Общество

Час і людзі

28 Мая 2019 1129 0

На кірмашы. 7 1.jpg

Першы добраахвотнік пагандляваць на кірмашы.


Падараваў радзіму лёс,

Дзе хор птушыных галасоў,

Валошак сінь, блакіт нябёс

І хвалі спелых каласоў –

І ёсць мой край, мая любоў.

…Хіба магчыма адарвацца,

Калі зямля і сіла каранёў

Даюць упэўнена трымацца?

Ці спатрэбяцца каму мае ўспаміны, ці зачэпяць куточак чыёй памяці, крануўшы струнку душы? У Сяльцы Бярозаўскага раёна жылі мая мама і бабуля. Тут прайшло маё дзяцінства і амаль усё жыццё, і лепшага месца няма ва ўсім свеце.

Змянілася вёска, нават назва гучыць па-іншаму, не Сэлец, а Сялец, цяпер аграгарадок. Не пачуеш, як раней, у размове Пікулінэ, Подвэрб’е, Забэрэззе, Плюшчэй, Буды, Доўга Вэроць, Сапежынскі лес, Морозы, першы, …трэці мост, бо няма ні тых мясцін, ні людзей, якім яны былі знаёмы. Са Школьным, Крацавым, Бэрэзняковым, Конскім бродамі знікла рака Башта, у якой кашамі лавілі рыбу. На грудку ля яе пасвіліся каровы, коні, а мы, дзеці, пільнавалі гусей. На месцы ракі дзяцінства цячэ канал ужо без таўшчэзных вольхаў.

Яшчэ ў 1944 годзе брукаваная вуліца 1 Мая называлася Вялікай (Вэлікою), альбо Глаўнаю. Успамінаецца з далёкага дзяцінства, як тут ля кожнай хаты – лаўка. У нядзелю і святочныя дні сельчукі любілі сядзець каля сваіх хат: старыя жанчыны ў доўгіх у зборку спадніцах, у фартухах і хустках, басанож. Мужчыны курылі самакруткі з махоркі і тытуню, які вырошчвалі на агародах. Не здзіўляла, што па вечарах у нядзелю, у святы ля сваіх хат ігралі музыкі: гарманіст Суржынскі на Фурштаце і акардэаніст Юленька (Павел Новыш) на Вялікай. Разносіліся пераборы гармоніка і акардэона – здалёк чуваць! На вуліцы гучалі песні – дзе збіраліся, там і спявалі. Такое сёння лічыцца дзіўным. І час другі, імклівы, таварыскасць праз смартфоны, мабільнікі і камп’ютары.

Вельмі падабалася, калі летам за поўнач, вяртаючыся з фермы пасля дойкі кароў, мама з сяброўкамі спявалі. Спеў гучны, зладжаны, прыгожы далёка разносіўся ў начной цішы. У бабулі Каштоўскай адчынена акно. Чакае! Пажаданне дабранач і дзякуй за спеў – гэта абавязкова ад яе. Нікога з іх ужо няма, толькі памяць засталася.

Часам на адным двары стаялі дзве-тры хаты розных гаспадароў, і былі яны недалёкаю раднёю. Хацінка Ольжбеты на адным двары з хатаю Хрэніхі (Ганны Васілевіч). Без падлогі, з палацямі за печкаю, з маленькімі акенцамі без фіранак, якія па вечарах зыркалі святлом ад газнічкі – гэта пасляваенныя і 50-я гады. Вуліца цягнулася пад самымі вокнамі, і хаты не ўсе былі адгароджаны плотам. Некаторыя стаялі за метраў дваццаць-трыццаць ад дарогі. Уся Вялікая вуліца (упамінаецца рэвізорам у 1566 г.) была шырокай і брукаванай, у зеляніне: раслі бярозы, дубы, ясені, каля хаты Каштоўскай – вялікае старое дрэва чаромхі, прыгожае і пахучае. Глаўная зварочвала ўлева, абса-джаная вербамі (не так даўно стала вуліцай Навасёлаў), пераходзіла ў дарогу на Блудэнь (цяпер Першамай-ская). Яна перакрыжоўвалася з дарогай, што ішла з Бярозы ў напрамку Сашыцы.

