Образование

Паэтычнае Палессе

03 Июня 2019 670 0

консул.jpg

Адміністрацыя Стрыгінскай сярэдняй школы ў чацвёрты раз арганізавала конкурс чытальнікаў на польскай мове “Палессе маё дарагое”, які прайшоў 25 мая. У гэтым годзе ён сабраў шмат аматараў польскай і беларускай паэзіі. На конкурсе прысутнічалі ганаровыя госці: Генеральны консул Польшчы ў Брэсце Пётр Казакевіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з Парламентам Рэспублікі Польшча Леанід Іванавіч Качына. Таксама на мерапрыемстве былі кіраўнік спраў Стрыгінскага сельскага выканаўчага камітэта Жанна Васільеўна Вакуліна і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Наталія Дзмітрыеўна Кавалевіч. Падрыхтавала канкурсантаў і правяла мерапрыемства настаўнік беларускай і польскай мовы Алена Юр’еўна Казловіч.

З прывітальным словам да гасцей і ўдзельнікаў звярнулася дырэктар Стрыгінскай СШ Людміла Сяргееўна Мшар. Ва ўступнай частцы прагучалі беларускамоўны верш “Дакрануся душою” Алены Казловіч-Усцілоўскай у выкананні вучаніцы Вольгі Крагель і верш на польскай мове “Легенда пра Бярозу-Картузскую” Галіны Паўховіч, які прачытала Маргарыта Цюшкевіч. Паэтычны ўступ прадставіў багатую гісторыю Бярозаўшчыны – часткі Палесся.

Акрамя твораў класікаў польскай літаратуры, на конкурсе прагучалі вершы сучасных польскіх паэтаў Падлясся Хэнрыка Козака і Хэлены Ромашэўскай. Мерапрыемства ўпрыгожыў паэтычны майстар-клас ад Валянціны Осіпавай. Сапраўдным падарункам для гасцей і ўдзельнікаў былі музычныя нумары дуэта ў складзе Эвеліны Шаўчук і Паўла Гарматнага. Прафесійнае выкананне твораў на розных мовах і такое ж прафесійнае музычнае суправа-джэнне на гітары пакінулі яркае ўражанне. Дапоўніла мерапрыемства выстава малюнкаў яшчэ юнага, але ўжо мастака – дыпламанта конкурсу “Палессе маё дарагое” Уладзіміра Мацейчыка. Яна была арганізавана адміністрацыяй Стрыгінскай школы сумесна з настаўнікам мастацкага аддзялення Дзіцячай школы мастацтваў г. Бярозы Таццянай Мікалаеўнай Зданевіч.

Журы ў складзе Леаніда Качыны, Юліі Усцілоўскай (арганізатар культурнай дзейнасці, кіраўнік харавога (фальклорнага) аматарскага калектыву) і Леаніда Грэчкі (старшыня арганізацыйнага камітэта міжнароднага літаратурна-музычнага фестывалю “Славянскі вянок”) пільна слухала выканаўцаў і выносіла творчы вердыкт, вызначаючы дыпламантаў. Дыпломамі I ступені ўзнагароджаны Ганна Тукач, Глафіра Чапайла і Ксенія Арэхва, дыпломамі II ступені – Арсеній Варган, Маргарыта Цюшкевіч, Павел Гарматны, III ступені – Караліна Фесько, Усевалад Амелька, Уладзімір Мацейчык. Дыпломы за выразнае чытанне атрымалі Вікторыя Лісюк, Дар’я Палуян і Ганна Паляк.

Госці мерапрыемства ў гэты дзень таксама наведалі царкву Святога апостала Іаана Багаслова ў Стрыгіні, школьны музейны пакой “Мая Бацькаўшчына” і рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”.

Павел КАЗЛОВІЧ, г. Бяроза.

Фота Алены КУЗУБ.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
CAPTCHA
Номер 53135599