскі яўрэй на падробцы “старадаўніх” дакументаў дасягнуў нябачанага майстэрства і … някепскага багацця: каменны дом у губернскім горадзе і фальварак у дадатак. Назапасіў вялікую колькасць пячатак, гербавай паперы мінулых стагоддзяў, а зрабіць подпіс людзей, якія сапраўды калісьці завяралі дакументы, – толькі яму б кінуць позірк. Фальсіфікатар найвышэйшай пробы, нават суд з ім нічога не змог зрабіць. Апраўдаў. А якое поле дзейнасці развярнулася для дзяржчыноўнікаў! Вядомы любому адукаванаму беларусу пісьменнік Дунін-Марцінкевіч, тады дробны чыноўнік, і то атрымаў тэрмін за такую ж дзейнасць. Сярод тых, хто прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, былі і губернскія сакратары (у іх то былі такія магчымасці, як у нікога!), а мы памятаем, што бацька А. Дуніна-Гаркавіча якраз ім і працаваў. Ці не таму толькі яго бацьку і ўдалося пацвердзіць і адстаяць саслоўную прыналежнасць?

Восіп  быў прылічаны  да мяшчан. І толькі ў 1850 г. у метрычнай кнізе кансісторыі было выпраўлена наступнае: перавесці нашчадкаў Восіпа з мяшчан у дваране. Такім чынам яго сыны Канстанцін, Аляксандр Юрый (бацька Дуніна-Гаркавіча), губернскі сакратар, і Дамінік Войцэх сталі паўнавартаснымі расійскімі дваранамі. Сам жа працэс прызнання дваранскага стану Восіпа і нашчадкаў завяршыўся толькі 5 чэрвеня 1857 года. Таму праз амаль дваццаць гадоў пасля сустрэнем у Сігневіцкім касцёле двараніна з Радчыц Восіпа Гаркавіча, старэйшага брата Аляксандра Дуніна-Гаркавіча. Яго ж адзінага – і ў спісах дваранскага сходу Гарадзенскай губерні. Адкуль жа аднадворцы Гаркавічы? Нашчадкі Бенядзікта жылі ў тым жа Пружанскім павеце, па іх згодзе былі запісаны аднадворцамі.

Хто ж такія аднадворцы? На Беларусі гэта дробная шляхта, якая не здолела дакументальна даказаць сваё дваранскае паходжанне. Да аднадворцаў іх залічвалі ў вёсцы, у горадзе – да грамадзян. Апошнія мелі перавагу, бо мелі права і надалей дабівацца дваранства. Аднадворцы плацілі падаткі, іх бралі ў рэкруты. Сярод аднадворцаў Гаркавічаў з Радчыц у 1854 годзе Казімір Ігнатавіч з сынамі Восіпам і старэйшым, жанатым, Іванам, які мае пяцёра дзяцей, усе дочкі; Станіслаў Марцінавіч, яго брат Мікалай, які з 1846 года ў рэкрутах.

Аднадворцы і грамадзяне ліквідаваны 19 лютага 1861 года. Аднадворцы безагаворачна пераведзены да сялян, а грамадзяне атрымалі часовую ільготу, яшчэ адзін год на выбар: прыпісацца да сялян ці мяшчан.

