Общество

«Хочацца зрабіць свой дом як мага больш утульным»

29 Декабря 2016 665 0

“Весялосць духу – найлепшыя лекі!” – кажа ўсходняя мудрасць. Але адкуль яе ўзяць, калі з тэлеэкрана штодня выплюхваюцца на нас патокі негатыву, калегі ўвесь час чымсьці незадаволеныя, дзеці наогул ад рук адбіліся?.. Можна не працягваць – многім усё да болю знаёма. Дык дзе ж знайсці тыя лекі? А сакрэт просты, як праўда, – у творчасці! Любы займальны занятак прымушае забыцца пра час, дробныя паўсядзённыя клопаты, пазбаўляе чалавека ад нуды. Творчасць напаўняе сэрца радасцю, якой абавязкова хочацца падзяліцца з іншымі, абуджае жыццёвую цікавасць і бадзёрасць. Пры жаданні заўсёды можна знайсці прымяненне свайму творчаму патэнцыялу.

Так, напрыклад, Таццяна Аляксандраўна Касянік, пра якую пойдзе гаворка далей, будучы ў “дэкрэтным” адпачынку, вырашыла з карысцю задзейнічаць свае творчыя задаткі. У свой час яна наведвала гурток па вязанні пруткамі і кручком і гэты навык выкарыстала пры стварэнні арыгінальных вырабаў для дома. З дапамогай Інтэрнэта асвоіла тэхналогію і з энтузіязмам узялася за справу.

Таццяне падабаецца працаваць у адным творчым кірунку, але з разнастайнымі методыкамі. Імкнецца не браць гатовыя ўзоры, а стварае ўласныя. З асаблівым задавальненнем працуе з атласнымі стужкамі, з паеткамі, з ільнянымі ніткамі. Якія ж шыкоўныя заколкі для валасоў, заціскі для цюлю, падарункавыя букеты з цукерак выходзяць у Таццяны – проста любата! Самае апошняе захапленне – лялечныя шкатулкі, якія могуць упрыгожыць любы, самы вытанчаны інтэр’ер.

– Таццяна, ці звязана неяк Ваша хобі з прафесіяй?

– На першы погляд, мая прафесія бухгалтара здаецца далёкай ад захаплення, але, з іншага боку, менавіта такія яе складнікі, як дакладнасць, канкрэтызацыя, засяроджанасць, дапамагаюць і ў творчай працы. Самы малы промах адбіваецца на якасці вырабаў, ад чаго яны адразу ж страчваюць знешні выгляд. Прыходзіцца часам па некалькі разоў іх перарабляць. Для гэтага патрэбна шмат цярпення і пэўны склад характару. Я вырасла ў сям’і патомных настаўнікаў: і маці, і сястра, і дзядуля прысвяцілі сябе педагагічнай дзейнасці. А сама ў школе больш за ўсё любіла матэматыку. Магчыма, адтуль ідуць вытокі маіх творчых прыхільнасцей. Заўсёды хочацца вынайсці новую форму, новую кампазіцыю. Люблю незвычайнае. Заўсёды здзіўляе, як з адной ніткі можна стварыць маленькі цуд у выглядзе прыгожай кветкі або вытанчанай галінкі ці вазы. Заварожвае погляд, калі з-пад рук павольна нараджаецца ўласнае тварэнне, здольнае дарыць радасць навакольным. Менавіта з гэтай прычыны не люблю капіравання, паўтораў. Шчыра радуюся кожнай творчай знаходцы, ад гэтага цяплее на душы. Цяпер у мяне з’явілася задумка па вырабе ўласнай лініі лялек у нацыянальным стылі. Прыемна, што і муж, і абодва сыны падтрымліваюць маё захапленне, нягледзячы на тое, што ў іх свае, мужчынскія інтарэсы.

І ў кулінарыі Таццяна стараецца выкарыстоўваць свае творчыя здольнасці. Любіць арыгінальна ўпрыгожыць выпечку або жэле, прыгатаваць нешта незвычайнае. Цягу да прыгажосці рэалізуе па меры сіл і магчымасцяў і на сваім прысядзібным участку, займаецца кветкаводствам. У галаве столькі творчых задумак, прызнаецца, хочацца зрабіць свой дом як мага больш утульным! Зразумела, усё гэта патрабуе пэўных сродкаў, што і з’яўляецца тормазам для іх ўвасаблення.

– Па-мойму, – разважае майстрыха, – калі чалавека акаляюць прыгожыя, гарманічныя рэчы, ён і сам неўсвядомлена пачынае імкнуцца да ўнутранай гармоніі, да ўраўнаважанасці. Акрамя ўсяго, творчасць супакойвае, дае столькі радасці, столькі дадатковай энергіі, зараджае аптымізмам і верай у сябе! Многія людзі скардзяцца на стомленасць, на недахоп часу, на адсутнасць уседлівасці. Мне здаецца, калі на пачатковым этапе пераадолець пэўныя складанасці і заняцца любым відам творчасці, то вынік будзе выдатным. Сэрца напоўніцца і радасцю, і гонарам ад таго, што ўдалося далучыцца да Яе Вялікасці Прыгажосці.

Валянціна ОСІПАВА.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599