Сайт находится в тестовом режиме
Культура Огни Белоозёрска

«Усе свае песні аддам Беларусі». У г. Белаазёрску адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 75-годдзю знакамітай бярозаўскай паэткі Ніны Мацяш

01 Октября 2018 1508 1

Нездарма 20 верасня ў Белаазёрску стаяла цудоўнае цёплае надвор,е: у гэты дзень споўнiлася 75 гадоў з дня нараджэння нашай знакамiтай зямлячкi Нiны Мацяш. Здавалася, сама прырода разам з людзьмi святкуе юбiлей таленавiтай паэткi, перакладчыцы, мастака і кампазiтара, лаўрэата лiтаратурных прэмій, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi, ганаровай грамадзянкi горада Белаазёрска, годнай дачкi беларускага народа!

Некалi Нiна ўвекавечыла гэту дзiвосную пару ранняй восенi ў вянку санетаў Бабiна лета ў Белаазёрску. Нiбы напрарочыла: менавiта ў вераснi штогод будуць збiрацца на яе радзiме шматлiкiя сябры і прыхiльнікі творчасцi паэткі, каб адзначаць чарговыя даты яе нараджэння.

У гэты раз Белаазёрская гарадская бiблiятэка iмя Нiны Мацяш на чале з загадчыкам Тамарай Кузняцовай пры падтрымцы дырэкцыi і творчых калектываў Белаазёрскага ДК сустракала дэлегацыю мiнскіх лiтаратараў, а таксама берасцейскiх пiсьменнiкаў, якiя, кажучы словамi вядучай, “прыехалі ў Белаазёрск, каб надыхацца паветрам Нінінай радзімы, азонам яе неўміручай паэзіі, пабыць з яе сябрынай”.

У госцi да Ніны прыехалi пiсьменнiкі з Мінска, сябры паэткi Анатоль Вярцiнскi i Васiль Жуковiч, Раіса Баравікова, намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака, крытык Ціхан Чарнякевіч, пісьменнік Міхась Скобла, пiсьменнiца Вера Буланда, фiлолаг Алена Пекач. Ад берасцейскай сябрыны на свята завiталі пiсьменнiкі Мiкола Прака-повiч і Мiкола Аляхновiч, Сяргей Амяльчук, Яўген Белiсеў, мастак і паэт Лявон Валасюк і наша зямлячка, паэтка, лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Зінаiда Дудзюк. У святкаваннi юбiлею Нiны Мацяш узялi ўдзел дырэктар Брэсцкай абласной бiбліятэкi iмя Максiма Горкага Алена Стрыжэвiч і загадчыкі аддзелаў гэтай установы культуры, супра-цоўнiкi Бярозаўскай РЦБС.

Ад раённай і гарадской улады ў святочных лiтаратурных чытаннях прынялі ўдзел намеснiк старшынi  Бярозаўскага райвыканкама Дзмiтрый Зяневiч, загадчык сектара культуры райвыканкама Таццяна Кавалёк, старшыня Белаазёрскага гарвыканкама Аляксандр Данiлюк.

Ад лiтаратурнай грамадскасцi Бярозаўшчыны – Валянцiна Осiпава, Марыя Сцяфанава i iншыя.

На працягу cвяткавання са сцэны гучалi песнi паэткi на музыку шматлiкiх кампазiтараў, у тым лiку і тыя, да якiх Нiна Мацяш сама напiсала музыку.

Яскравым уступам да святочнай вечарыны ў гонар юбiлею Нiны з,явiўся танец “Белаазёрск – горад майго дзяцiнства” ў выкананні ўзорнага ансамбля народнага танца “Журавінка”. Музыку да верша паэткi напiсаў Васiль Гарох.

Мы ўсе – з любові.

Усе мы – да любові.

