Общество

25 снежня – Божае Нараджэнне (паводле грыгарыянскага календара)

24 Декабря 2018 1606 0

божае.jpg

Віншаванне з нагоды аднаго з галоўнейшых хрысціянскіх святаў ад кіраўнікоў каталіцкіх парафій Бярозаўскага раёна.

Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якiм ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2, 10–11).

Глыбокапаважаныя парафіяне, браты і сёстры ў Езусе Хрысце!

У чарговы раз нашы сэрцы скіраваны да падзей Бэтлеемскай ночы, калі Божае святло прыйшло на зямлю, несучы з сабой Божую праўду i невычарпальны зарад духоўнага аднаўлення, каб развеяць цемру чалавечага сэрца.

Для нас i дзеля нашага збаўлення Бог прыняў людское цела, каб вызваліць нас з няволі граху, каб мы нанова «ад Бога нарадзіліся» (Ян 1, 13), сталіся братамі Яго Сына і Яго ўсыноўленымі дзецьмі. Няхай Урачыстасць Божага Нараджэння ажывiць у нашых сэрцах агонь веры, каб мы маглi жыць у яго бляску i цяпле, маглi асвятляць i саграваць iм iншых. Няхай народжаны Езус у Бэтлееме нашых сэрцаў прыносіць дары, якія з’яўляюцца фундаментам існавання кожнага чалавека. Ён для нас крыніца ўсіх ласк: веры, надзеі і любові, прабачэння, супакою і справядлівасці. З Ім, у Ім і праз Яго, мы, слабыя людзі, становімся моцнымі, святымі і напоўненымі радасцю ўжо тут – на зямлі. Мы не павінны звяртаць увагі на штодзённыя цяжкасці. Клопаты, матэрыяльны недахоп, часам цярпенні – гэта толькі прылада, дзякуючы якой мы правяраем сваю веру і вернасць Богу. Услед за святым Паўлам паўтару: «Бо я перакананы, што ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні ўлады, ні цяперашняе, ні будучае, ні сілы, ні вышыня, ні глыбіня, ні іншае якое стварэнне не зможа адлучыць нас ад любові Божай, якая ёсць у Хрысце Езусе, Пане нашым».

Дзякуючы нашаму досведу мы ўзмацняем сваю душу і веру. Няхай Божы Сын, Які нараджаецца ў нашых сэрцах, узмацняе і нясе радасць усім людзям добрай волі. Няхай Дзіця, народжанае ў Бэтлееме, асвятляе і напаўняе нашы сэрцы надзеяй і спакоем, вернасцю і міласэрнасцю, каб мы заставаліся ў Яго любові. Няхай Нованароджаны Езус благаславіць усе добрыя натхненні ў новым, 2019 годзе.

Радасцi, шчасця, благаслаўлення Божага Дзiцяцi ўсiм вам.

Уладзімір БУКЛЯРЭВІЧ, дэкан Пружанскага дэканата, ксёндз пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы.

Вікарый ксёндз Дзяніс КРЫВАНОСАЎ.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA