Общество Огни Белоозёрска

На цудоўнае свята гасцей сабралася багата

12 Октября 2016 718 0

На восеньскім кірмашы ў г. Белаазёрску было рэалізавана тавараў больш чым на 100 тысяч рублёў.

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюк і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.У. Ткачук.

Па ўдзячных водгуках жыхароў і гасцей горада энергетыкаў, у мінулую нядзелю яны адзначылі адразу тры мерапрыемствы: ярмарку, дажынкі і 58-ю гадавіну з дня нараджэння Белаазёрска – аднаго з самых маладых гарадоў Беларусі. Дзве цэнтральныя вуліцы – Леніна і Энергетыкаў – былі ператвораны ў вялікую гандлёвую пляцоўку, дзе можна было і гародніну на зіму ўзяць, і новыя ўборы прыдбаць, павесяліцца і патанцаваць. Пакупнікам прапаноўвалася літаральна ўсё: ад бульбы і цыбулі да легкавых аўтамабіляў з аўтасалона і машын ГАЗ на выгадных умовах. У паветры лунаў пах  шашлыкоў, бліноў, папкорну і салодкай ваты. Было арганізавана некалькі канцэртных пляцовак, дзе не сціхалі музыка і песні.

Кожны год праходзяць па восені кірмашы, але іх арганізатары і ўдзельнікі зноў змаглі парадаваць людзей новымі яркімі фарбамі ў афармленні гандлёвых радоў і рэкламе тавараў. ААТ “Пескаўскае” зрабіла выставу сельскагаспадарчай тэхнікі, трактароў магутнасцю ад 33 да 303 конскіх сіл, камбайнаў і комплексаў. Дзеці з радасцю аглядалі іх і імкнуліся “пакіраваць”.

Сельгаспрадпрыемства прапанавала таксама багаты выбар мяса і прадукцыі перапрацоўкі племптушказавода. А ў латарэю можна было нават выйграць жывую качку. Весяліла публіку вясёлая кампазіцыя пары закаханых з  бярозавых чурбаноў, а народны ансамбль народнай песні “Пескаўскія весялухі” стараўся прыцягнуць да сябе народ прыгожымі песнямі.

Што тычыцца гародніны, то “Пескаўскае” на працягу трох тыдняў з дня ў дзень рэалізоўвае бульбу на пляцоўцы ў цэнтры горада і займела тут, як кажуць, сваё месца. Багаты выбар прапанавала пакупнікам ААТ “Бярозаўская МТС”, у тым ліку свежыя журавіны.

Журавіны Бярозаўскай МТС.

А яшчэ гэтае прадпрыемства ўважліва адследжвала кан’юнктуру цэн, зніжаючы іх для пакупнікоў. Хутка разабралі свежую ялавічыну ААТ “Вінец”, улёт пайшлі тры з паловай тоны пшаніцы, прывезеных СВК “Нарутавічы”.  “Скарб”, “уладар”, “гала”, “джэлі”, “брыз” – якіх толькі сартоў бульбы не было. Прадавалі наш “другі хлеб” нават па 15 капеек за кілаграм, сталовыя буракі “прыгажуня”, моркву, цыбулю і капусту можна было набыць усяго па 15 – 20 капеек. Члены БРСМ актыўна дапамагалі дарослым грузіць і адвозіць цяжкія мяхі гародніны, за што атрымалі нямала ўдзячных слоў.

А тое, што выпускаюць нашы перапрацоўчыя прадпрыемствы, можна было паспрабаваць на шматлікіх дэгустацыях. Шчодра частавалі навінкамі каўбас, хлеба розных гатункаў, безалкагольных напояў, а камбінат кааператыўнай прамысловасці прапаноўваў карнішоны і марынаваную  капусту.

А што тычыцца пірагоў, то майстры прадпрыемства з цеста выпеклі  вясковую ваколіцу і нават царкву з купаламі. Таму некаторыя белаазёрцы так начаставаліся, што і абеда не захацелі. Гатовы былі проста ў рукі скакаць жывыя карпы, амуры і таўсталобікі рыбгаса “Сялец”, затое мудры рак спакойна назіраў за людской мітуснёй.

Гандлёвы цэнтр “Надзея”  для рэкламы шматлікіх тавараў “запрасіў” любімую ўсімі камедыйную кінатройку ў складзе Маргунова, Нікуліна і Віцына, якія на ўсе лады расхвальвалі гандлёвыя рады.

Кінатройка ГЦ «Надзея».

Маркетынгавых хадоў было шмат, напрыклад, Бярозаўская ЖКГ у якасці мадэляў для вязаных шапак выкарыстала круглыя гарбузы. “Хачу на волю ў ваш сад”, – так кідаліся ў вочы парасткі вечназялёных хваёвых раслін. Акцыя “Літр у падарунак” заахвочвала набыць масла для свайго аўтамабіля. Вучні Агароднікаўскай СШ здзівілі мікрафонам з пацісона і вусенем з балота, адмыслова  зробленым з кляновага лісця. Годна прадставілі свае будучыя прафесіі навучэнцы каледжа электратэхнікі. Тут жа працавалі шматлікія майстар-класы ў многіх тэхніках мастацкай творчасці. Весела і займальна, з танцамі і прыпеўкамі рэкламавалі працу сваіх рук установы адукацыі.

Сардэчна вітаў удзельнікаў свята працы, гандлю і песні старшыня Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюк. Леанід Аляксеевіч адзначыў, што ў Белаазёрск прывезлі ўсё тое лепшае, што сёння выпускае прамысловасць раёна і што выгадавана на палях і фермах сельскай гаспадаркі.

А паказчыкі працы проста ўражваюць: кожны трэці кілаграм сыра і кожны чацвёрты кілаграм масла Брэсцкай вобласці выпускаецца ў Бярозе. Наш раён па тэмпах прамысловай вытворчасці займае трэцяе месца на Брэстчыне, а па экспарце наперадзе нас толькі г. Брэст. Таму кіраўнік раёна пажадаў жыхарам і гасцям горада энергетыкаў удалых пакупак, добрага настрою і новых поспехаў. А таксама ўручыў Гран-пры асенняга кірмашу дырэктару ААТ “Пескаўскае” У.У. Панасюку за найбольш удалую выставу прадукцыі і арганізацыю гандлю. Сярод гандлёвых прадпрыемстваў не было роўных ААТ “Гандлёвы цэнтр “Надзея”, якое заваявала першае месца. На другім – Бярозаўскае райспажыўтаварыства, на трэцім – гандаль з г. Івацэвічы.

Старшыня райвыканкама Л.А. Мартынюк уручае прыз за перамогу дырэктару ААТ “Пескаўскае” У.У. Панасюку.

Сярод сельгаспрадпрыемстваў першае месца прысуджана ААТ “Бярозаўская МТС”, сярод устаноў адукацыі пераможцам стаў каледж электратэхнікі. Другое месца заняў Цэнтр дадатковай адукацыі, а трэцяе – гімназія. П’едэстал прамысловасці размеркаваўся так: аздараўленчы цэнтр “Энергія”, ААТ “Бярозаўскі камбікормавы завод” і ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат”. За актыўны ўдзел былі таксама адзначаны СШ №3 г. Белаазёрска, Драгічынскае райспажыўтаварыства і УП “Брэсцкія пачастункі”.

А ўвогуле пастараліся ўсе: працаўнікі сяла і прамысловасці, фермеры, народныя майстры, школьнікі, самадзейныя артысты і кожны, хто прыйшоў на свята дароў нашай роднай зямлі і нястомнай працы чалавечых рук.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599