З дакументаў па рэвізіі плацін і мастоў, выкананых у 1756 годзе Камісіяй Скарбовай Вялікага Княства Літоўскага, вядома аб існаванні гасцінца ў павеце Слонімскім праз Козі Брод – Пружану – Палонне – Вінец – Сялец. Дарогі гэтыя былі абсаджаны дрэвамі. Менаві-та з тых часоў дайшоў гістарычны выраз “Кацярынінскі гасцінец”. У 50-я гады мінулага стагоддзя старыя вязы і бярозы ў напрамку да Сяльца з Пляхаўшчыны былі напамінкам, што яшчэ і ў XIX стагоддзі праз Сялец праходзіў паштовы гасцінец на Ружану – Гродна, вядомы з XVI стагоддзя. Злева яго ўпрыгожвалі ліпы. Праз многа гадоў гэта частка шляху дала пачатак вуліцы Глаўнай, а ліпы… Кара выдавала ўзрост дрэў-волатаў: барозды, як вяроўкамі, апярэзвалі агромністыя дрэвы. Ах, як цвілі ліпы! Які пах! Гу-дзелі ад пчол – відовішча захапляючае. Колькі пабачылі на сваім вяку гэтыя сялецкія дрэвы! Былі сведкамі баёў, пажараў, паўстання Каліноўскага, бачылі кайзераўскую армію (праз балота і Ясельду быў пераход – нямецкая грэбля ад той далёкай Першай сусветнай вайны). А пазней – як немцы яўрэяў везлі на расстрэл, як у камендатуру (цяперашні двухпавярховы будынак бальніцы) вялі на допыт падазроных і вінаватых перад фашысцкім парадкам. Ліпы былі сведкамі слёз жанчын, якія адпраўлялі родных мужчын на фронт. Дрэвы з сельчукамі сустракалі 12–15 ліпеня 1944 года вызваленне Сяльца і Вялікую Перамогу ў маі 1945-га, 600-годдзе вёскі ў 1997 годзе. Гэтыя ліпы былі неад’емнай часткай сяла, рабілі яго адметным, не падобным на іншыя.

Не была Глаўная вуліца гразкай, пакуль па ёй не прайшлі танкі (у вайскоўцаў на Падрэччы быў палігон). У 80-я гады мінулага стагоддзя брук схавалі пад асфальтам. Сучасным зрабілі сяло, падобным на іншыя. Гразкім быў Фурштат. Тут, на цяперашняй вуліцы Аляксандра Пушкіна, была ў 60-я гады млячарня з гарой торфу, у якім захоўваўся лёд. Непралазнай ад гразі нават улетку была вуліца Свіная, па якой ганялі свіней на выган. Іншыя мясціны сяла – вуліцы Бярозаўская (Бэрэская ў вымаўленні сельчукоў), Новая, Грудок, Прадмесце, Алендры, Клебанея – у дзяцінстве не зведаныя, бо былі ў Сяльцы, а мы жылі на Осадзі. Калі хто ішоў з Асады на адну з гэтых вуліц, то азначала, што ідзе ў Сялец. Сёння не пачуеш: “Пайду на Место ў вэлікі магазін”.

1958г. Сялец. Дзеці каля старое ліпы. 29.jpg

Дзеці каля старой ліпы.

Аб нацыянальным складзе жыхароў Сяльца можна меркаваць па трох могілках: праваслаўных, каталіцкіх і яўрэйскіх. З пятага тома “Актаў, выдаваемых Віленскаю археаграфічнаю камісіею” (Вільна. 1871 г.), з акта Уладзіслава IV (кароль польскі і вялікі князь літоўскі) за 1644 год даведваемся, што на той час за разбурэнне або абразу жыдоўскіх могілак вінаватыя падвяргаліся пакараннем смерцю і канфіскацыяй маёмасці, а за знявагу сінагогі – выплаце двух фунтаў перцу. Нікога з сялецкіх яўрэяў не засталося ў жывых – знішчылі фашысты. Сярод загінуўшых былі млынары, рымары, кавалі, пекары, краўцы, гандляры, купцы. З 1925 года аптэкарам працаваў Мілікоўскі Янкель, з 1923 года ў сінагозе рабінам быў Вілатоўскі Ёсель, у 1935 годзе жылі маляр Шварц Арон, шкляр Пільшчык Фроім…

