Общество

Нам ёсць чым ганарыцца

03 Июля 2014 652 0

     Бярозаўскі раён, нягледзячы на шэраг цяжкасцяў, развіваецца паспяхова і дынамічна. Дастаткова сказаць, што доля прамысловай прадукцыі нашага рэгіёну складае амаль 10% у агульнай скарбонцы Брэстчыны. І гэта пры тым, што ў вобласці 16 раёнаў, а, значыць, мы займаем лідзіруючыя пазіцыі. Больш таго, па аб’ёму прамысловай вытворчасці ўступаем толькі Брэсту і Баранавічам і абагналі нават г. Пінск. Дарэчы, у гэтым палескім горадзе пражывае 130 тысяч жыхароў, а ў Бярозе – 30 тысяч. Тым не менш мы дэманструем такія выдатныя вынікі. А самае галоўнае, Бярозаўскім раёнам па выніках 2013 года забяспечана выкананне ўсіх даведзеных прагнозных паказчыкаў. 

     Галоўным сведчаннем таго, як плённа працуюць жыхары Бярозаўшчыны, з’яўляецца той факт, што наш раён занесены на Абласную дошку Гонару, паколькі быў прызнаны першым і адзіным пераможцам у спаборніцтве па сацыяльна-эканамічным развіццю сярод раёнаў вобласці, а зараз вось і на Рэспубліканскую дошку Гонару. Гэта, безумоўна, вельмі высокая і ў той жа час адказная адзнака. Сёння Бярозаўшчына падтрымлівае знешнегандлёвыя сувязі з   36 краінамі свету. Толькі за першы квартал 2014 года экспарт вырас на 14,3%.
      Вялікая ўвага надаецца мясцовымі ўладамі адкрыццю новых вытворчасцей і дадатковых рабочых месцаў, асваенню новых відаў прадукцыі, запатрабаваных на ўнутраным і замежным рынках, развіццю малога бізнесу. Толькі ў мінулым годзе было створана 65 мікра- і малых арганізацый, на якіх з’явілася  430 новых працоўных месцаў. Высокія тэмпы вытворчасці дэманструюць ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод», ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат», ААТ «Бярозаўскі мясакансервавы камбінат», ААТ «Бярозабудматэрыялы» і іншыя прадпрыемствы.  Выпускаемая імі прадукцыя не раз была названа сярод 100 лепшых беларускіх тавараў на рынку Расійскай Федэрацыі, прызнавалася лепшай у Беларусі. Нашы прадпрыемствы першымі ў краіне наладжвалі выпуск адмысловых тавараў, актыўна вырашаючы праграму імпартазамяшчэння, інвестуюць у развіццё вытворчасці вялікія грошы. Напрыклад, толькі ў мінулым годзе ў раён было інвесціравана 3,78 трыльёна рублёў. 
     Паспяхова развіваюцца новыя вытворчасці і прадпрыемствы: «Будаўнічая кампанія «Дабрыня», «Палескія шкляныя сістэмы», ООО «Франдэса», ЗП «Сарыя Бія-Індастрыс» і іншыя. Уведзены ў эксплуатацыю новы энергаблок Бярозаўскай ДРЭС, дзе  ажыццёўлены сучасны інвестыцыйны праект з Кітайскай інжынірынгавай кампаніяй.  
     Актыўна здзяйсняюцца ў раёне планы па мадэрнізацыі прадпрыемстваў і малочнатаварных ферм. За апошнія восем гадоў падвоена вытворчасць малака, значна вырасла яго якасць. А вынікам працы ў раслінаводстве з’яўляецца тое, што Бярозаўскі раён у мінулым годзе быў прызнаны пераможцам у абласным спаборніцтве на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, а ААТ «Пескаўскае» стала лепшым у рэспубліцы. Трэцяе месца ў нас у вобласці і па вырошчванні цукровых буракоў.  Вялікі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці ўносяць ААТ «Пескаўскае», «Спорава» і «Вінец», філіял «Прамень» сыркамбіната, КУСП «Бярозаўскае», СВК «Міжлессе», «Боркаўскі» і «Нарутавічы».     
     Бярозаўшчына ўжо ў восьмы раз заняла першае месца ў абласным аглядзе санітарнага стану і добраўпарадкавання тэрыторый. Усе, хто прыязджае ў наш раённы цэнтр, выказваюць захапленне ад выгляду яго прыгожых вуліц, фантанаў, новых жылых дамоў і гістарычных будынкаў, кветкавых і скульптурных кампазіцый. Узводзяцца сцены новага Дома культуры, 1,5 млрд. рублёў выдзелены з мясцовага бюджэту на аднаўленне ўязной брамы картузіянскага манастыра. Не спыняецца работа па рамонту аб’ектаў адукацыі, культуры і медыцыны. Усё робіцца для таго, каб людзям камфортна жылося і працавалася, каб мы з вамі ганарыліся сваім родным бярозаўскім краем. Яго выхаванцы дабіваюцца перамог і высокіх вынікаў у самых розных відах дзейнасці, праслаўляючы свой рэгіён.
     Са святам вас, землякі, руплівыя працаўнікі, хто шчыра аддае ўсе свае сілы развіццю сваёй малой радзімы і ўсёй краіны.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599