Образование

Калядная дэкада - як інавацыйны праект СШ №3 г. Белаазёрска

13 Февраля 2019 480 0

Гутарка са свяшчэнникам.jpg

Ужо дзве тысячы гадоў Нараджэнне Хрыстова – самае радаснае і доўгачаканае свята для хрысціян усяго свету. З’яўленне на небе першай зоркі як сімвала той, што свяціла над Віфліемам, напаўняе сэрцы людзей цеплынёй і надзеяй, прымушае задумацца над вечнымі пытаннямі жыцця. У рамках супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі Беларусі і праваслаўнай царквы ў СШ №3 г. Белаазёрска стала традыцыяй правядзенне Каляднай дэкады, якая пачынаецца адразу пасля канікул і доўжыцца да Хрышчэння.

На гэты раз дэкада праходзіла яшчэ і ў рамках інавацыйнага праекта па духоўна-маральным выхаванні, які рэалізуе школа з новага навучальнага года. Яго мэтай з’яўляецца павышэнне ўзроўню маральнага развіцця асобы навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ў сучаснай адукацыйнай прасторы праз рэалізацыю рэгіянальнага сацыякультурнага кластэра. Адна з задач, над якой працуе калектыў школы, – выхаванне ў вучняў любові да Бацькаўшчыны, сацыяльнай адказнасці і маральнага доўгу, гуманнасці і міласэрнасці з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента, ведаў пра мясцовых святых і святыні.

Падрыхтоўка да святочных мерапрыемстваў пачалася загадзя. Работа вялася ініцыятыўнай групай праекта, класнымі кіраўнікамі, педагогамі, бацькамі і вучнямі.

8 студзеня фае школы сустракала ўсіх па-святочнаму. Дзень творчасці пачаўся з выставы малюнкаў “Нараджэнне Хрыстова вачыма дзяцей” і выставы сувеніраў “Калядная казка”. У цэнтры фае прыцягвала да сябе ўвагу калядная ёлачка, якую вучні ўпрыгожылі цацкамі, зробленымі сваімі рукамі. Была падрыхтавана выстава “Гісторыя адной кнігі. “Снежная каралева”. Дзеці маглі пазнаёміцца з цікавымі эпізодамі з жыцця знакамітага казачніка Г.К. Андэрсэна, хрысціянскім зместам кнігі, параўнаць урыўкі з цэнзурай і без яе.

У дзень добрых спраўяркім момантам стала віншаванне вучнямі школы сваіх педагогаў. На вялікім перапынку ў настаўніцкай гучалі калядныя песні, вершы, быў накрыты стол з салодкімі пачастункамі. Усе адчувалі ўзнёслы настрой, усміхаліся адзін аднаму. Педагогаў павіншавала са святам дырэктар школы С.У. Карповіч. Быў запрошаны іерэй Алексій, свяшчэннік храма прп. Серафіма Сароўскага, які таксама выступіў са словамі віншаванняў і пажадаў настаўнікам цярпення ў іх нялёгкай працы. Штогод у школе праходзяць гутаркі сам-насам са свяшчэннікам. І ў гэты раз можна было атрымаць змястоўныя адказы на пытанні, якія цікавілі вучняў і настаўнікаў. Болей за сорак чалавек запісалася на сустрэчу. Спадзяёмся, што для кожнага яна была карыснай і павучальнай.

Традыцыйнай стала акцыя “Калядная радасць”. Ужо не першы год навучэнцы школы збіраюць салодкія пачастункі для хворых Белаазёрскай бальніцы. І цяпервучні не засталіся раўнадушнымі: шчодра дзяліліся навагоднімі падарункамі.

У чацвер у школе прайшоў дзень каляднага кіно. Для малодшых школьнікаў былі паказаны фільмы “Калядная дзяўчынка” і “Віфліемская зорка”, а для старшых – “Сабачы дзень” і “Ты той чалавек”. Вучні павінны былі выбраць фільм, які ім спадабаўся. Учынак маленькай дзяўчынкі, якая вырашыла прадаць самае дарагое, што ў яе было, – любімую ляльку, каб купіць хворай маме цёплыя рэчы, і маладога хлопца, які, ахвяруючы сваёй кар’ерай, выратаваў бяздомнага сабаку, выклікалі ў вучняў слёзы. Гэтыя гісторыі вельмі ўсхвалявалі школьнікаў, прымусілі суперажываць героям.