Па ўспамінах маёй бабулі Агапы Тымінскай, яўрэі – кемлівыя, сумленныя людзі, умелі зарабляць і берагчы кожную капейку. Прадпрымальніцкая іх хватка была выпрацавана стагоддзямі, аснова яе –

у прывілеях, першапачаткова атрыманых яшчэ ад польскай каралевы Боны Сфорцы, ва ўладанні якой быў Сялец (з 1529 г.). Напрыклад, у пацвярджальнай прывілеі, выданай у 1644 годзе Уладзіславам IV, прадстаўляюцца шматлікія наступныя правы: “…дазваляем яўрэям набываць сабе дамы і пляцы ў самым рынку і на вуліцы, а таксама агароды, курыць (гатаваць) віно, варыць мяды і піва, прадаваць іх; …займацца гандлем усякімі таварамі, утрымліваць растворчатыя лаўкі ў рынку і ў хаце, …займацца рамёствамі, выстраіваць сабе яткі (мясныя рады) і прадаваць у іх мяса… Дазваляем ім карыстацца і іншымі вольнасцямі, выражанымі ў агульных прывілеях для ўсіх увогуле яўрэяў у Княстве Літоўскім; у асаблівасці дазваляем ім здабываць сабе самыя выгадныя пляцы і пабудаваць на іх сваю бажніцу, але толькі з умовай, каб яна не была вышэй каталіцкага касцёла; дазваляем зрабіць могілкі і агарадзіць іх”. Цікавы факт паведаў краязнавец М.А. Пейган: каб сінагога ўсё-такі была бачна здалёк, да вільчака даху прымацоўвалі жэрдку.

У Брэсцкім абласным архіве ёсць пайменны спіс жыхароў в. Сялец, расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пералік 70 загубленых душ усхваляваў не толькі тым, што сярод прозвішчаў знайшла імя свайго дзядулі і яго 19-гадовага сына. Уразіла прыпіска аб 400 расстраляных яўрэях, жыхарах Сялецкага сельсавета. Яшчэ адзін дакумент – акт №5. Ён не мае даты. Чытаючы яго, разумееш, што складзены адразу пасля вызвалення Сяльца ў ліпені 1944 года. Словы ў ім хоць стрыманыя, але з моцным болем: “…среди расстрелянных были малые дети, грудные даже; …зверское расстреливание советских граждан местечка Селец Селецкого с/Совета в количестве 16 человек, которых завезли на еврейское кладбище в заранее приготовленную яму. …Третий акт был совершен 12.12.1942 г. возле НСШ (неполной средней школы) в Сельце в количестве 7 человек с детьми. В том же месте расстреляно в различные сроки много других советских граждан, 7 человек из еврейского населения и несколько партизан...” Успамінала мама, як марозным ранкам на ўсходзе сонца везлі на расстрэл вялікую сям’ю з малымі дзецьмі. Вяскоўцы глядзелі на іх з болем і са слязамі, ведаючы, што гэта іх апошні шлях. Тыя таксама ведалі і разумелі сваё жахлівае становішча. Мо, гэта з пайменнага спіса сям’я Яцкевічаў з

11 чалавек з лесу, з Пабежыно? Старэйшая, Ганна Адамаўна, 1869 года нараджэння, а самая маленькая, Лідзія, з 1941-га.

Яўрэям сяліцца ў Сяльцы было дазволена ў часы князя Вітаўта (вялікі князь літоўскі з 1392 г.). Каля двух вякоў таму на беларускай зямлі яўрэі складалі прыкладна 15% насельніцтва. У 1920-я гады ідзіш быў адным з чатырох дзяржаўных моў. Па перапісе 1879 года Сялец налічваў 2648 жыхароў, сярод іх 866 яўрэяў. Дакументы ўстановы “Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці” сведчаць: 02.04.1921 г. жыхарамі мястэчка Сялец і Сялецкай гміны былі 425 яўрэяў.

