Общество

«Мой родны кут, як ты мне мілы...»

13 Января 2015 1169 0

     Жыву ў Брэсце, але часта, вельмі часта ўспамінаю сваю вёску Сялец…

     …Летні сонечны дзень. Дзядзька Лёня Гурскі, кульгавы былы франтавік, доўгім моцным кіем штурхае лодку наперад. Для мяне ўсё ўпершыню: плыць па рацэ ў лодцы, якая не тоне і не перакульваецца; бачыць побач чародкі баязлівых серабрыстых рыбак, а на паверхні, як на шкле, – бліскучых жучкоў (здаецца, яны гуляюць у даганялкі) і павукоў-вадамераў, якія не тонуць. Лапушыстыя лісты з жоўтымі гарлачыкамі – кветкі  і сапраўды з часам ператворацца ў збаночкі з насеннем. Захапляюся прыгажосцю белых вадзяных лілей – гэта цуд!
     Паміж пальцамі рукі віруе вада. Смаліць сонца, а на вадзе прахалода. Заўважаю: на лазовым кусце, бы рукавічка, вісіць гняздзечка птушкі. На пахіленай над вадой траве адпачываюць грацыёзныя стракозы з блакітнымі, зялёнымі крылцамі. Узлятаюць, патрывожаныя намі. Рака нешырокая,  і плынь тут спакойная.
     Мама Ніна таксама ў захапленні. На прыгожым маладым твары ўсмешка. Яна расказвае, успамінае… Тут ёй усё знаёмае і дарагое: і рэчка, і гэтыя зарослыя лазою і высокай травой гразкія берагі – дзяцінства перад вайной прайшло ў гэтых мясцінах.
     …Веснавое разводдзе запаўняла вадою ўсё панізоўе каля Ясельды і Башты. Здавалася, за грудком, на якім летам пасвілі гусей, разлілося мора. А гусі быццам чакалі гэтага моманту: успомніўшы, што іх продкі ляталі, падымаліся на крыло і з гогатам апускаліся на разліў. Нельга было іх прыманіць у двор. Яшчэ горш, калі ноччу мароз. Па лёдзе гусі коўзаліся, таму вяртанне дамоў зацягвалася. А што, калі ваўкі?.. Гэтыя разбойнікі з хлява выцягвалі нават свіней. Лес побач…
     Бабуля вохкала, злавалася на гусака, які завёў табун аж на Алендры – ні дайсці, бо лёд тонкі, ні даплыць, каб вярнуць уцекачоў. Алендры ў Сяльцы, вуліца на ўзвышшы за рэчкай Баштай, таксама ў палоне вады, як на востраве.
     У красавіку вада спадала. Замест яе хутчэй, чым дзе, прабівалася трава. Па берагах Башты зацвітала лотаць, вярба пакрывалася пушыстымі далікатнымі коцікамі. Гусі былі ўжо ў хляве: гускі сядзелі на яйках, а гусак, як добры гаспадар, быў побач. Здавалася, ходзіць на дыбачках, горда падняўшы шышкаватую галаву і з усёй моцы падаючы голас.
     Летам у час сенакосу неаднойчы даводзілася пераходзіць раку адной. Мама тлумачыла, як выйсці на Нямецкую грэблю, потым – на лазовы корч на беразе, каля яго ў вадзе адшукаць кладку. Жэрдка пад нагамі апускалася яшчэ ніжэй, было боязна: Ясельда глыбокая, а плаваць я не ўмела. Было мне гадоў трынаццаць. Не дай бог зваліцца! Нясу торбу солі: надвор’е дрэннае, сена недасохлае, таму яго, складваючы ў стог, прысольваюць, каб не зацвіло.
     …Бачу ў снах тую кладку, балота са стагамі, раку, з якой праз хустку наталяла смагу… Цяпер на тым месцы Сялецкае вадасховішча і канал.

Валянціна ДАБРЫНІНА,
г. Брэст.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599