Аляксандр вырашыў стаць Дуніным-Гаркавічам. Некалькі дзесяцігоддзяў былі судовыя разгляды пытання, і нарэшце толькі ў 1878 годзе Аляксандр упершыню піша: Дунін-Гаркавіч ІІ. Мая гіпотэза грунтуецца на наступным. Гаркавічы – дробная шляхта, але не гербавая. Так, ужо ў Расіі прызнаная. Аляксандр разумеў, што ў гэтай дзяржаве  ён даб’ецца значна больш, калі будуць знятыя ўсе пытанні аб яго паходжанні. Папярэдняе жыццё паказала: Гаркавічы – дваране, але гатунак іх ніжэйшы. Служыў жа ён у войску, служыў, як звычайны селянін, чын таго ж унтэра мелі пераважна выхадцы з таго ж сялянскага асяроддзя. Прыходзілі служыць радавітыя дваране, то адразу на афіцэрскія пасады, і што ім быў нейкі радавы Гаркавіч. Не блакітная кроў. Зразумела, што прозвішча Гаркавіч не было ўнесена ў Гербоўнік польскай шляхты, зусім іншая рэч Дуніны. Яны, вядома ж, мелі і герб Лебедзь. Магчыма, што недзе Гаркавічы мелі шлюбныя стасункі з Дунінымі альбо служылі ім, таму і вялася судовая барацьба за такі варыянт. Хаця дапускаю, што гэта быў проста выбар чалавека. І ўсяго. Стаўшы Дуніным, Аляксандр цяпер адчуваў сябе паўнавартасным дваранінам імперыі Расійскай. А чын стацкага саветніка толькі праз час замацаваў статус.

Архівы Сігневіцкага касцёла пацвярджаюць наяўнасць сярод жыхароў Радчыцаў людзей з прозвішчам  Гаркавіч у тыя ж 1870-я гады. Ксёндз Адам Станкевіч  у Сігневіцкім касцёле хрысціў немаўлят апошнімі днямі жніўня. Так, у двараніна Восіпа Гаркавіча (брат Дуніна-Гаркавіча) і яго жонкі Марыі з Маліноўскіх нарадзіўся ў жніўні 1874 года сын Аляксандр. У мешчаніна Франца Гаркавіча і Альберціны Ількоўскай нарадзілася дачка Еваліна Ганна. Ці ведаў аб гэтым Аляксандр Аляксандравіч?

Сведкамі хрышчэння былі Канстанцін Бартноўскі і аднадворцы Вікторыя Гаркавіч і Баляслаў Велікоўскі з жонкаю К. Бартноўскага Елізаветай. Звернем увагу, што Гаркавічы маюць розны сацыяльны стан. Восіп – дваранін, Франц – мешчанін, а Вікторыя ўвогуле толькі аднадворка. Чаму так, мы ўжо ведаем, важна іншае – яны не супрацьстаяць сацыяльна паміж сабой.

Мы ж вернемся ў ХХ стагоддзе. Хутка ў Радчыцах запрацуе школа, якую будуць наведваць дзеці  не толькі з Радчыц, але і з Ясявіч, Асекі. Першы  і апошні настаўнік польскага перыяду Тадэвуш Бракавецкі і яго жонка Бася (Барбара), яна, як быццам з вельмі багатага роду, так кажуць яе былыя вучні. Хата Бракавецкіх была падзелена на дзве палавіны – адна жылая, другая і была школай. Месца размяшчэння яе было ля сучаснага мастка, там і сёння яшчэ расце бэз, што быў пасаджаны па старадаўняй традыцыі ля ўвахода ў памяшканне. А сапраўды дом належаў Радчыцу Мікалаю ці то брату Віктару. Пасля вайны той будынак будзе перавезены ў Сашыцу і стане мясцовым клубам, а будынак брата акажацца ў Зубачах, у ім пачне працаваць школа.

Вернемся да Радчыцкай школы, сярод першых настаўнікаў згадваецца і хтосьці Занько. Школа і самі Радчыцы праіснавалі да сярэдзіны ХХ ст. Мужчыны настаўнікі будуць прызваны на ваенныя зборы летам 1939 года, вучыць засталася адна Барбара Бракавецкая. У яе было двое дзяцей дашкольнага ўзросту, а даглядалі іх тутэйшыя падлеткі. Муж так і не вярнуўся, бо пачалася вайна, але, на шчасце, з тэрыторыі самой Польшчы дабралася маці настаўніцы. Падкрэсліваюць: сама Бася нічога не ўмела рабіць (пані ж!), таму нават ежу ёй насілі па чарзе вучні. Але хутка ёй даверылі весці ўрокі ўжо ў савецкай школе. Выкладала яна толькі азбуку, бо рускай мовы не ведала. На ўроках яна ў адчаі плакала, што не разумее, што і як адказваюць вучні. Была яна прыгожая паненка, таму савецкія вайскоўцы (чамусьці тутэйшыя людзі іх называюць палітрукі) хацелі завалодаць яе ўвагай. Праважалі настаўніцу… Што з ёй сталася пасля, ніхто не ведае.

