Образование

Ірына Пабожная стала бронзавым прызёрам абласнога этапа конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”

27 Марта 2020 2748 0

Побожная.jpg

Спаборніцтвы сярод педагогаў адбыліся ў Брэсце на мінулым тыдні. Перш чым заняць трэцюю прыступку ў сваёй намінацыі, настаўнік-метадыст Ірына Уладзіміраўна, настаўнік геаграфіі Стрыгінскай сярэдняй школы, прайшла шэраг іспытаў. Здала тэст па асновах псіхалогіі і педагогікі, дала ўрок у 8 “В” класе 26-й брэсцкай школы, правяла самааналіз заняткаў і майстар-клас для настаўнікаў, а ў завяршэнне выступіла перад журы на тэму “Сэрцам адданыя роднай зямлі”.

– Настаўнік ХХІ стагоддзя – гэта аніматар, які здолее з выкарыстаннем тэхнічных і інфармацыйных сродкаў ажывіць свой прадмет, дапаможа раскрыцца вучню, – разважала Ірына. – Сучасныя дзеці… Кожны са сваім характарам і марай. Але ўсе яны належаць да лічбавага пакалення, пакалення Z, якое хутка думае і рэагуе, ведае, што такое тролінг, хайп, фрыланс. І каб размаўляць з імі на адной мове, адцягнуць увагу ад ролікаў у Ютубе і зацікавіць магчымасцямі вучэбнага прадмета “Геаграфія”, я разбавіла традыцыйныя прыёмы і метады навучання. Выкарыстоўваю элементы візуалізацыі, гейміфікацыі, сторытэлінгу. І вучням цікава. Цікава даведацца, хто такі “перуанскі беларус”, дзе знаходзяцца “беларускія Мальдывы”, паназіраць за краявідамі з Эйфелевай башні… Мы разам шукаем адказы на пытанні, разам працуем і робім адкрыцці…

Насамрэч вынікамі сумеснай працы Ірыны Пабожнай і яе вучняў сталі шматлікія перамогі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У яе метадычным арсенале – адкрытыя ўрокі, майстар-класы, выступленні на прадметных семінарах, публікацыі ў газетах і часопісах. У мінулым годзе яна стала пераможцай ХVІІІ Рэспубліканскай выставы-конкурсу навукова-метадычных матэрыялаў у намінацыі “Інавацыйны вопыт педагога”. Асаблівую асалоду атрымлівае ад таго, што восем яе вучняў абралі прафесію настаўніка геаграфіі.

Конкурсны ўрок у Брэсце давала па тэме “Японія”, падчас якога, у прыватнасці, дзеці малявалі іерогліф шчасця і прызналіся новай настаўніцы, што прынялі атрыманыя ад яе веды з вялікім задавальненнем. А для яе шчасце – несці ў жыццё святло.

– Сэрцам адданыя роднай зямлі… Хочацца паставіць працяжнік і сказаць: настаўнікі, – зазначыла ў заключным выступленні канкурсантка.

А праз газету папрасіла выказаць удзячнасць сваім куратарам па падрыхтоўцы да конкурсу: намесніку начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Але Мінко і настаўніцы Стрыгінскай школы Алене Казловіч-Усцілоўскай, а таксама адміністрацыі і ўсім астатнім калегам роднай школы.

Як паведамляў раней “Маяк”, на абласным узроўні конкурсу “Настаўнік года” Бярозаўскі раён таксама прадстаўлялі Віктар Гардзейчык і Галіна Руціч. Абое занялі чацвёртыя месцы ў сваіх намінацыях.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота Сяргея БАБРОВА.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599