Культура

Творчая біяграфія Бярозаўшчыны

15 Февраля 2019 1232 0

литература 2.jpg

Напачатку лютага наша Бяроза стала сапраўдным цэнтрам літаратурнага жыцця, бо сюды завіталі вядомы беларускі паэт Алесь Разанаў, уласны карэспандэнт газеты “Беларусь Сегодня” па Брэсцкай вобласці Валянціна Казловіч, краязнаўцы з Сяльца і Малеча, творцы з г. Белаазёрска і іншых месцаў. З г. Мінска прыехалі жонка і сын пісьменніка-публіцыста Анатоля Казловіча, прысутнічалі таксама сёстры драматурга Міколы Арахоўскага і паэта Васіля Сахарчука. Сур,ёзнай камандай былі прадстаўлены мясцовыя майстры друкаванага слова. Усіх іх сабрала разам важная падзея – адкрыццё экспазіцыі “Вытокі літаратурнага майстэрства”, створанай у Галерэі мастацтваў. 

З сардэчным прывітаннем да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася дырэктар Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Г.А. Цюшкевіч. Ганна Аляксандраўна падкрэсліла, што наша бярозаўская зямля славіцца сваёй творчай біяграфіяй і з’яўляецца калыскай многіх вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі паэтаў, пісьменнікаў і журналістаў, аўтараў шматлікіх кніг і паэтычных зборнікаў. Супрацоўнікі музея амаль два гады старанна працавалі над тым, каб сабраць як мага больш матэрыялаў, што раскрываюць кожную творчую асобу. І ўсе яны ўвасобіліся ў дванаццаці важкіх дызайнерскі аформленых стэндах з партрэтамі, кнігамі, часопісамі, рукапісамі, газетнымі артыкуламі, узнагародамі і асабістымі рэчамі майстроў слова. Дырэктар музея выказала падзяку кіраўніцтву раёна за падтрымку гэтай ідэі і выдзеленыя з бюджэту сродкі на яе афармленне. А самыя шчырыя словы былі адрасаваны заслужанаму журналісту, кіраўніку літаратурнага аб’яднання “Крыніца”, якое многія гады дзейнічала пры Бярозаўскай раённай газеце, Я.В. Сялене. Ён шчыра падтрымаў ініцыятыву музея, падзяліўся сваімі матэрыяламі і на працягу доўгага часу быў найлепшым дарадцам і кансультантам у гэтай важнай справе. Яўген Васільевіч падкрэсліў значнасць новай экспазіцыі, якая стане стымулам для творчых пошукаў і дасць магчымасць для росту новых імён.

литература 1.jpg

Паэт Алесь Разанаў, заслужаны журналіст Яўген Сяленя і краязнавец Мікалай Пейган (злева направа).

Паэт еўрапейскага ўзроўню Алесь Разанаў, радзімай якога з’яўляецца вёска Сялец, успомніў свае першыя крокі ў літаратуру.

Менавіта Бярозаўская раённая газета пад назвай “Пламя” стала той крыніцай, ад якой запальваўся агонь, да яго далучаліся новыя людзі і дзяліліся сваімі набыткамі. 

У нас не было такіх папярэднікаў, як у другіх месцах Беларусі, – Купалы, Коласа, Багдановіча, Гілевіча і Вярцінскага, але затое адбыўся раптоўны выбух цэлай кагорты адмысловых творцаў. І сёння толькі з вёскі Сялец чатыры чалавекі – члены Саюза пісьменнікаў, – зазначыў Алесь Сцяпанавіч. – Мой першы верш называўся “Пошук” і быў надрукаваны ў раённай газеце. Літаратура – з’ява непростая, бо гэта нешта больш глыбокае і істотнае, якое ўвасабляецца ў канкрэтных справах і рэчах. Бо за словам ідуць думка і дзеянне.

Алесь Разанаў перадаў у дар музею свае кнігі і адну з самых новых, выдадзеную на літоўскай мове. Было зачытана і прывітанне, якое адрасаваў удзельнікам мерапрыемства вядомы пісьменнік, аўтар 28 кніг, наш зямляк Міхаіл Шыманскі. Вядучая літаратурнай старонкі “Крыніца”, што кожны месяц выходзіць у газеце “Маяк”, Маргарыта Гаравая ўспомніла свае школьныя гады, калі пачынаўся яе творчы шлях, і назвала імёны паэтаў, якія працягваюць традыцыі першапраходцаў. А яшчэ пажадала, каб “Крыніца” бруіла і стала вялікім ручаём мастацкага слова. Вядомая бярозаўская паэтэса Валянціна Осіпава адзначыла значнасць па-дзеі і пажадала, каб на літаратурнай ніве Бярозаўшчыны загараліся новыя зоркі. Над тым, як у чалавека нараджаецца патрэба працаваць са словам і адкрываць таямніцы гісторыі, разважаў вядомы краязнавец Мікалай Пейган, аднакласнік Разанава.

“Раскрыймася найлепшым у сабе…” – прызывала кожнага з нас славутая паэтэса і зямлячка Ніна Мацяш. Менавіта такая назва і раздзела, ёй прысвечанага. “Летапісцы гісторыі роднай зямлі” – гэта Міхаіл Шыманскі, Яўген Сяленя, Аляксандр Іваноў, Мікола Жуковіч, Мікалай Пейган, Наталля Дзядзечкіна, Аляксандр Кенда. А на стэндзе “У палёце да сваіх вяршыняў” прадстаўлены маладыя майстры слова. Не абыдзены ўвагай і ўсе іншыя творчыя асобы, нашы землякі.

Супрацоўнікамі музея ажыццёўлена высакародная справа, якая дае наведвальнікам магчымасць адкрыць для сябе яшчэ адну значную старонку нашай малой радзімы, бо яна з’яўляецца калыскай талентаў зямлі беларускай. А яшчэ трэба дадаць, што крылы для высокага палёту ім надала газета “Маяк”, дзе друкаваліся першыя спробы і друкуюцца творчыя набыткі нашых майстроў слова.

Разалія КАРПЕШ.

Фота аўтара.

На тытульным фота: майстры слова з супрацоўнікамі музея.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
CAPTCHA
Номер 53135599