Люди и судьбы Год малой родины

Маравіль – мая калыска…

08 Сентября 2018 641 0

Радзіма – невялікае, але такое ёмкае слова! Колькі пяшчоты, ласкі, дабрыні, магнетызму адчуваецца ў ім! З чаго пачынаецца Радзіма? Здаецца, усё відавочна… На гэтае пытанне ў аднайменнай песні даўно адказаў Міхаіл Матусоўскі. І мы з задавальненнем пагаджаемся з ім. Але ўсё ж для кожнага з нас Радзіма пачынаецца з нейкай сваёй адметнай кропкі на геаграфічнай карце.

Для мяне – гэта Маравіль, пасёлак меліяратараў, што размешчаны ў жывапіснай мясціне нашага раёна. Маравіль – гэта мае бацькі, мой родны дом, мая калыска, школа, сябры, першае каханне, ваколіца, то ціхая, а то і занадта гучная. У памяці цудоўныя ўспаміны шчаслівага дзяцінства і юнацтва, дзе бацькі маладыя, добразычлівыя суседзі, вуліца, на якой ніколі не сціхалі дзіцячыя галасы. А ўлетку – традыцыйна – суседскія сады і агароды з неверагодна смачнымі клубніцамі, вішнямі, грушамі і яблыкамі. Смак і водар тых недаспелых пладоў немагчыма забыць і параўнаць ні з адным заморскім прысмакам.

Маравіль – гэта яркія зоркі ў ясную ціхую ноч, гэта шум ветру ў верхавінах дрэў, гэта векавы дуб у полі, якога не знішчылі ні буры, ні полымя, гэта ўлетку два статкі людскіх кароў, што налічвалі болей сотні галоў.

Зараз Маравіль – сучасны аграгарадок з такімі ж, як і раней, цудоўнымі, таленавітымі, праца-вітымі людзьмі, дзе ёсць Дом культуры, магазіны, участак жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Тут размешчаны Сігневіцкая сярэдняя школа, сельская бальніца, ПМК-54. Многія задаюцца пытаннем: адкуль такая назва ў нашага аграгарадка? Яшчэ нейкую сотню гадоў таму вёскі не было. Тут размяшчаўся панскі фальварак, які разам з Машковічамі, Маліннікам, Равяцічамі, Пад’ябланню ўваходзіў у склад маёнтка Сігневічы. Вядомы краязнавец Леанід Несцярчук у сваёй кнізе “Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X – XX стагоддзяў” піша, што колішняя сядзіба Маравіль належала старадаўняму беларускаму роду Леяў нямецкага паходжання. Старажылы казалі, што сядзібу графы купілі ў свайго суайчынніка нямецкага паходжання Маравіля (мабыць, прозвішча было іншае, але сугучнае), адсюль і пайшла назва населенага пункта. Прадстаўнікі адной з ліній графаў Нейгаф-Леяў прыехалі і аселі ў пачатку XVIII стагоддзя на беларускіх землях. У канцы XIX стагоддзя гаспадаром Маравіля быў граф Рамуальд Нейгаф-Лей, які і пабудаваў сядзібны дом і заклаў вялікі пейзажны парк з ліпамі, каштанамі, таполямі, дубамі і дэкаратыўнымі кустамі. Дом быў драўляны, аднапавярховы, мансардны з высокім дахам, але з дастаткова сціплай унутранай аздобай. Час, на жаль, не стаіць на месцы, ён мяняе ўсё навокал.

У савецкі час дом «пана маравільскага» неаднаразова перабудоўваўся, тут па чарзе былі клуб, сталовая, дзіцячы садок. У наш час пабудова захавалася, тут зараз прыватнае жыллё. Тэрыторыя парку забудавалася жылымі дамамі і гаспадарчымі пабудовамі тады, калі ў Маравілі размясцілася цэнтральная сядзіба Сігневіцкага ўпраўлення па меліярацыі зямель. У 70-я гады гэта была ўдарная камсамольская будоўля, і мясцовая моладзь за сваю працу не раз заваёўвала ганаровыя сцягі ЦК ВЛКСМ. Паступова вырас пасёлак з двух-, трохпавярховымі дамамі і адпаведнай інфраструктурай.

Некалькі год таму маравільцы вымушаны былі развітацца з алеяй са старых елак, што вяла да панскага дома. Толькі высокая светлая арка, нязменны сімвал мястэчка, указвае напрамак да яго. Але мясцовыя жыхары, як і раней, называюць вуліцу Меліяратыўную Алейкай. А арка працягвае ўпрыгожваць аграгарадок, на яе аднаўленне Бярозаўскім райвыканкамам былі выдзелены адпаведныя сродкі, а работы выканалі мясцовыя спецыялісты.

Кожны чалавек мае жыць, як хоча і дзе хоча, так, як дазваляе яму сумленне, але забываць традыцыі, уклад жыцця продкаў не мусіць. Маравільцы ніколі не мелі праваслаўнай царквы, таму ў снежні 2009 года разам з жыхарамі вёсак Сігневічы, Мар’янова і Зарэчча ўтварылі рэлігійную абшчыну і на першым сходзе вырашылі будаваць царкву. Месца выбралі прыгожае ў аг. Сігневічы – каля цэнтральнай дарогі з вельмі зручным пад’ездам. Будавалі храм, як гавораць, усім светам, і ў 2015 годзе закончылі. 4 жніўня 2015 года храм быў асвечаны ў гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам на радасць усім прыхаджанам. Я вельмі люблю бываць у гэтым светлым месцы. Настаяцель храма іерэй Аляксей Асіпчук і матушка Алена верна служаць Богу і людзям дзеля адраджэння духоўнасці нацыі. Гэтым летам мне пашчасціла прысутнічаць у Дзень святых Пятра і Фяўроніі Мурамскіх, жыццё якіх многія стагоддзі з’яўляецца прыкладам хрысціянскага шлюбу, на свяце ў нашым Свята-Марыі-Магдалінскім храме. Бацюшка Аляксей і матушка Алена пастараліся ўсё арганізаваць так, каб свята запомнілася і малым, і дарослым сваёй цеплынёй, пяшчотай, шчырасцю, прыкладам чалавечых адносін. 4 жніўня не менш запамінальная дата, таму што мае землякі адзначаюць у гэты дзень прыстольнае свята ў гонар святой Марыі Магдаліны, а для мяне гэта свята – Божы падарунак у мой дзень нараджэння.

Дзе б мы ні былі, куды б ні закінуў нас лёс, зноў і зноў хочацца вяртацца дамоў, да сваёй “калыскі”, дзе цябе заўсёды чакаюць, дзе табе рады, цябе любяць, дзе ты можаш расказаць пра ўсе свае нягоды, дзе ад цябе чакаюць спачування і падтрымкі родныя, дзе сцены грэюць і па-асабліваму ўсміхаецца сонейка, дзе жывуць нашы ўспаміны, куды вядуць усе шляхі.

Паважаныя суайчыннікі! Я жадаю вам захаваць у сваіх сэрцах тое роднае зярнятка, з якога ўсё пачынаецца і завецца нашай малой радзімай.

Ірына РУДСКАЯ, г. Бяроза. Фота аўтара.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA