Частная жизнь

ІРВІН ДЭВІД ЯЛОМ - СЫН НАШЫХ ЗЕМЛЯКОЎ

17 Января 2020 1616 0

Ялом.jpeg

На адным тыдні адразу з дзвюх крыніц пачуў імя знакамітага чалавека, яўрэя, бацькі якога пражывалі ў свой час у Сяльцы. Добра ведаю, што пэўнай частцы аднавяскоўцаў знаёмае імя аднаго з найвыдатнейшых аўтарытэтаў артадаксальнага яўрэйства, Дер Вілнер Гаона – Віленскага Гаона (гаон – з іўрыта геній), аўтара звыш 70 сачыненняў, большая частка з якіх, як ні шкада, была выдадзеная толькі пасля яго смерці, Эліяху бен Шломы Залмана (1720–1797 гг). Магчыма, што яны, аднавяскоўцы, няздольныя будуць абсалютна правільна назваць яго імя і сутнасць дзейнасці, але тое, што ён нарадзіўся ў Сяльцы, ведаюць дакладна. Па прычынах прафесійнай дзейнасці можна будзе знайсці аднаго ці двух сельчукоў, якія ўпамянуць і імя выдатнага рабіна Гадоля (Волата) з Мінска Йерухама Перэльмана. Йерухам Йеуда Лейб бар Шлома-Залман Перэльман (1835–1896 гг.) пачынаў свой шлях служэння з Сяльца. Пражыў тут рабін Перэльман сем гадоў (1863–1870 гг.), не хацелі яго адпускаць жыхары мясцовага кагалу, як успамінаў Давід бен Бецалель. Праца ў Пружанах і затым Мінск, дзе і стаў Йерухам Перэльман для мясцовага (і не толькі) яўрэйства Гадолем. Замяніўшы Перэльмана ў Сяльцы, Лейпцыг Харыф нічым асаблівым не вызначыўся.

Аб якім жа чалавеку ішла размова маіх тутэйшых субяседнікаў? Выпускнік Стэнфардскага ўніверсітэта, выдатны псіхіятр і псіхолаг, пісьменнік, які не пазбег службы ў войску (два гады ў бальніцы агульнай практыкі Трыплер у Ганалулу), Ірвін Дэвід Ялом з’яўляецца сынам эмігрантаў з Расіі. Ірвін Ялом заўжды падкрэслівае ў сваіх вусных прамовах, як і ў кнізе “Як я стаў сабою. Успаміны”, што яго бацькі жылі ў невялікай вёсачцы на мяжы Расіі і Польшчы: “…іду між надмагіллямі, пад якімі ляжаць мае маці і бацька і ўся іх абшчына з маленькага мястэчка Сялец, маё сэрца баліць…”.

Можна было б гэтым і задаволіцца, як быццам ніякіх нечаканасцей не павінна быць. На самай жа справе ў мяне з’явілася некалькі пытанняў, якія не даюць пакуль права без усялякіх памылак залічваць Ірвіна Ялома ў нашы знакамітасці. Бацька яго Бенджамін і маці Рут Ялом выехалі за мяжу за пятнаццаць год да нараджэння сына, так сцвярджаецца. Ірвін нарадзіўся ў 1931 годзе, такім чынам дата ад’езду павінна прыходзіцца на самы разгар Першай сусветнай вайны. Матывы эміграцыі называюцца самыя разнастайныя (разгул антысемітызму, жудасці Грамадзянскай вайны). Калі з першымі высновамі можна пагадзіцца, то аб Грамадзянскай вайне на той момант не можа ісці ніякай гаворкі. Ці не таму некаторыя даследчыкі называюць год выезду 1919-ы? Магчыма, што бацькі не хацелі з нейкіх прычын называць сапраўдныя матывы сваёй эміграцыі. Напрыклад, Бенджамін Ялом гаварыў, што ў Расіі былі такія халодныя зімы, што яшчэ адной ён не перажыў бы. Верагодна, што гэта толькі вобразны выраз, такое права даюць мне і яго жартоўныя радкі, што яны зімой пераязджалі ў Польшчу, бо там клімат больш спрыяльны. Дзе Сялец і дзе Польшча…

Лічба “пятнаццаць год” можа быць нейкай адвольнай. На тое мяне падштурхоўвае і факт шлюбу бацькоў Ірвіна. Калі бацька Бенджамін быў з таго мястэчка, якое яны пасля пакінулі, то маці – з суседняга, да якога пятнаццаць кіламетраў. Зноў пятнаццаць. Пад гэту адлегласць пападае толькі Малеч. Такіх пытанняў не ўзнікала б, калі б сын больш падрабязна распытваў бацькоў ды яго аднавяскоўцаў, такіх жа эмігрантаў. Магчымасці для гэтага ў Ірвіна былі, бо там, у Амерыцы, у Вашынгтоне, кожную нядзелю праводзіліся сустрэчы землякоў-сяброў.

