Общество

На ўскрайку святла

22 Июля 2014 564 1
     Ужо няма каму сказаць “прабач”, і пачуццё віны вярэдзіць душу…
 

     Усё пачалося з рэцэнзіі на новы зборнік паэта-земляка, які жыў за сотню кіламетраў ад яе горада. Па заданні рэдакцыі журналістка звязалася з аўтарам і дамовілася аб супрацоўніцтве. Наведалася да яго сваякоў, узяла на прачытанне выдадзеныя кніжкі, даследавала тэму як мага паўней. Усё. Далей пайшла работа на маніторы камп’ютара – сінтэз, аналіз, вывады. Апошні званок да партнёра быў чыста ўдакладняльным: на прадмет суадноснасці філасофскіх квінтэсэнцый. А ён… узяў яго за пачуццёвы пачатак. Гэта яна пазней даведалася, што жанчыны рэдакцыйнага калектыву ўжо не раз станаві-ліся музамі для паэта. Вершы, прысвечаныя калежанкам, даўно сталі здабыткам галоснасці. Яе чарга, на вялікі жаль, стала для яго крайняй.
     Ён распытаў у родзічаў пра яе вонкавы выгляд, яму спадабаўся яе голас, а самае галоўнае, яна была добрай слухачкай новых пісьменніцкіх опусаў і, мусіць, паслужлівым рэцэнзентам. Іх творчыя вечары дачырвана распалялі тэлефонную лінію і цярпенне яе мужа. Кватэру запаўнялі то выразны пафас, то лірычны шэпт, ад працяглых зносін выдыхалася батарэя апарата, зводзіўся на хрып голас чытальніка, а яна, здавалася, гарэла ў полымі ад напружання, ліхаманкава фіксуючы дэталі для літаратурнага аналізу. Яе чакалі хатнія і рабочыя справы, дзіця тармасіла за рукаў з праверкай урокаў, дамагаліся сябры, але яна цалкам трапіла пад уладу малазнаёмага вершаскладальніка, на трыццаць год старэйшага за яе. Стомленая, разнерваваная, у працэсе паэтычнага сеансу то клалася на ложак, то вымярала крокамі памяшканне, трэсла здранцвелай рукой, адрываючы трубку ад гарачага вуха, і паказвала другой “прэч” мужу, які з азвярэлым выглядам залятаў у пакой з намерам ліквідацыі відавочнай здрады. У той час, як яна знемагала ад вершаванага гвалту, муж гатаваў вячэру, прасаваў адзенне… Сітуацыя паўтаралася з дня ў дзень і пачала выводзіць з сябе ўсю сям’ю.
     Як стала вядома, памерлая жонка паэта была яе цёзкай. Незямное каханне калыхала іх на хвалях шчасця многа год. Неспадзяваная смерць любай падкасіла паэта – аднакрылы, разгублены, ён падсвядома шукаў свой новы кландайк, каб залатым звонам рэчаіснасці прыглушыць наступствы цяжкай страты. А тут як пасланне з нябёс – маладая, таямнічая. І тое ж імя, напоўненае сэнсам.

…Прайсці па жыцці і запомніць:
Аднойчы з узмахам крыла
Прачнешся шчасліва за поўнач
На ўскрайку любві і святла.

…І ўсё ж не згасае надзея
У высненых далях нябёс,
Што недзе жывуць Верацеі
І ты ў іх, мой рок і мой лёс… –

прысвячэнне, хутчэй, выклікала ў яе збянтэжанасць. Далей – больш: ліст са спелым і адчайным “люблю”:

“…Хто я такі, каб прыцягваць да сябе тваю ўвагу? Ты ж з кожным днём становішся для мяне ўсё раднейшай – даруй за маё прызнанне, але гэта так, і няхай будзе так. Да канца. Не, я не хачу ствараць табе колькі-небудзь праблем, ды ўвесь я ля цябе, з табой, з намі, наканаваная, прадвызначаная запозненым лёсам. І хацелася б мець твой фотавоблік. Як натхненне, як напамін аб нязбытным, як паўсядзённую трывогу твайго паэта. Чакаю і лістоў, і званкоў, і цябе. Цябе – ну хоць у снах, астатняе сапраўдна, бо ты ёсць, бо ты будзеш…”

     Ёй было неймаверна шкада. Няёмка. І балюча ад таго, што ніколі не спраўдзяцца  спадзяванні гэтага насамрэч цудоўнага чалавека. Наперадзе яго чакала вялікае расчараванне. Ён быў чужым.
     Яна змяніла прыязны тон размовы на стрыманы. Тым больш, што рэдактар, якая бачыла ва ўсім недаказанасць, запатрабавала паказаць дасланы ліст, бо ён… быў напісаны на адрас рэдакцыі. Абражаная, журналістка кінула яго на начальніцкі стол для задавальнення нездаровага інтарэсу. Ведаў бы яе паэт, як было натаптана ў яго выпешчаным “ускрайку любві і дабра”!..
     Больш ён не патэлефанаваў. Калі ў хуткім часе яго не стала, першай пра гэта рэдактарка сказала ёй, пільна заглядаючы ў вочы. Яна схавала роспач...
     Больш няма прымроеных Верацеяў з іх цяплом і шчасцем. Светлая ім памяць.

Комментарии
1
Міхась 24 Июля 2014
Цікавы артыкул, вершы прыгожыя. ..так, жыццё ёсць жыццё ...
Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599