Общество

Свая газета

26 Января 2014 956 0
     Сярод газет, што паштальёнка прыносіла ў нашу хату, раённая была найбольш блізкаю, найбольш сваёй.
 
     Упершыню пасупрацоўнічаў з ёю амаль выпадкова, калі хадзіў ці не ў пяты клас. Недзе нешта парушылася, і радыё-скрынкі ў сялецкіх хатах каторы дзень не гаварылі, адно нешта шапталі, і суседзі, нібы яны самі не ўмелі альбо не хацелі гэтага рабіць, намовілі мяне, каб я пра гэта напісаў. Куды? Ды ў «Пламя» – у газету, вось тут і адрас ёсць!..
     І я напісаў, і тую маю невялічкую нататку раёнка змясціла. А неўзабаве і радыё загаварыла на  поўны голас. А я зноў і зноўку разгортваў газетныя старонкі – спасцігаў мне невядомы феномен: напісанае, стаўшыся надрукаваным, набывала іншую ўдзельную вагу.
     На ўсе мае школьныя гады раёнка сталася інстанцыяй, дзе зацікаўлена і добразычліва ацэньваліся ўсе спробы пяра творчым асяродкам, дзе збіраліся, знаёміліся, дзяліліся набыткам і здабывалі досвед, кожны свой, пачынаючыя літаратары раёна. Адно абумоўлівае другое, і ў тым, што з Бярозаўшчыны як бы раптам, амаль у адну пару выйшла цэлая пісьменніцкая кагорта  (з аднаго Сяльца чацвёра!), вінавата не ў апошнюю чаргу раёнка, тая атмасфера, што там панавала, тыя людзі, што там працавалі.
     Яўген Сяленя адтуль, і цяпер, калі сустракаюся з ім, размова, нібы яна перапынілася ўчора, вядзецца пра сапраўднае – яно ніколі не бывае мінулым, пра творчае, калі ўсё яшчэ магчыма і Айчына з табой. І супрацоўніцтва доўжыцца.
     «...Якое надвор’е  ў Бярозе?» – пытаюся ў час тэлефоннай размовы ў Маргарыты Гаравой (яна працуе ў «Маяку», а мне знаёмая яшчэ па літаратурным аб’яднанні). Кажа: «Падае снег». А я міжволі апынаюся ў Сяльцы, у зіме і чакаю: вось-вось прыйдзе паштальёнка і перадасць свежы нумар газеты – сваёй.
 
Алесь РАЗАНАЎ,
паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР ім. Я. Купалы і еўрапейскай літаратурнай прэміі Гердэра.
 
Адзін з першых вершаў   Алеся  Разанава, надрукаваных у «Маяке коммунизма». 

ПОШУК

А шлях раўнюткі, быццам лісцік,
ляці – каб вецер у вушах!..
Як гэта лёгка памыліцца
і па чужых пайсці шляхах.
Няхай яны імкнуць, як стрэлы,
няхай шырокія яны! –
Стаю адзін. У небе – дрэвы
і жураўліныя кліны.
Лісты апалыя на стрэсе...
Але чакай,няўмольны час:
я маю права ўсё закрэсліць
і потым нанава пачаць.

1964.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599