Общество

Куды ні пойдзеш, усюды цуды знойдзеш

19 Октября 2016 1040 0

– Ах, якія ўсе малайцы, такую прыгажосць арганізавалі, ідзеш і душа радуецца, ёсць на што паглядзець. Колькі выдумкі і фантазіі, цікавых творчых знаходак!

– Абавязкова пашлю дзецям у Мінск здымкі, хай пабачаць, як хораша было на кірмашы ў Бярозе.

– Цана на агародніну такая, як была і ў мінулым годзе. Дык ці варта садзіць тую ж моркву ці капусту, ездзіць паліваць, машыну запраўляць, калі можна ўсё гэта танна купіць?

Такія водгукі давялося пачуць ад людзей, якія з цікавасцю аглядалі восеньскія дары традыцыйнага кірмашу. Не сціхалі музыка і смех, нахвальвалі свае тавары гандляры, у чаргу станавіліся пакупнікі, выбіраючы капусту і цыбулю, журавіны і бульбу, моркву і буракі, грэчку і пшаніцу, зерне кукурузы.  Працаўнікі сяла і гарадскія прадпрыемствы стараліся на ўсе лады, каб непаўторна глядзеліся іх падворкі. І столькі пры гэтым было арыгінальных рэкламных задумак!

Хлеб-соль кіраўніцтву раёна.

Напрыклад,  ААТ «Аграфірма «Малеч» кожны год стараецца адпавядаць адной якой-небудзь тэматыцы. На гэты раз экспазіцыя гаспадаркі называлася «Народжаныя ў СССР» са старымі плакатамі і адпаведным антуражам. Гледачы змаглі ўбачыць, як здымаецца кіно, пад гукі горна маршыруюць і выконваюць акрабатычныя нумары піянеры.

Каманда ААТ «АФ «Малеч» і Малецкай сярэдняй школы.

Дарэчы, ролю аднаго з іх выконваў дырэктар Малецкай сярэдняй школы А.У. Кавалевіч. Актыўны ўдзел у праграме прынялі дырэктар аграфірмы Д.М. Зяневіч і старшыня сельвыканкама Л.А. Саламянюк. СВК «Боркаўскі» ў сваю падтрымку «прывёз» пацешных «Буранаўскіх бабулек», зробленых са звычайных гарбузоў. І чаго толькі не было на Боркаўскім падворку, нават выразаны з гарбуза калодзеж!

Боркаўскі падворак.

Вабіла наведвальнікаў хлебнае дрэва ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод», на галінках якога дружна сядзелі выпечаныя птушачкі. Прадпрыемства прадставіла вялікі асартымент прадукцыі, знізіўшы дзеля кірмашу цану на мяса на 10 працэнтаў. Хацелася ў халодны дзень пагрэцца ля каміна ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», далёка разносіўся смачны пах яго прадукцыі – каўбас і вяндліны. Значна пашырыла межы свайго «бярозавага падворка» ў параўнанні з кірмашом у Белаазёрску ААТ «Пескаўскае». З’явіліся новыя пацешныя драўляныя скульптуры, бойка ішоў гандаль разнастайнай прадукцыяй, бо нацэнка тут была нулявая. На «ўра» прайшла і пескаўская латарэя з жывымі выйгрышамі – качкамі і іншымі значнымі прызамі. На кірмашы годна заявіў пра сябе калектыў філіяла «Райпалівасбыт». Як на дзіва глядзелі людзі на печ, зробленую з тарфяных брыкетаў, уразілі ўсіх і «Дрова бобра» – вязанкі альховых пален.  Дарэчы, вугаль у прадпрыемства самы танны ды яшчэ расфасаваны.

Бярозаўскі край слаўны сырамі, таму не абышлося і без кароўкі. А іх было адразу некалькі. Дзеля сваёй карміліцы ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат» нават выслала зялёны лужок, галава вясёлай «рагулькі» філіяла «Прамень» была аздоблена кветкамі. А млын гэтай гаспадаркі зіхацеў усімі колерамі вясёлкі. Ды найбольш удалай паказала сябе «карміцелька-суперэкстра» з КУСП «Бярозаўскае», што адчувала сябе гаспадыняй на Кабакоўскім падворку. Хораша глядзець было і на тое, што сельгаспрадпрыемствы выступалі дружнай камандай з мясцовымі школамі. Напрыклад, Нарутавіцкая базавая школа запрашала ў «Вітамінны рай». Гасцям кірмашу загадвалі загадкі і адпаведную прадукцыю дарылі тым, хто яе адгадаў.  Як заўсёды на вышыні была экспазіцыя СШ №3 г. Бярозы. Ды і як інакш сказаць, калі яе ўпрыгожвалі дзве раставыя лялькі, ролю якіх выконвалі настаўніцы школы? Але мужыкі такіх трохметровых прыгажунь чамусьці абыходзілі здалёку.

