Образование

Адкрываем нанова беларускае слова

04 Декабря 2019 2043 0

свята мовы.jpg

Здараецца чуць, што мала гучыць цяпер у школах выразнае паэтычнае слова. Настаўнікі далёкіх дзесяцігоддзяў памятаюць, што ў выпускным класе па беларускай літаратуры быў абавязковым экзамен, які праводзіўся вусна. Вось там і гаворка, і чытанне на памяць. А цяпер з гэтым якраз дэфіцыт. Сённяшнія выпускнікі з вусных экзаменаў здаюць толькі гісторыю і англійскую мову. А замест уступных іспытаў – тэсты. Толькі рэдкія ВНУ маюць факультэты, дзе можа быць вусны экзамен.

На ўроках літаратуры вучаць на памяць вершы. Часта ў дзяцей складваецца меркаванне, што галоўнае тут – механічнае завучванне. А такі фармальны падыход зніжае вартасці верша, не дае магчымасці заглянуць глыбей у сэнс яго, перакрэслівае прыгажосць і эмацыянальнае ўздзеянне твора. Не ўлоўліваецца і задума аўтара. Але ж праграма па літаратуры такая, што доўга спыняцца на адным творы не прыходзіцца. Як жа навучыць вучняў адчуваць музыку слова? Як зрабіць так, каб дзеці адчулі задуму аўтара, перажыванні яго лірычнага героя?

І яны, гэтыя перажыванні, прайшлі праз душу і сэрца? У старажытныя часы яшчэ Сакрат сказаў: ”Загавары, каб я цябе ўбачыў”. Гэта значыць, праз гаворку бачыцца чалавек, яго інтэлект, душа. Таму важна, каб яго мова была, прабачце, не кашай у роце, а выразна вымаўленымі словамі, зразумелымі субяседніку.

Адна з мэт літаратуры – навучыць выразнаму чытанню. Важным сродкам такога навучання могуць быць конкурсы чытальнікаў. Трэба аддаць належнае, што такі конкурс пад назвай “Жывая класіка” вось ужо каторы год праходзіць у нашым раёне, па-вінна іх праводзіць і кожная асобна ўзятая школа. Выразнае чытанне – гэта перш за ўсё клопат настаўніка-славесніка.

Аб адным такім свяце беларускага мастацкага слова, пад назвай “Палессе маё дарагое”, якое было праведзена ў Стрыгін-скай сярэдняй школе, і хочацца нагадаць.

А на роднай мове па творах беларускіх пісьменнікаў праводзілася яно ўпершыню. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Т.П. Дымша і А.Ю. Казловіч-Усцілоўская (арганізатар і вядучая) папрацавалі з вучнямі над выбранымі для конкурса вершамі. Так атрымалася, што ўдзельнічалі, акрамя Стрыгінскай, яшчэ і некалькі вучняў сярэдняй школы № 3 г. Бярозы і школы аг. Здзітава. Вучні 5-11-х класаў цёпла віталі журы конкурсу, у склад якога ўваходзілі В. Д. Осіпава – паэт, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама Ганна Паляк, студэнтка інстытута сучасных ведаў імя Шырокава, дыпламант конкурсу дыкламатарскага майстэрства на польскай мове 2019 года. У свяце ўдзельнічалі і іншыя вучні Алены Юр’еўны, якія наведваюць гурток польскай мовы. Аб цеснай сувязі настаўніцы са сваімі вучнямі сведчыць і тое, што ўпрыгожыць свята, надаць яму атмасферу ўзнёсласці прыехалі таксама яе гурткоўцы, выхаванцы музычнай школы – Эвяліна Шаўчук і Павел Гарматны. Менавіта з выкананай імі песні “Дзе мой край” на словы Уладзіміра Караткевіча і пачалося свята мастацкага слова.

Паслухаць дэкламатарскае майстэрства сваіх выхаванцаў прыйшлі бацькі і настаўнікі, а таксама аднакласнікі. Адзінадушным было рашэнне журы: сярод 5-7-х класаў першае месца было прысуджана Ганне Тукач (6 клас, школа аг. Здзітава). Так выразна, такія жыццёва праўдзівыя інтанацыі былі знойдзены ёю пры дэкламацыі байкі Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”! З задавальненнем слухалася чытанне Міланай Малахавай

(6 клас, Стрыгінская СШ) верша Эдзі Агняцвет “Буду настаўнікам” – дыплом ІІ ступені. Аляксандр Ківатыцкі (5 клас, Стрыгінская СШ) здолеў эмацыянальна данесці да слухачоў верш Ніны Мацяш “Валяр’ян” і заслужыў дыплом ІІІ ступені.

У катэгорыі 8-11-х класаў лепшым быў Мікалай Гуд (11 клас, Стрыгінская СШ). Чытанне ім “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага прымусіла прысутных змахнуць няпрошаную слязу. Маргарыта Цюшкевіч (10 клас, СШ № 3 г. Бярозы – ІІ месца) заставіла слухачоў пранікнуцца павагай да гісторыі роднай Бярозы. Прачытаны ёю верш Галіны Паўховіч “Паданне пра Бярозу-Картузскую” ў перакладзе з польскай мовы на беларускую Алены Казловіч-Усцілоўскай, яскрава аднавіў старонкі роднай мінуўшчыны. Настасся Макоўчык (8 клас, Стрыгінская СШ – ІІІ месца) баладай “Свіцязянка” Адама Міцкевіча здолела ўвесці ў цудоўны свет невычэрпнай крыніцы вуснай народнай творчасці. Прыза глядацкіх сімпатый удастоена Дзіяна Макоўчык (10 клас, Стрыгінская СШ) за чытанне ўрыўка з рамана Ніла Гілевіча “Родныя дзеці”.

Прагучалі глыбокія па зместу, таленавіта дэкламаваныя творы, якія закранулі душы ўдзячных слухачоў. Напрыканцы быў майстар-клас ад журы. Прыемна, што Валянціна Осіпава, чыё слова кампетэнтнае ў паэзіі, заўсёды адгукаецца на запрашэнне выступіць перад вучнёўскай і моладзевай аўдыторыяй са сваімі вершамі. І ў гэтым яна таксама бачыць сваю місію паэткі.

Свята ўдалося. І прысутныя, і ўдзельнікі атрымалі задавальненне ад таго, што сутыкнуліся з музыкай паэтычнага слова. Засталося падзякаваць арганізатарам і чытальнікам: яны пачынальнікі добрай справы. І, думаецца, салідарны з радкамі Т. Дзмітрусёвай:

…О, слова маміна здаля!

Мне з ім і плакаць, і смяяцца,

Мне жыць з ім сёння і пасля…

Галіна ХАЛІМОНЧЫК, г. Бяроза.     

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599