Сайт находится в тестовом режиме
Люди и судьбы

Любімы настаўнік, эксперт і проста добразычлівы чалавек…

09 Октября 2018 171 0

У маёй шматгадовай журналісцкай дзейнасці рэдка здаралася, каб бацькі прасілі расказаць на старонках СМІ пра любімую настаўніцу іх дзяцей. Але, пабываўшы ў сценах школы №1 г. Бярозы імя В.Х. Галаўко, пераканаўся: сапраўды аўтарытэт і шматгадовы вопыт настаўніка пачатковых класаў Таццяны Міхайлаўны Шрамавай дасягнуў адпаведных вышынь прафесіяналізму і, так скажам, народнага прызнання.

Дырэктар навучальнай установы Мікалай Васільевіч Жуковіч пра асобу таленавітага педагога зазначыў:

– Праз год пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Аркадзя Куляшова і па прычыне шлюбу з бярозаўскім хлопцам у 1991 годзе Таццяна Міхайлаўна прыехала да нас на працу з г. Барань Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. І вось дваццаць сем год шчыруе ў нас. Яна дысцыплінаваны і адказны настаўнік, які паспяхова вырашае пытанні навучання, выхавання і развіцця дзяцей.

Таццяна Міхайлаўна, настаўнік 4 “Б” класа, ужо другі год з’яўляецца экспертам новых вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове для 3 і 4 класаў з беларускай і рускай мовамі навучання. А значыць, і ад яе меркавання залежыць, ці быць пэўнай тэме або практыкаванню ў адпаведным падручніку для вучняў пачатковай школы нашай рэспублікі. Літаральна з першага ўрока роднай мовы ёй даводзіцца не толькі адказна весці заняткі, але і крытычна ставіцца да кожнай старонкі навучальнага выдання. Па выніках карпатлівай працы Таццяна Міхайлаўна ў канцы навучальнага года адсылае свой аналіз з указаннем станоўчых і адмоўных бакоў новых выданняў аўтару “Беларускай мовы” і метадыстам Нацыянальнага інстытута адукацыі. А з пачатку гэтага навучальнага года настаўніца з’яўляецца экспертам яшчэ і па выяўленчым мастацтве.

– Яе ўрокі ў пачатковых класах заўсёды праходзяць на высокім тэарэтычным і метадычным узроўнях, – уключаецца ў размову Ірына Паўлаўна Валевіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. – На занятках вучням цікава, бо Таццяна Міхайлаўна выкарыстоўвае разнастайныя прыёмы, метады і формы навучання. У адукацыйным працэсе гэтага педагога яскрава назіраецца дакладная логіка будовы ўрокаў і супрацоўніцтва з вучнямі і іх законнымі прадстаўнікамі. Выхаванцы Т.М. Шрамавай актыўныя, стараюцца граматна і лагічна адказваць на пастаўленыя пытанні. Стыль правядзення заняткаў беларускай і рускай моў у 3 і 4 класах вызначаецца ўдалай формай арганізацыі сітуацыі дыялога, абмену думкамі, стварэннем атмасферы поспеху праз маральнае стымуляванне. Таццяна Міхайлаўна ўмее падбадзёрыць і заахвоціць сваіх выхаванцаў. Яна пастаянна працуе над павышэннем свайго педагагічнага майстэрства. Актыўна ўдзельнічае ў рабоце школьнага і раённага метадычнага аб’яднання, знаёміцца з навукова-педагагічнай і метадычнай літаратурай, паспяхова выкарыстоўвае яе ў адукацыйным працэсе. Настаўніцы характэрны добразычлівасць, стрыманасць, сціпласць, чулыя адносіны да вучняў, бацькоў і калег. Яна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод грамадскасці раёна, а ў маі 2018 года на заключнай раённай нарадзе па выніках навучальнага года заслужана ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

Цудоўная характарыстыка Таццяны Шрамавай ад кіраўніцтва школы. У сувязі са святкаваннем нядаўна Дня настаўніка хочацца пажадаць ёй трывалага здароўя і поспеху ў нялёгкай і адказнай справе “сеяць разумнае, добрае, вечнае”.

Фота аўтара.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA