Общество

Перасмыкі

13 Января 2015 999 0
     Аб існаванні гэтага населенага пункта сучасная моладзь зусім нічога не ведае. А ён яшчэ жывы! Калі сваім краязнаўцам прапанаваў наведаць яго, многія выказалі здзіўленне, што дзесьці падобнае існуе,  а яго ж толькі за  кустоўем, якое разраслося за апошнія гады, не відаць з узвышша ля Сашыцы, а так – на адлегласці выцягнутай рукі.
 

     Для мяне гэты хутар, які ў лепшыя свае часы напамінаў нешта накшталт вёсачкі, звязаны з пэўнымі падзеямі і здарэннямі падлеткавай і юнацкай пары. Напярэдадні асушэння балот у нас праводзіліся пэўныя геалагічныя работы. І забалочаныя мясціны, пакрытыя рознаўзроўневымі пераважна альховымі гаямі з буйным кустоўем крушыны, лазы, перавітыя ліянамі дзікага хмелю, патрабавалі пэўнай падрыхтоўкі, трэба было рабіць просекі. Калі мы скончылі сем класаў, нам вельмі пашанцавала, бо якраз у тым годзе прыехалі, як гаварылі, геолагі, і можна было наняцца на працу: прарубваць тыя просекі.
     …Пасля цяжкіх работ у балоце ля Косценкавага хутара нас перавезлі да Перасмык. Фактычна мы іх убачылі толькі ў час абеду, працавалі ой як добрасумленна, калі выйшлі з балота і пачалі шукаць месца, дзе было б суха і меўся б цянёк, дзень быў спякотны. Дабраліся да нейкага высокага, з шырокіх асінавых дошак штакетніка, за якім раскінуўся даволі вялікі сад, добра віднеліся некалькі разлапістых яблынь, далей толькі верхавіны іншых дрэў. Аб Перасмыках ведалі на той час толькі адно: тут жыве наш настаўнік працы Васіль Паўлавіч Хвядчэня – ветэран вайны з параненай нагой.
     Селі, пад’елі… А па Перасмыках мы не хадзілі, вельмі ж шчырыя работнікі былі, хацелася зарабіць як мага больш, пабеглі назад у балота, да цяжкіх сякер. 

     Перасмыкі той пары сталі  знаёмыя і па падарожжах нашых кавалераў, бо дзяўчат там хапала. Адна з іх стане ў старэйшых класах маёй аднакласніцай, атрымае залаты медаль – Ала Васільеўна Хвядчэня.
     Наконт назвы. Перасмыкацца на нашай мове – перасунацца, мяняць месца. Значыць, пераехалі тутэйшыя людзі: перасунуліся, перасмыкнуліся. Хаця... Ёсць яшчэ варыянт. Слова “пярэсмык” азначае перашыек, магчыма, што быў нейкі брод ці іншы вадаём, балоціна, якая залівалася  вадой, а там праглядвала нейкая частка сушы, што нагадвала дакладную сутнасць слова. Мясцовасць памянялася, але добра вядома, што непадалёк пачынала свой бег з багны Башта, водныя балоціны маглі быць, як і перашыйкі.
     Упершыню не надта вялікі населены пункт пад назвай “Сялянскае пасяленне Перасмыкі” на карце сустракаецца ў 1911 годзе. Гаспадараць: 61-гадовы Рыгор Восіпавіч Хвядчэня з жонкай Антанінай Лукінічнай, жывая і яго маці Марыя Восіпаўна, 35-гадовы Данііл Восіпавіч Хвядчэня. Дзеці яго: Павел, Алена, Марыя, а жонка не ўпамінаецца. Чаму? Адам Андрэевіч Скробат (60 год) і яго жанатыя сыны: Лявонцій, Рыгор, Іван і Мікіта. Чамусьці ў дакументах за 1912 год прападае гаспадарка Скробата, але ёсць новая гаспадарка: Нестара Васільевіча Хвядчэні, жонка яго Юлія Лявонцьеўна і дачка Вера.
     Магло паказацца, што хутар гэты ўзнік у сувязі з рэформай Сталыпіна, аднак гэта не так. Гэтыя землі пералічаныя гаспадары пачалі набываць яшчэ ў 80 – 90-я гады ХІХ стагоддзя. Раней там размешчаны быў маёнтак Пржэсмыкі памешчыка, стацкага саветніка Мікалая Канстанцінавіча Мышанкова. У 1885 годзе Мышанкоў прадаў 60 дзесяцін селяніну Рыгору Восіпавічу Хвядчэні, як афіцыйна напісана: з зямель фермы Пржэсмыкі. Рыгору Хвядчэні прыпала 13 дзесяцін 1350 сажняў квадратных ворнай зямлі, паша – 5 дзесяцін 1350 сажняў і 1860 сажняў сенакосу. Другі  ўчастак пад назвай Ліпкі з гэтага маёнтка набывае старшы пісар, унтэр-афіцэр запаса Фёдар Іванавіч Панюціч, памер набываемых зямель склаў аж 89 дзесяцін. Ворыўнай зямлі было 40(!) дзесяцін, каля 18 дзесяцін склала сенажаць і звыш 31 было “сасновай пораслі” – маладога лесу.
     Другая палова ХІХ стагоддзя – гэта час, калі збяднелыя дваране прадавалі свае маёнткі і ішлі на дзяржаўную службу, так іх зямля трапляла ў капіталістычны абарот. Частку яе куплялі зноў жа дваране, другую набывалі купцы і заможныя сяляне. Апошнія нярэдка аб’ядноўвалі гаспадаранне на зямлі з гандлёвай дзейнасцю і ліхвярствам. Гэта адкрывала магчымасці развіцця “амерыканскага шляху (фермерства) капіталізму” ў Беларусі.

     Давайце пазнаёмімся з цікавымі выпіскамі з тагачасных дакументаў – актавых папер. Першая – ад 16 снежня 1885 года. “Мінскі натарыус Дзмітрый Арсенавіч Іваноў у дакуменце пералічвае асноўных удзельнікаў здзелкі і сведак. Стацкі саветнік М.К. Мышанкоў (пражывае ў сваім доме на Падгорнай вуліцы) і Рыгор Восіпавіч Хвядчэня (пражывае на Захар’еўскай вуліцы ў гасцініцы “Рыга”) і сведкі іх: дваранін Іван Амросьевіч Яцэвіч, старшы феерверкер запаса Іван Ігнатавіч Цвірко, старшы пісар у адстаўцы Карп Андрэевіч Шаліма, першы пражываў на Турэцкай вуліцы ў доме Сарадскага, другі на Саборнай плошчы ў доме Паўлава, а апошні на Верхняй Ляхаўцы ў доме Мурашкі, прысутнічаюць пры заключэнні купчай крэпасці”. Указваецца, што Мышанкоў набыў гэтыя землі раней ад дачкі надворнага саветніка Марыі Уладзіміраўны Вінаградавай і прадае зараз за 2 тысячы 200 рублёў серабром. (Спраўка: 23 ліпеня 1867 года Przesmyki куплены рускім землеўладальнікам Уладзімірам Вінаградавым – 534 дзесяціны за 3656 рублёў).
     Аднак Мышанкоў, на мой погляд, быў яшчэ той хітраван: на надзеле, які прадаваўся, лес на карню папярэдне ўжо быў прададзены купцу Паразоўскаму. На свае землі Р.В. Хвядчэня адпаведна “Уводнаму лісту“ за №593 уступіў ва ўладанне толькі ў 1888 годзе.
     У 1893 годзе Рыгор аддае свайму брату Даніле 31 дзесяціну ворыўнай зямлі і сенажаці, а яшчэ пляменніку Нестару Васільевічу Хвядчэні 13 дзесяцін, але яму ставіць умову, што прадаваць яе нельга, а яго, Рыгора, “слухацца як бацьку роднага і даглядаць да смерці”.
     У 1896 годзе Р. Хвядчэня набывае ў Івана Панюціча ўрочышча Ліпкі ў памеры 18 дзесяцін 2225 сажняў квадратных за 85 рублёў. У тым жа годзе Рыгор Хвядчэня набывае яшчэ адзінаццаць дзесяцін у Сігізмунда Гальчы ва ўрочышчы Міжлескі. Невядома з якіх прычын, але Панюціч распрадаў усю сваю зямлю. Так частку Ліпак выкупілі   23 селяніна з бліжэйшых вёсак (па адной дзесяціне – 10 чалавек, па дзве – 6, па тры – 4 гаспадары, па чатыры – усяго два чалавекі, а Сцяпан Фёдаравіч Скробат прыдбаў шэсць дзесяцін зямлі). Знакамітая церазпалосіца!

     Хутары адродзяцца  толькі пасля віхурных 1915 – 1920 гадоў. На польскіх картах той пары выглядаюць яны даволі прыстойна. Каб павялічваць колькасць зямлі і дзеля атрымання матэрыяльнай выгады, працаўнікі гадавалі свіней, трымалі пчол. Асабліва хутка багацелі сыны Данілы: Павел і Рыгор.
     Сярод поля, над берагам слабаводнай, пакрытай густым травастоем ручаіны, што пачынае свой бег недзе ў багне гнілога, зарослага густым іржавым шчытом трыснягу балота, на невялікім пагорку ля рознадрэўнага гаю стаяў драўляны двор. Ён быў бачны здалёк, спачатку сваімі сценамі, якія святлелі жоўтым колерам на фоне зеляніны высокіх ліп, дзе-нідзе купкамі арэшніку, якія быццам шчыльным плотам абдымалі яго, баранілі ад вятроў, служылі ў дадатак гаспадарчым інтарэсам – пчолкам ляцець далёка не патрэбна. Прысады тыя баранілі не толькі ад вятроў, але і змяншалі шумы, чысцілі паветра, проста ўпрыгожвалі мясціны. Праз двор уздоўж яго бачна дабротная клуня пад новым саламяным дахам, некалькі стагоў сена, што, відаць, не ўвайшлі пад страху будынка. Вакол ужо зелянее рунь азімай збажыны. А дзесьці за балотам чарнее поле, якое старанна і рупліва рыхтуецца пад новы ўраджай.
     Ля дома брама з галубятняй (што ёсць пэўны хутаранскі шык), якая гасцінна расчынена і запрашае ў госці любога добрага чалавека. На ганку людзі, якія заняты сваёй справай. За плотам на ланцугу пасецца сівы конь, тут жа чарада прыгожых гусей. Гаспадар ідзе і адшчапляе вялікія вароты – хутка прыйдзе скаціна, на зямлі працягнуліся вялікія цені ад дрэў, прысад. Вечарэе. Звычайнае жыццё, звычайны дзень, такія ж і людзі. Калі гэта было? Зусім нядаўна. Але мінула.

     Прыблізна так выглядаў хутар у Ліпках і ў самых Перасмыках. Але спачатку трэба было абжыцца тым, хто вярнуўся з Расіі ў Польшчу. З’явіліся новыя суседзі-асаднікі. Адносіны з імі складваліся па-рознаму, часцей не надта добра. Так, ужо ў 1922 – 23 гг. ідзе аднаўленне межаў гаспадаркі, складваецца шмат дакументаў, у прыватнасці, трэба было мець “Nakas egzekucyiny”, дзе ўсё было абгаворана. І ўсё ж спрэчкі паміж суседзямі адбываліся. Вядомы нам Р.І. Хвядчэня вымушаны быў судзіцца з асаднікам Эдмундам Шостакам. На баку апошняга сведкамі аб патраве і разбурэнні чатырох жэрдак яго плота Рыгорам выступалі чатыры іншыя асаднікі. Такой вялікай асадніцкай арміі прыйшлося Хвядчэні ўступіць, прызналі яго вінаватым. А такія спрэчкі былі не адзінкавыя.
     Праз час, у 1930 годзе, на хутары разгарнулася аж дзесяць гаспадарак. Акрамя Хвядчэняў, у Перасмыках, як памятаем, жылі Скробаты. Адзін з іх – Віктар, як і многія тады, паехаў у Амерыку на заробкі. Паміж ім, пасля смерці яго жонкі Веры ўзнікла спрэчка з яе братам Юзафам Фішманам. Віктар дае паўнамоцтвы свайму брату Аляксею на вяртанне праз суд (1927 г.) грошай, якія прыўлашчыў Фішман. Агульная колькасць прысвоенага складала 55 залатых рублёў і 90 тысяч польскіх марак (каля 60 даляраў), што на той час складала сумарна 900 злотых. Можна дагадацца, што развіццё гаспадаркі Скробата прыпынілася, а сама сям’я аказалася даўжніком сваіх суседзяў (доўг складаў 365 злотых), а 900 злотых давалі надзею на будучыню. (Як завяршылася судовая справа невядома, выраку няма).

     Эканамічна хутар Перасмыкі застаўся верны свайму гаспадарчаму выбару. Акрамя земляробства, спецыялізаваўся на свінагадоўлі і пчалярстве. Мёд адыгрываў вялікую ролю як эквівалент платы, напрыклад, дактарам, як сродак наладжвання добрых стасункаў з уладамі. Гаворка ідзе аб цэлых бочках мёду. А астатняе паглынаў рынак. Хутар Хвядчэняў складаў моцную гаспадарку. Абавязковае страхаванне раскрывае, а што сапраўды мелася ў гаспадарцы. Агульны кошт страхоўкі складае 3680 злотых. На дом прыпадае 1020, стадолу 760, амбар 670 злотых. Ёсць яшчэ канюшня (270 зл.), хлеў  (240 зл.), вазоўня (420 зл.). Хата настаўніка Васіля Паўлавіча Хвядчэні.Агульная колькасць пабудоў (плюс камора і нейкая каморка, яшчэ адзін хлеў і хлеўчык, чатыры шопы) склала 15 адзінак. Уражвае! Пасля Другой сусветнай вайны ў перыяд яшчэ свайго росквіту хутар меў па-ранейшаму дзесяць сядзіб, знешне нагадваў пасяленне з нечым падобным на вуліцу, што ўпіралася ў сажалку і як бы плошчу пры ёй. Але час хутароў зышоў, дзяржава ўзяла курс на іх ліквідацыю.

     Пачалося ўсё адразу пасля вайны. У 1948 годзе быў арыштаваны Павел Данілавіч Хвядчэня. За што? За багацце, за рэлігійнасць, так у сямейных паданнях захавалася, тое падцвярджалі і сашыцкія людзі. Цікавы факт: калі ў 1946 і 1947 гг. у яго намервалі да 14,59 га зямлі, то ў 1948 годзе стала чамусьці раптам 28,8 гектараў. Меркаванні на конт гэтага ёсць, але дакументальных фактаў няма, таму кожны можа сам паразважаць аб гэтым. І яшчэ, у вёсцы Равяцічы (па словах унучкі Паўла Данілавіча) да нядаўніх пор (паўстагоддзя прайшло) дастаялі дзве калоды пчол, рэквізаваныя ў тыя далёкія 40-я гады. Павэлко, так называлі яго сучаснікі, меў разам з лесам насамрэч каля сарака гектараў. Калі гаспадар аказаўся ў лагеры, то сын яго Васіль у той жа год са сваёй сям’ёй і сёстрамі выехаў у Баранавічы, дзе ўладкаваўся на мэблевую фабрыку. Дома засталася толькі нявестка асуджанага, але ўжо праз год вернецца з Баранавічаў дачка Паўла, яшчэ школьніца. Пасля 1956 года вернецца і сам Павел, але спачатку  да сына ў горад. І ўжо затым усім табарам пераедуць бліжэй, на чыгуначную станцыю Бронная Гара, а ў свой родны дом вырашаць Хата апошняй жыхаркі Перасмыкаў Марыі Васільеўны Хвядчэні.перабрацца яшчэ праз год, калі ўпэўняцца, што пераследу з боку ўлад сапраўды не будзе.

      Перасмыкі сёння – класічны хутар. Па аддаленасці, па колькасці двароў: дзве хаты. Апошняя жыхарка-хутаранка Марыя Васільеўна Хвядчэня*  выйшла сюды замуж. Здавалася ёй тады дзіка так жыць, а потым не прадстаўляла для сябе іншага месца жыхарства, аднак гаспадаркі ў сэнсе – гектары зямлі, дзясяткі галоў скаціны – у апошнія гады ўжо не было. І, нават, калі яе дачка пагражае на пенсіі абавязкова прыехаць у бацькоўскі дом, то, падсумаваўшы, маем: Перасмыкам угатавана наступнае – знікнуць. Пытанне толькі ў адным – наколькі зацягнецца агонія. Ідзе гаворка аб адзінках гадоў, не аб дзясятках.
     Усё гэта відавочна: дрэвы і карчы наступаюць з усіх бакоў, ранейшае ўжо і не праглядваецца на сучасным малюнку, “звярэе” край,   і гэта не страшылка. Дзікі пануюць там. Чамусьці ўяўляецца гэта як нейкі экскурсійны аб’ект, абасоблены,  з пэўным наборам праблем (адсутнасць вадаправода, каналізацыі і іншых атрыбутаў сучаснасці), а яшчэ мухі ды камары… Кажуць, што замежнікам падабаецца. Ну што ж – запрашаем! Але хто сустрэне?
     Нашчадкі хутара сёння жывуць у розных мясцінах, яны яшчэ звязаны памяццю з краем свайго дзяцінства. Таму веру, што аб Перасмыках памяць не сатрэцца доўга.

Мікалай ПЕЙГАН.

---------------------------

* Памерла ў снежні 2014 г.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599