Яшчэ ў 1552 годзе каралева Бона атрымала ад караля Жыгімонта прывілеі “на гандаль у кожную нядзелю і карчму ў мястэчку Сялец”.

У журнале пасяджэнняў Гродзенскага губернскага Камітэта ад 1902 года чытаем:

“… вред приносят слишком частые и повсеместные, а экономически неоправданные торговые дни, или ярмарки, устраиваемые еженедельно по малым городкам и местечкам, населенным почти одними евреями. …На ярмарках встречается самая лучшая способность пьянствовать во многих тайно содержимых евреями кабаках… Желательно бы было прекратить эти зачастые ярмарки, предназначив для этой цели один известный день в месяц” (“Гродненские епархиальные ведомости”).

Прайшоў час, змянілася ўлада.

З Палескага ваяводства ў Брэсце Пружанскаму староству паступіла распараджэнне ў 1924 годзе ўсталяваць у мястэчку Сялец гандлёвыя дні па аўторках штотыднёва, а таксама кірмашы 15-га чысла кожнага месяца і штогоднія 23 студзеня, 22 сакавіка,

4 жніўня, 14 кастрычніка, 14 лістапада і ў першую сераду пасля велікодных свят. Зазначалася, што прадметам гандлёвага абароту на ўсталяваных базарах і кірмашах будуць усялякія тавары першай неабходнасці і сельгаспрадукты. Газета “Полесье” ў 1929 годзе паведамляла, што 30 чэрвеня ў Сяльцы адбыўся паказ мясцовых кароў і ўзнагароды лепшых. Сярод многіх выдзяляліся чорныя з белым хрыбтом жывёліны, з добрым экстэр’ерам, высокім удоем і вялікай тлустасцю малака, непераборлівыя да пашы, спакойныя.

Рыначны пляц ў Сяльцы перад Успенскай царквой, абраны яўрэямі, упамінаецца ў дакументах 1644 года. У 50-я гады па традыцыі на Спленне (праваслаўнае свята Успенне) на плошчы з вазоў прадавалі сліўкі, грушы, яблыкі. Зараз тут брацкія могілкі з помнікам вайскоўцам, загінуўшым у 1944 годзе, і вялікім дубам, пасаджаным, па ўспамінах М.П. Новыша, “за польскім часам” з нагоды дня нараджэння маршала Пілсудскага.

12.07.1997. 600-годдзе вескі. 15 1.jpg

Артысты Сялецкага СДК.

А ў юбілейным 1997-м, калі Сялец адзначаў 600-годдзе, быў устаноўлены памятны знак. Сельскі клуб стаяў насупраць царквы ў пачатку вуліцы Аляксандра Здановіча (Рожанскай, так вымаўлялі сельчукі). Грошай на білет у кіно не было. Летам мы, дзятва, пасля пачатку сеанса прабіраліся ў памяшканне, а іншы раз глядзелі, стоячы пад расчыненымі вокнамі. Пазней са старой клуні пабудавалі новы аб’ект культуры, а да гэтага часу тут стаялі невялічкія драўляныя лаўкі (крамы), – спадчына ад яўрэяў, дзе ў адной куплялі прадукты (хлеб, дарэчы, узважваўся на вагах), у другіх – соль, цвікі, газу і іншыя тавары. У 1933 годзе Мейер Прысман пасля некалькіх заяў урэшце атрымаў дазвол на адкрыццё ў будынку сінагогі 4-класнай прыватнай адукацыйнай рэлігійнай школы з польскай і габрэйскай мовамі навучання.

У 1935 годзе настаўнічаў Сегал Давід з Сяльца.

Зараз другі час, змянілася культура, змяніліся і людзі. Нішто, акрамя мураваных сцен царквы і касцёла, не нагадвае мінуўшчыну. І хто яе ўспомніць, акрамя старэйшых сельчукоў?

Хай доўжыцца твой век, мой Сялец, мая радзіма, з багатай і слаўнай гісторыяй.

Валянціна ДАБРЫНІНА, г. Брэст

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
CAPTCHA
Номер 53135599