Общество

21 красавіка – Вялікдзень (каталіцкі): віншаванне біскупа Антонія Дзям’янкі

20 Апреля 2019 312 0

пасха католическая сайт.jpg

“Паколькі праз чалавека прыйшла смерць,

так праз Чалавека – і ўваскрашэнне памерлых.

Бо як у Адаме ўсе паміраюць,

так і ў Хрысце ўсе будуць ажыўлены”.

      (1 Кар 15, 21-22)

Дарагія браты і сёстры!

Сустрэча з таямніцай Хрыстовай Пасхі яшчэ глыбей адкрывае перад намі веліч і моц Божай любові да чалавека. Радаснае і поўнае веры перажыванне Велікодных святаў напаўняе нас свядомасцю таго, якое велізарнае значэнне мае хрысціянства і як моцна яно перамяняе жыцці цэлых грамадстваў і паасобных людзей. Гэтыя святочныя дні ствараюць асаблівую нагоду для ўдзячнасці, а таксама спаткання з роднымі і блізкімі ў атмасферы, напоўненай духам Хрыстовай перамогі, прабачэння і любові.

Перажыванне пасхальнай таямніцы веры дапамагае іншым позіркам паглядзець на наша зямное жыццё. Сын Божы вядзе сваіх вучняў да канчатковай перамогі, пачынаючы ад Апошняй Вячэры праз крыжовую смерць у Вялікую Пятніцу аж да радаснага воклічу: “Алелюя! Хрыстус Уваскрос!”, які разносіцца па ўсім свеце з пакалення ў пакаленне.

Жадаю вам, каб Велікодныя святы напоўнілі вашы сэрцы і вашы сем’і супакоем, радасцю жыцця і шчодрымі ласкамі Уваскрослага Пана. Няхай святочная атмасфера Пасхі ўмацуе ваш дух у малых і вялікіх жыццёвых справах, дадае сіл і аптымістычнага позірку ў будучыню. Няхай Змёртвыхпаўсталы Езус, які перамог грэх і смерць, суправаджае вас і благаслаўляе на кожны дзень жыцця.

Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Алелюя!

З пасхальнымі віншаваннямі

Антоній ДЗЯМ’ЯНКА, Біскуп Пінскі.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA
Номер 53135599