Общество

«Так паступіў бы кожны», альбо Гісторыя аднаго выратавання

14 Декабря 2018 5268 0

Старшина контрактной службы Андрей Пономаренко2.jpg

Газета ўжо пісала пра выратаванне рыбакоў на Сялецкім вадасховішчы. Гэта было скрозь прызму прафесіяналізму работнікаў МНС. Сёння мы расказваем пра іншых герояў таго выпадку – вайскоўцаў.

...Увечары 27 кастрычніка ў цэнтр аператыўнага кіравання Бярозаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб бедстве на вадасховішчы Сялец, што знаходзіцца недалёка ад Бярозы. Пасля было ўстаноўлена, што на адлегласці каля 700 метраў ад берага перакулілася лодка, у якой знаходзіліся чатыры чалавекі...

Групай выратавання пажарнай часткі №1 Бярозаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пры актыўнай дапамозе рыбакоў людзі былі дастаўлены на бераг, дзе іх чакалі спецыялісты хуткай медыцынскай дапамогі.

Мужнымі рыбакамі аказаліся вайскоўцы – старшыня кантрактнай службы Андрэй Панамарэнка і два браты – малодшы лейтэнант Сяргей Мацееўскі і прапаршчык Дзмітрый Мацееўскі. Яны непадалёк вудзілі рыбу. Армейцы своечасова прынялі ўдзел у выратаванні людзей, якія танулі. Аб тым вечары расказалі самі вайскоўцы.

Камандзір аддзялення забеспячэння старшыня кантрактнай службы Андрэй Панамарэнка (в/ч 97063) (на галоўным фота):

– Пасля таго як адправіліся па лодку, а да яе было метраў 700, крыкі сталі слабець. Я разумеў, што зараз час ідзе ўжо на хвіліны, таму паскорыўся. Лодка ў нас простая, з вёсламі. Веславаў з усёйсілы. Калі даплыў да месца, дзе перавярнулася лодка з рыбакамі, убачыў толькі яе нос, які тырчаў з вады. За яго трымаліся пацярпелыя. Адзін з іх страціў прытомнасць, сябар трымаў яго галаву над вадой. Супрацоўнік МНС першым пачаў даставаць з вады менавіта яго… Я здзейсніў некалькі рэйсаў, каб даставіць усіх людзей на сушу. Пасля гэтага нам неаднаразова тэлефанавалі і пісалі ў сацыяльных сетках сваякі тых рыбакоў, дзякавалі за выратаванне. Было прыемна, але пры гэтым я лічу, што мы не здзейснілі подзвігу. Упэўнены, што на нашым месцы так зрабіў бы кожны.

Старшы тэхнік прапаршчык Дзмітрый Мацееўскі (в/ч 97063):

– Мы з хлопцамі а чацвёртай гадзіне прыехалі на вадасховішча, напампавалі лодку і распачалі лавіць рыбу. Удалечыні быў чутны шум матора – нічога асаб-лівага для вадасховішча, дзе заўсёды шмат рыбакоў на маторных лодках. Затым данесліся крыкі: «Цягні, цягні да берага!» Мы падумалі, што хлопцы вялікую рыбіну злавілі і цягнуць яе да берага. Таму працягнулі сядзець на сваіх месцах. Хвілін праз дваццаць да нас падышоў мужчына, пацікавіўся, ці не бачылі мы тут яго таварышаў: маўляў, трубку ніхто не бярэ. Тады стала зразумела што да чаго. Выклікалі МНС. Мужчына пайшоў сустракаць ратавальнікаў, каб паказаць лепшы пад’езд да возера. Калі ўбачылі на беразе мігалкі на машыне МНС, накіраваліся да яе. Адзін з ратавальнікаў са спецыяльнай дошкай паплыў да рыбакоў, другі адправіўся за ім, але без дошкі. Мы разумелі, што спатрэбіцца дапамога. Андрэй паплыў на лодцы і неўзабаве прывёз мужчыну. Перадаў яго нам і накіраваўся назад па астатніх пацярпелых. Мы раздзелі рыбака, пачалі яго абціраць, прыводзіць у прытомнасць. Крыху пазней прыбылі супрацоўнікі службы хуткай медыцынскай дапамогі. Так Андрэй па чарзе пераправіў яшчэ трох выратаваных. Усе яны былі ў цяжкім стане. Вада была вельмі халодная, да таго ж яны правялі ў ёй шматчасу. На жаль, нягледзячы на намаганні медыкаў, 45-гадовага мужчыну выратаваць не ўдалося...

Прапорщик Дмитрий Мацеевский 2.jpg

Начальнік пункта тэхнічнага кантролю малодшы лейтэнант Сяргей Мацееўскі (в/ч 97061):

– Мы з братам засталіся на беразе, каб дапамагаць медыкам дастаўляць пацярпелых да машыны хуткай дапамогі. Адзенне ў рыбакоў было мокрым і цяжкім. Перш за ўсё мы іх распраналі і разагравалі, дзяліліся сваёй цёплай вопраткай.

Шкада, што не атрымалася выратаваць аднаго мужчыну. Гэта сітуацыя яшчэ раз пацвярджае тое, што вада памылак не даруе...

Младший лейтенант Сергей Мацеевский.jpg

 * * *

Як пазней высветлілася, у лодцы тых рыбакоў былі выратавальныя камізэлькі, але яны не знайшлі часу іх надзець. А гэта простае дзеянне магло б выратаваць чалавеку жыццё...

Самі вайскоўцы не лічаць, што здзейснілі геройскі ўчынак: так павінен быў зрабіць кожны, хто апынуўся б побач. Але для сваякоў пацярпелых гэтыя людзі з’яўляюцца сапраўднымі героямі.

Рыгор ТУРАЎ.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
CAPTCHA
Номер 53135599