У 2009 годзе Ірвін Ялом наведаў Расію. У сваіх гутарках і інтэрв’ю неаднаразова падкрэсліваў, што тут ён быў пачаставаны стравай, якую гатавалі іншы раз і ў іхнім доме. І прывязана яна да мясцовасці, дзе бацькі жылі да выезду за мяжу. У мяне ж на гэтай глебе зноў узнік шэраг пытанняў. Найперш павінен сказаць, што страва тая – боршч. Яўрэі сялецкія яго гатавалі? Ад каго яны перанялі? Ад мясцовых сялян-мяшчан? Сумніўна. Пройдуць яшчэ дзесяцігоддзі, пакуль мае землякі таксама асвояць яго гатаванне. Капуста ды буракі самі па сабе, як фасоля, гарох і іншыя культуры, без перамешвання. Простыя і прымітыўныя стравы. Так было на самай справе. А ці не жылі Яломы ва Украіне, бо там боршч – страва нацыянальная? Дзе-небудзь у Драгобыцкім рэгіёне? І вёска Сялец ёсць, і яўрэі там жылі, і польская мяжа адносна блізка.

Чаму ўзнікаюць такія пытанні? Недавер да перакладаў. Справа ў тым, што не магу вызначыць, чаму мястэчкам ці вёсачкай (у вёсках кагалам яўрэі не жылі, былі адзінкавыя выпадкі: сям’я ці дзве) пражывання Яломаў пазначаны Сялец. Напісанне назвы сустракаецца наступнае: Сeltz aльбo Cielcz. Была б загалоўная літара “S”, то ніякіх сумненняў не ўзнікла б. Запісвалася на слых, памылкі магчымыя, але не ў дадзеным выпадку. Цельча, Цялец, Кельтч – толькі не Сялец. Нешта падобнае можна знайсці пад Познанню альбо Лоддзю. Аднак гэта зусім не Расія.

Ірвін Ялом – цікавы чалавек.

З жонкай Мэрэлін знаёмы з пятнаццацігадовага ўзросту, ёй было на год меней. Для яўрэйскага насельніцтва тое не навіна, бо шлюбы заключаліся яшчэ і раней. Жонка таксама пісьменніца.

У сям’і чацвёра дзяцей. Самымі вядомымі кнігамі Ірвіна Ялома лічацца “Калі Ніцшэ плакаў” і “Праблемы Спінозы”.

Дык Ірвін Дэвід Ялом – сын нашых землякоў? Адказ на гэта пытанне ляжыць на паверхні. І ён, несумненна, станоўчы. Заблытанасць абумоўлена неахайнымі перакладамі і перакладчыкамі.

Я ж у артыкуле толькі імкнуўся паказаць, што да фактаў трэба падыходзіць асцярожна.

Завяршыць нарыс хачу радкамі з апошняга твора Віленскага Гаона, з яго духоўнага запавету сваёй сям’і, з высновамі якога не паспрачаешся. Ён пісаў, што пустыя размовы – адзін з найвялікшых грахоў, і таму даў параду жонцы і дочкам не наведваць сінагогу, а маліцца дома, каб пазбегнуць пустых размоў і зайздрасці.

Будзьце ласкавыя, звярніце ўвагу на дату нараджэння Іліяху Залмана – 23 красавіка 1720 года. І наступнае. У маі 2018 года Сейм Літвы вызначыў 2020 год годам Віленскага Гаона і літоўскіх яўрэяў. За ўклад у гістарычнае, культурнае і навуковае развіццё краіны. Пражылі ж разам 700 гадоў.

Цікава, што ў Літве ёсць помнік Залману, бо там ён і пахаваны, а на нядаўняе жаданне кіраўніцтва Ізраіля аб яго перапахаванні на сваёй тэрыторыі ўрад Літвы даў адмоўны адказ. Пры тым, што сучасны кіраўнік яўрэйскай дзяржавы Біньямін Нетаньяху мае роднасныя карані з Віленскім Гаонам. І для чаго гэта я ўсё тут пішу? Мабыць, хто-небудзь і здагадаецца. Маю вялікую надзею на адпаведныя захады нашых мясцовых дзяржструктур у гонар юбілею Гаона і на бярозаўскай зямлі. Прыкладаю для таго і свае намаганні, ёсць і задумы. У прыватнасці, зафіксаваць нейкім мемарыяльным чынам імёны пералічаных асоб і ў дадатак Уладзіміра Высоцкага.

Мікалай ПЕЙГАН, аг. Сялец.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599