У пятніцу, 11 студзеня, былі падведзены вынікі конкурсаў, у якіх прынялі ўдзел вучні амаль усіх класаў. Журы ўлічыла і майстэрства, і творчы падыход, і акуратнасць дзіцячых работ. Самымі актыўнымі былі вучні 2-х класаў (класныя кіраўнікі – А.В. Водзіч, Т.І. Ледаўскіх, А.В. Казачэнка) , 3 “А” (класны кіраўнік – Т.І. Петрусенка), 3 “Б” (класны кіраўнік – В.Дз. Суліма), 6 “Г” (класны кіраўнік – С.Я. Чэховіч). Вечарам святочна ўпрыгожаная актавая зала ледзь умясціла гасцей: педагогаў, вучняў, іх бацькоў, ветэранаў працы. Быў запрошаны і настаяцель храма прп. Серафіма Сароўскага протаіерэй Сергій Утрата. Вялікі калядны канцэрт “Святло Віфліемскай зоркі” быў падрыхтаваны сіламі бацькоў і дзяцей. Гучалі віншаванні і песні пра Нараджэнне Хрыстова, пра шчасце, любоў, сяброўства. Выступілі І.М. Чынілава і яе дачка Ганна, вучаніца 2 “А” класа; В.І. Янбаева і дачка Ларыта, вучаніца 5 “В” класа; Н.І. Чарвякоўская і дачка Сафія, вучаніца 6 “В” класа; І.І. Шкляр і дачка Алена, вучаніца 10 “Б” класа; Ю.С. Барушка, бацька вучняў 2 “Б” і 6 “Г” класаў; А.М. Кузьміч і дачка Даша, вучаніца 3 “Б” класа; сёстры Вікторыя і Надзея Мартысевіч, вучаніцы 8 “А” і 5 “А” класаў; брат і сястра Міхаіл і Вольга Лічыкі, вучні 3 “А” і 1 “Б”класаў. На працягу канцэрта пераможцам і ўсім удзельнікам конкурсаў дырэктар школы С.У. Карповіч і протаіерэй а. Сергій уручалі граматы і каштоўныя падарункі, якія былі куплены пры фінансавай падтрымцы храма прп. Серафіма Сароўскага. Падарункі атрымалі таксама самыя актыўныя класныя кіраўнікі і ветэраны працы. У знак удзячнасці былыя педагогі школы павіншавалі ўсіх прысутных і праспявалі калядную песню. Атмасфера канцэрта была вельмі цёплай. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі канцэрта выйшлі на сцэну і разам выканалі развітальную песню.

На працягу наступнага тыдня прайшлі святочныя пасядзелкі ў класах, экскурсіі на выставу “Гісторыя адной кнігі. “Снежная каралева”, інфармацыйныя і класныя гадзіны “Нараджэнне Хрыстова. Гісторыя свята”, “Храм у гісторыі майго горада”.

У час экскурсии.jpg

Падчас экскурсіі.

Ні адно хрысціянскае свята нельга ўявіць сабе без добрых спраў, міласэрнасці і спагады. Віншаваць хворых бальніцы стала традыцыяй для членаў гурткоў “Добрае слова”, “Юны валанцёр”. Вучні падрыхтавалі пяцьдзясят салодкіх падарункаў. А да кожнага з іх паклалі фігурку маленькага анёла, зробленую сваімі рукамі. 16 студзеня гурткоўцы выступілі перад хворымі неўралагічнага аддзялення са святочным канцэртам, а потым уручылі падарункі. Людзі былі ўзрушаны такой увагай і шчыра дзякавалі за радасны настрой.

А ў суботу адбылася хрышчэнская сустрэча вучняў 11-х класаў з выпускнікамі 1976 і 1977 гадоў А.В. Макарэвічам і Н.П. Салівончыкам. Юнакі і дзяўчаты задавалі пытанні на розныя тэмы, а госці дзяліліся вопытам са свайго жыцця. Паўтары гадзіны прайшлі на адным дыханні.

сустрэча з выпускниками.jpg

Сустрэча з выпускнікамі.

Свята скончылася, але пакінула пасля сябе самыя светлыя ўражанні. Радасна, што ў наш час у школе ёсць такая магчымасць гаварыць пра вечныя каштоўнасці: любоў, веру, міласэрнасць, вучыць дзяцей дапамагаць тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Што ёсць такія ініцыятыўныя, нераўнадушныя людзі, якія многа сіл, асабістага часу аддаюць маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Гэта ў першую чаргу Святлана Яўгенаўна Чэховіч і Ірына Мікалаеўна Радзіонава, арганізатары свята, намаганнямі якіх ужо многа гадоў школа працуе на ніве духоўнага адраджэння. Гэта і дырэктар Святлана Уладзіміраўна Карповіч. Дзякуючы яе падтрымцы пачаў рэалізоўвацца праект “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластэра”. Безумоўна, гэта таксама педагогі і класныя кіраўнікі, якія добраахвотна ўключыліся ў работу па духоўным выхаванні сваіх вучняў. Хочацца закончыць свой аповед словамі святога Іаана Златавуста: «Няма ніякага вышэйшага мастацтва, як мастацтва выхавання… Мудры выхавальнік стварае жывы вобраз, гледзячы на які, радуюцца Бог і людзі».

Наталля ЖУКОВІЧ, бібліятэкар сярэдняй школы №3 г. Белаазёрска.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
CAPTCHA
Номер 53135599