А як жа ўсе мы перад ёй у даўгу! – менавiта гэтыя радкi Н. Мацяш папярэджвалі чарговую песню – “Калыханка маме” на музыку Iны Вiнаградавай, якую выканалi Тамара Даміно і Тамара Кузняцова (акампанемент Валерыя Скарыны). Праз усю творчасць паэткі рэфрэнам праходзіць матыў любові да бацькоў, да матулі, светлы вобраз якой на працягу ўсяго земнавання атуляў паэтку ад жыццёвых нягод, наталяў душу высокім пачуццём павагі і шанавання, натхняў да творчасці.

Вельмi прыемна і радасна, што гэты верш Ніны Мацяш вярнуўся ў школьны падручнік па беларускай мове для чацвёртых класаў, складальнікам якога з’яўляецца таленавiты настаўнiк роднай мовы, дырэктар сярэдняй школы №1 г. Бярозы Мікола Жуковіч, якi  таксама прысутнiчаў у зале.

У гэты вечар у цудоўным выкананнi ансамбля «Пескаўскiя весялухi» i сямейнага дуэта Святланы Чайчыц і Надзеi Мiкiцiч гучалi песнi, якiя любiла слухаць Нiна.

Цяклi суцэльным крынiчным струменем песнi на яе вершы, якiя спявалi Лiдзiя Пунько, Лiдзiя Федасюк і Наталля Чарвякоўская, усiмi любiмая  спявачка Ніёле і яе вучні – Святлана Шульган і дзяўчынкi з гуртка “Мелодыя”, i здавалася, яны, як i Нiнiны санеты, спляталiся ў прыгожы дасканалы вянок. “Я вас люблю”, “Лiлеі”, “Забялела ночка”, “Бэзавая завіруха”, “Палюбi” – гэтыя i iншыя песнi стваралі каркас дзеяння i адначасова ўпрыгожвалi юбілейнае “Бабiна лета ў Белаазёрску”.

Цудоўныя песні пакінула нам у спадчыну Ніна Мацяш! З імі можна і сумаваць, і радавацца, імі можна суцяшацца і грэцца “каля яднальнага кастра”, кажучы словамі паэткі. А потым у зале загучаў жывы голас Нiны! “Не знадзейвайся, перажыві”, – чытала яна з экрана, і заварожаная зала ўважліва слухала кожнае яе слова.

А на сцэну адзiн за адным выходзiлi пiсьменнiкi, дзялiлiся ўспамiнамі пра Нiну – пра яе талент чалавечнасцi, дабрынi і павагi да людзей, пра яе жаночую і асабiстую прыгажосць, пра яе дасягненнi і вялiкiя пакуты…

– Нагадаю пачатак аднаго з вершаў Нiны Мацяш: «Чамусьцi ходзяць яны разам: любоў i смутак, радасць і журба». У мяне сёння якраз гэта самае адчуванне: з аднаго боку – радасць па той прычыне, што 75 гадоў таму дзякуючы лёсу і Гоcпаду Богу прыйшла ў жыццё Нiна Мацяш, а з другога боку – журба, што яе сёння з намi няма. Мы святкуем яе юбiлей без яе самой, – казаў настаўнiк і сябра Нiны Язэпаўны Анатоль Вярцiнскi.

А Васiль Жуковіч дадаў:

– «Святланосная». Так назваў Ніну Ніл Гiлевіч, калi мы ў 2003 годзе прыехалi з iм і з Анатолем Вярцiнскім да яе на юбiлей. Так. Яна была святланосная, жыццядайная, гаючая для людзей, нягледзячы на тое, што так цяжка ўдарыў па ёй лёс… Паэзія Нiны пры ўсёй яе мужнасцi вельмi пяшчотная, ласкавая… Яна стварала свае творы на высокiм  еўрапейскiм узроўнi! І праславiла сваё iмя, свой род, сваю Бацькаўшчыну.

Раiса Баравiкова, якая добра ведала Нiну з юнацтва, звярнулася да залы:

– Паглядзiце на партрэт гэтай чароўнай Нiны ў бэзавым, у якой – па-шляхецку! – злёгку пасмiхаюцца вусны і ясна-ясна смяюцца вочы! Уважлiва паглядзiце i за-помнiце яе такой.