Зіхацеў прыгожымі агнямі «аўтамабіль» Бярозаўскай ЖКГ, а ў аграфірме «Малеч» прапаноўвалі «таксі на Дуброўку». Вучні Сялецкай сярэдняй школы здзівілі алмазнымі вышыўкамі, ад ганчарных вырабаў вочы разбягаліся, але найбольшую цікавасць выклікаў каваль, які працаваў у цэнтры горада, і белы конь з брычкай, поўнай артыстаў. «Жыць і не хварэць, год ад году маладзець», – такія пажаданні луналі ў той дзень на гандлёвай плошчы, што заняла цэнтральную вуліцу Бярозы.

Галоўны транспарт артыстаў.

Госці бярозаўскага кірмашу з гарачага Эквадора.

Не было канца вясёлым песням і прыгожым танцавальным кампазіцыям у выкананні вядучых мастацкіх калектываў Бярозаўшчыны.

Сардэчна вітаў гасцей і ўдзельнікаў свята ўраджаю, песні і працы старшыня Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюк. Леанід Аляксеевіч  з радасцю ўручыў узнагароды пераможцам конкурсу на лепшае афармленне павільёнаў і арганізацыю гандлю на асеннім кірмашы – 2016. Рашэннем аўтарытэтнай камісіі, якая ацэньвала гэтую работу, галоўны прыз – Гран-пры – прысуджаны калектыву ААТ «Аграфірма «Малеч» разам з Малецкай сярэдняй школай. Першае месца заваявалі СВК «Боркаўскі» і Боркаўская СШ, другое – філіял «Прамень» сыркамбіната, а трэцяе – ААТ «Вінец» сумесна з Равяціцкай СШ. Сярод прадпрыемстваў гандлю першае месца заняло Бярозаўскае райспажыўтаварыства, на другім месцы ААТ «Гандлёвы цэнтр «Надзея», на трэцім – нашы суседзі з Івацэвіцкага райспажыўтаварыства.

Сярод прамысловых прадпрыемстваў першынство ў ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод», другое месца было аддадзена ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», а трэцяе – ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат». Сярод устаноў адукацыі п’едэстал гонару выглядае так: Сялецкая сярэдняя школа, Нарутавіцкая базавая школа і СШ №3 г. Бярозы.

Старшыня Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў М.Р. Чыж выканаў пачэсную місію па ўзнагароджванні пераможцаў штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, азеляненне і санітарны стан дамоў шматпавярховай забудовы і індывідуальных жылых дамоў Бярозаўскага раёна. Гран-пры за лепшую сядзібу было ўручана Івану Патапчуку (дом №15 па вуліцы Прывакзальнай у г. Бярозе).

Гаспадар лепшай сядзібы раёна І.І. Патапчук.

У намінацыі «Многакватэрныя жылыя дамы ў гарадах» першае месца прысуджана дваровай тэрыторыі дома №54 у Паўночным гарадку г. Бярозы (старшыня дамавога камітэта Зінаіда Чаркун). Другое месца атрымаў пад’езд дома №21 па вуліцы Юбілейнай у г. Бярозе (старшыня ЖСВК Алена Самасюк), а трэцяе – балкон кватэры №58 дома №3 па вуліцы Свідзінскага ў г. Белаазёрску (гаспадыня Таццяна Кудраўцава).

У намінацыі «Многакватэрныя жылыя дамы ў сельскіх населеных пунктах» пераможцай выйшла дваровая тэрыторыя дома №1 па вуліцы Бамаўскай у аграгарадку Сакалова (старшыня дамавога камітэта Мікалай Паўлюковіч). Сярод уладальнікаў індывідуальных жылых дамоў у гарадах першае месца прысуджана Тамары Казаковай (дом №10 па завулку Будаўнікоў у г. Бярозе). Другое месца заняў Андрэй Якушэвіч (дом №85 па вуліцы Сонечнай у г. Бярозе), на трэцім месцы Васіль Герцык (дом №4 па вуліцы Кветкавай у г. Белаазёрску). А сярод індывідуальных жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах першынство ў Антона Фабіцкага з вёскі Высокае і А.М. Клімовіча з аграгарадка Першамайская. Другое месца заняла сядзіба Васіля Меляшэвіча з аграгарадка Нарутавічы, а трэцяе – дом Ігара Гіды з аграгарадка Здзітава.

Пераможцы ўзнагароджаны за сваю нястомную працу па творчым аздабленні сядзіб, а значыць, і ўпрыгожванні нашых гарадоў і вёсак заслужанымі граматамі і важкімі падарункамі.

З цяжкімі пакункамі і патрэбнымі пакупкамі, з добрым настроем і яркімі ўражаннямі адыходзілі людзі дадому. А ўсяго выручка ад асенняга кірмашу ў г. Бярозе склала 150 тысяч рублёў.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

На тытульным здымку: экспазіцыя СШ №3 г. Бярозы.

 

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599