Общество

Дзень нашага яднання

08 Июля 2015 674 0

Бяроза ўрачыста адзначыла галоўнае свята дзяржавы – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, бо 3 ліпеня – гэта асаблівая дата для ўсіх, хто ганарыцца сваёй краінай, шануе яе гісторыю, хто сваёй працай і талентам уносіць важкі ўклад у росквіт роднай зямлі. Таму ў цэнтр горада, дзе адбываліся асноўныя мерапрыемствы святочнага дня, людзі ішлі цэлымі сем’ямі – з прадстаўнікамі некалькіх пакаленняў, дзе за рукі бабуль і дзядуль моцна трымаліся падрастаючыя ўнукі.

Сардэчна вітаў усіх прысутных урачыстага мітынгу ў Камсамольскім скверы з ганаровым святам – сімвалам суверэнітэту і свабоды краіны – старшыня Бярозаўскага райвыканкама Ю.І. Наркевіч.

– Звяртаючыся да гістарычнай памяці, выказваю шчырую ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікам тылу за мужнасць і стойкасць, праяўленыя як на перадавой, так і на працоўным фронце. Ваша напоўненае гераічным зместам і пераадоленнем цяжкіх выпрабаванняў жыццё стала належным прыкладам для нашчадкаў, – адзначыў Юрый Іосіфавіч. – За тыя дзесяцігоддзі, што прайшлі ад вызвалення, многае было зроблена, каб аднавіць гаспадарчы комплекс Бярозаўшчыны. А за апошнія гады мы значна ўмацавалі свой прамысловы патэнцыял шляхам мадэрнізацыі дзеючых прадпрыемстваў і будаўніцтва новых. Наша Бярозаўшчына ўносіць значны ўклад у абласны аб’ём вырабу прамысловай прадукцыі, а зробленыя ў нас тавары пастаўляюцца ў 28 краін свету. Я перакананы, што часовыя эканамічныя цяжкасці, якія зараз перажывае вытворчасць, сумеснымі намаганнямі будуць пераадолены і мы захаваем стабільнасць і спакой, забяспечым дынамічнае развіццё Бярозаўскага раёна, станаўленне моцнай і квітнеючай Беларусі.

Начальнік Бярозаўскага гарнізона палкоўнік Ю.М. Гвоздзь у сваім прывітальным слове падкрэсліў, што сучасныя ўзброеныя сілы годна працягваюць традыцыі воінаў-пераможцаў. А загадчык сектара па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Ярмашэвіч з гордасцю назвала імёны тых прадстаўнікоў моладзі, хто праслаўляе Бярозаўшчыну сваімі перамогамі на вытворчасці, у навуцы, спорце, мастацкай самадзейнасці. Мінутай маўчання ўсе прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны. Прагучалі залпы воінскага салюта, да помніка воінам-вызваліцелям у Камсамольскім скверы былі ўскладзены гірлянда славы, вянкі і кветкі ад мясцовай улады, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў. Парадным маршам прайшлі ваенаслужачыя Бярозаўскага гарнізона.

А свята працягвалася, у гэты дзень было што паглядзець і чым ганарыцца. Адбыўся пленэр мастакоў «Я малюю Беларусь», праводзіліся майстар-класы па народных відах творчасці. Асаблівую цікавасць вызвалі спартыўныя мерапрыемствы, найперш спаборніцтвы па боксе. Іх можна ў поўнай меры назваць рэспубліканскімі, таму што памерацца сіламі ў Бярозу прыехалі баксёры з Жабінкі, Баранавічаў, Мінска і Брэсцкага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Працавалі адразу некалькі музычных пляцовак, дзе сваё майстэрства дэманстравалі лепшыя культурныя сілы рэгіёну. Праграма была вельмі насычанай і прадуманай, складалася з некалькіх блокаў і яскравых танцавальных і вакальных кампазіцый, якія аб’ядноўвалі па некалькі мастацкіх калектываў, што сугучна выконвалі беларускія песні і танцы, узнаўляючы старадаўнія традыцыі і перадаючы іх нашай будучыні – дзіцячым калектывам. На высокім узроўні выступалі творчыя калектывы такіх сельскіх устаноў культуры як Падкраіцкі, Малецкі, Нарутавіцкі і Кабакоўскі дамы культуры, Хамічоўскі сельскі клуб. Радасна вітала публіка сямейны калектыў Алы, Аляксандра і Юліі Алясевічаў з аграгарадка Кабакі. На свяце выступілі і людзі, якія не працуюць у культуры, але іх душы і сэрцы належаць роднай Бярозе. Гэта сястра і брат Яровічы – Інэса і Аляксандр. Упершыню быў наладжаны «Музычны рынг» – вакальны конкурс сярод творчых калектываў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Першае месца ў гэтым спаборніцтве талентаў падзялілі ансамбль «Вяснянка» Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Белаазёрска і ансамбль «Цеплыня» ААТ «Бярозабудматэрыялы». Другое месца прысуджана сямейнаму дуэту – Аксане і Андрэю Самута з ААТ «Пескаўскае», а трэцяе заваявалі сёстры Алена і Наталля Гурскія з КУВП «Бярозарайаграсэрвіс».

А для самых юных жыхароў Бярозы на вуліцы Кастрычніцкай быў арганізаваны сапраўдны дзіцячы гарадок са шматлікімі атракцыёнамі, і што можа быць лепшым на свеце, чым радасны смех дзетвары.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599