Калi Яўгенiя Янiшчыц – ластаўка Палесся, то Нiна Мацяш сапраўды зорачка Мiлавіца, у якой душа выпраменьвае радасць, замiла-ванне, якая iдзе на святло…

Кожны з тых, хто выходзiў на сцэну Белаазёрскага ДК, знаходзiў непаўторныя і шчырыя словы аб асобе і творчасцi паэткi, выказваў падзяку арганiзатарам вечарыны, у першую чаргу – калектыву  бiбліятэкi г. Белаазёрска і асабiста гуртку Нiнiных аднадумцаў і сябровак – Тамары Кузняцовай, Галiне Скарыне, Тамары Дамiно, Нiёле і iншым. «Бабiна лета» жыве і струменiць святлом i цяплом дзякуючы iх намаганням, вялiкай любовi да Нiны і вялiзнага скарбу яе твораў, на жаль, усё яшчэ часам недаацэненых.

– Час паказаў, што паэтычныя чытаннi “Бабiна лета ў Белаазёрску” сталi брэндам Бярозаўшчыны. Цяжка пераацанiць важнасць малой радзiмы для кожнага з нас. Прыемна, што белаазёрцы адчуваюць асабiстую прыналежнасць да роднай зямлi, дзе засталася часцiнка душы Нiны Мацяш, і аддаюць ёй доўг праз канкрэтныя справы і ўчынкi, – рэзюмаваў намеснік старшыні Бярозаўскага райвыканкама Дзмітрый Зяневіч. Загадчык сектара культуры Бярозаўскага райвыканкама Таццяна Кавалёк уручыла падзяку Белаазёрскай біблiятэцы. А Тамара Кузняцова асабiста была ўдастоена падзякі ад Брэсцкага аддзялення Саюза беларускiх пiсьменнiкаў.

Юбілей “нябёснай апякункі” белаазёрцаў з’явiўся своеасаблівым духоўным уступам да святкавання 60-годдзя горада, з якім паэтка звязала свой лёс. На працягу многіх гадоў дзякуючы чалавечаму і літаратурнаму таленту Ніны Мацяш Белаазёрск заставаўся цэнтрам прыцягнення для яе пісьменніцкай сябрыны, якая падтрымлівала, натхняла, жывіла паэтку. Ніна сваёю стараннай працай зрабіла родны горад вядомым далёка па-за межамі Беларусі: шматлікія іншамоўныя паэты і празаікі загучалі дзякуючы перакладчыку Ніне Мацяш на прыгожай беларускай мове.

Уласным поспехам вечарына абавязана ў тым ліку і вядучым, чыю ролю нават цяжка пераацанiць, – Тамары Кузняцовай, Вользе Вашкевiч, Юлii Мелех і Барысу Мiкiцiчу. У iх выкананнi паэтычныя радкi Ніны Мацяш гучалi натхнёна і ўзнёсла, стваралi аднародную матэрыю паэтычнага свята.

Напрыканцы вечарыны зала разам з Нiёле і Тамарай Кузняцовай праспявала вядомы Нiнiн «Гiмн сябрыне». Быццам усе, хто знаходзiўся ў зале, прыгадалi запавет паэткi: быць адзiнымi!

Аўтар выказвае ўдзячнасць Т.А. Кузняцовай за дапамогу ў падрыхтоўцы дадзенага матэрыялу.

 

 

Комментарии
1
Вера 1 Октября 2018
Свята было цудоўным, на вышэйшым узроўні, артыкул асвятляе ўсё, што адбывалася, аўтарам прыгаданы ўсе асобы, хто быў на свяце, хто рыхтаваў яго. І гэта праўда, што мерапрыемства не пакінула ніводнага чалавека абыякавым, ды як можна быць раўнадушным да паэзіі таленавітай, шчырай і надзвычай сціплай паэтэчы Ніны Мацяш. Люблю ўсіх, хто дакранаецца да яе паэзіі, хто шануе памяць Ніны, значыць, усе мы -- радня па духу!!!
Оставить комментарий
CAPTCHA