Завяршаючы кароткую гісторыю вёскі Радчыцы, адзначым, што выехалі радчыцкія палякі пасля вайны ў Польшчу, дамы іх засялілі пагарэльцы з бліжэйшых вёсак, а пасля перасяліліся ў Ясявічы, але асабліва ў Сашыцу, бо хутары ліквідаваліся. У 1946 – 48 гадах у Радчыцах яшчэ пражывала 98 чалавек, гаспадарак налічвалася 19. Зямлі – як каму дасталася. Так, Мікалай Іванавіч Русін меў тры гектары, а Васіль Мікалаевіч Скробат – 8, Якаў Сяленя, Васіль Жабрун, Бяльдзейка – па 10, Радкевіч Мікалай – 12, адзінаццаць у Івана Фёдаравіча Каташэвіча. Настаўнік Радчыцкай пачатковай школы Лявонцій Мікалаевіч Фядот апрацоўваў 7,2 гектары зямлі, з якой ворная складала 4,71 гектара, адна сотка была адведзена пад сад, што тады сустракалася рэдка. Л.М. Фядот меў сярэднюю адукацыю, як і жонка Настасся  Рыгораўна. У 1949 годзе Лявонція перавялі ў Лукомерскі сельсавет, у вёску Алехнавічы. На іх месцы пачаў працаваць добра вядомы ў нашым раёне Іван Сямёнавіч Панюціч  (сярэдняя адукацыя) і яго жонка Анеля Рыгораўна (4 курсы педінстытута), спачатку ў Радчыцах, а калі пачалі стварацца калгасы (у 1951 годзе ў Радчыцах засталося толькі восем сямей) будуць выкладаць у Ясявічах. Цікава, што Настасся і Анеля былі родныя, нядзіўна, што састарэлы Фядот пасля будзе працаваць простым вартаўніком у Ясявіцкай школе. Упамянем і мільгануўшую загадчыцу школы ў 1948 годзе Гладкову.

А апошні радчыцкі хутар Васіля Скробата  знік на пачатку 1970-х, моцна паўпіраўся чалавек, спадабалася яму на хутары. Стаяў ён сярод калгасных палеткаў, абараны з усіх бакоў. Толькі магутная дзічка здалёк была бачна, як маяк. Першы і апошні раз сядзібу Скробата я бачыў у 1965 годзе. Стаяў золкі дзень канца кастрычніка (калгас, як заўжды, з работамі спазняўся), наша школа капала ля хутара бульбу. Было холадна, вісеў густы туман, так што сядзіба не адразу была і бачная. Што там спатрэбілася нашым настаўнікам: вада ці запалкі, не памятаю. Сцяпан Фёдаравіч Грышкевіч у старых, але хромавых ботах, сініх ваўняных галіфэ “польскага часу”, з калегай аказаўся ў двары, а затым і хаце гаспадара Радчыц. Ніхто не адказваў на стук. Нерашуча ўвайшлі, і вельмі цікавы малюнак паўстаў перад гасцямі. Гаспадары гналі самагонку. Убачыўшы чалавека ў хромавіках і галіфэ, знямелі. Далікатны Грышкевіч хуценька іх заспакоіў і папрасіў дапамогі. Вярнуўшыся на поле, падзяліўся са смехам інфармацыяй аб жыцці на хутары.

У той дзень сонца так і не выглянула. Сівы туман вісеў да канца дня...

Мікалай ПЕЙГАН, в. Сялец.

Оставьте свой комментарий