Общество

Кліча «Бярозаўская сербіянка»

20 Августа 2015 465 0

Зноў гасцінная агратурыстычная сядзібаШчодры заяцзбірае прыхільнікаў народнай музыкі, прыпеўкі і танца з усіх куточкаў Бярозаўшчыны, а таксама іншых раёнаў Брэсцкай вобласці на цудоўнае свята з прывабнай назвай – “Бярозаўская сербіянка”. Свята ўнікальнае, не падобнае на іншыя, ужо ў самой яго назве закладзена і адметнасць, і асаблівасць.

Чатыры гады таму наша зямлячка з в. Альшэва Алена Аўтушка (зараз жыхарка г. Барысава) выступіла аўтарам праекта з той жа назвай, які стаў плённа распрацоўвацца, пашыраць свае творчыя межы пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Для калектываў і індывідуальных выканаўцаў гэта своеасаблівы творчы форум. Тут кожны мае магчымасць праявіць свае неардынарныя здольнасці, прыняць удзел у конкурсных спаборніцтвах, атрымаць асалоду і незабыўныя ўражанні ад іскрамётных прыпевак.

Сёлетняе свята ладзіцца ў трох намінацыях: выканаўцы прыпевак і танца “Сербіянка”, выканаўца прыпевак “Сямёнаўна”, выканаўца на гармоніку. Не стану, як кажуць, раскрываць усе карты, але гледачоў чакае шмат сюрпрызаў. Тут жа можна будзе набыць сувеніры, паспрабаваць свае здольнасці ў вырабе паясоў, ну і, канечне ж, прыняць самы непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве, стаўшы ўдзельнікам конкурсу сярод гледачоў.

Але, як гаворыцца, лепей адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць. Таму чакаем вас, паважаныя землякі, на свяце “Бярозаўская сербіянка” ў сядзібе “Шчодры заяц” (вёска Селаўшчына) 23 жніўня ў 12 гадзін. І няхай гэта будзе сапраўднае свята народнай мастацкай культуры, творчы майстар-клас, які прынясе радасць для кожнага з нас.

Галіна МІХНЕВІЧ, 

вядучы метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599