Культура

Майстар-клас па вырабе пісанкі адбыўся напярэдадні Пасхі ў ДзЮСЭЦ г. Бярозы

26 Апреля 2019 1713 0

писанка 2.jpg

У нашых продкаў адным з самых шануемых святаў быў Вялікдзень. Да яго старанна рыхтаваліся: прыбіралі ў хаце і на падворку, гатавалі шмат смачных страў і рознакаляровых яек. Гаспадыня загадзя збірала шалупінне ад цыбулі, у адвары якога яйкі набывалі карычневы колер. Стараліся людзі прыдбаць да свята і фарбы, тады яйкі зіхацелі рознымі адценнямі. А яшчэ былі майстры, якія выраблялі сапраўдныя цуды – пісанкі.

Аднавіць гэтую традыцыю вырашылі ў Дзіцяча-юнацкім спартыўна-эстэтычным цэнтры і сталі арганізоўваць заняткі па вырабе пісанкі.

На чарговы майстар-клас, які праводзіла дырэктар ДзЮСЭЦ  Н.Л. Ярмоцык, прыйшлі вучні 4 “А” класа СШ №2 г. Бярозы разам са сваёй настаўніцай Віталіяй Анатольеўнай Кавальчук (на здымку). Дзеці нібы здзейснілі падарожжа ў мінулае, бо апынуліся ў атмасферы сялянскай хаты з усімі тымі побытавымі прадметамі, якімі карысталіся нашы продкі.

Наталля Леанідаўна напачатку расказала аб тым, у што калісьці верылі людзі і лічылі абярэгамі, як з’явілася традыцыя фарбавання яек. Многім прадметам і з’явам прыпісвалі магічную сілу, упрыгожвалі ручнікі, посцілкі і ходнікі іх сімваламі, яны і сталі асновай нацыянальнага арнаменту. А яшчэ яна паведаміла, што велікодныя яйкі – гэта не толькі пісанкі, але і крашанкі, маляванкі, выклеянкі і іншыя вырабы. Прыемна было чуць і бачыць, што школьнікі многае ведаюць аб традыцыях роднай зямлі і яе мінулым. 

писанка 3.jpg

З задавальненнем узяліся дзеці за працу, уважліва слухалі і старанна выконвалі парады, якія давала Н.Л. Ярмоцык. Мы з фотакарэспандэнтам таксама не сядзелі, склаўшы рукі. Напачатку здавалася, што саму пісанку зрабіць немагчыма, майстэрства дэкарыравання з выкарыстаннем воску – справа адмысловая. Але паступова з дапа могай спецыяльнай прылады – пісака – з’явіліся першыя ўзоры сімвалаў урадлівасці і здароўя, якія найбольш шанаваліся ў даўнія часы. А потым прыйшла чарга афарбоўкі, праз некалькі хвілін дзеці з радасцю трымалі яйкі чырвонага, зялёнага, сіняга і блакітнага колераў з васкавымі ўзорамі. І кожны вучань гэты рукатворны выраб панёс дамоў, каб сказаць бацькам, што навучыўся рабіць сапраўдныя пісанкі.

Такія майстар-класы дазваляюць аднаўляць забытыя рамёствы, папаўняць веды школьнікаў наконт беларускіх народных традыцый, і вучаць любіць сваё, што сэрцу дарагое і знаёмае з дзяцінства.

Разалія КАРПЕШ.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
CAPTCHA
Номер 53135599