Общество

То росна, то млосна

21 Июля 2015 667 0

Да Марусі надвячоркам, у пят­ніцу, меўся прыехаць зяць. Нагода была такая: у панядзелак раніцай заверне на мотаблоку фермер Міша і выгарае бульбу. Але спачат­ку трэба было пазбіваць бадылле і сухое бульбянішча, сям-там і «амерыканку», якая муляла вока сваёй зелянінай. Усяго на чатырох сотках. Яна і сама наважвалася ўзяцца за касу, але дачка, з якой яны амаль кожны дзень тэлефана­валі адна адной, запярэчыла. Ты, казала, матулечка, паберажы сваё сэрцайка. Я прышлю Валодзю, ён усё зробіць.

Вось і чакала Маруся зяця. Спа­чатку стаяла ля веснічак, а потым ужо абаперлася на шула, і ўсё ўглядалася на ўскраек вуліцы, ці не пакажацца ягоная постаць. Але міма праходзілі маладыя людзі, і не пазнаць, чые гэта дзеці давалі ёй добры дзень. А потым ужо і вечар.

Яна села на лаўку каля плота, але хутка замерзла і ў прыцемках пайшла дадому. Кінула пару пален­цаў у грубку, глядзела на полымя, якое весела зашугала, і ўспамінала свайго Іваньку.

От каб быў жывы яе чалавек, хіба б яна так засмучалася па дробязях? Пражыла, як у карты прайграла: весела, у згодзе і ладу, на мігах разумелі адзін аднаго, і не трэба было ім і слова гаварыць. Ніколі і не пасварыліся па-людску, ён «мая гаспадынька, мая чараўні­ца, маё каханне...» Яна таксама не шкадавала пяшчоты і любові свайму чалавеку. Але які кароткі ягоны век аказаўся. Лёг спаць і не прачнуўся. Суседкі казалі, што і на сконе жыцця ён нікому рукі не замінаў: пайшоў ціха і спакойна, як і не жыў ніколі. Малодшага сына, Даніка, адпусцілі з арміі на пахаван­не бацькі, а дачушка Ліда прыехала з хлопцам. І тут маці заўважыла, што яе танклявая постаць неяк пакруглела. На другі дзень пасля пахавання Маруся знайшла час, каб пагаварыць з дачкой.

– Матулечка, не турбуйся, Ва­лодзя такі добры чалавек, – суця­шала дачка. – Ён у нас на заводзе працуе ў інструментальным цэху, мае тэхнікум за плячыма, фрэзе­роўшчык па самым вышэйшым шостым разрадзе. Пакуль мы не пабраліся, але ўжо заяву падалі.

Што гэта за спецыяльнасць такая, маці не разумела, аднак падумала, у якой роспачы быў бы яе Іванька, калі б даведаўся, што ягоная адукаваная дачка, разумніца і прыгажуня, якая працуе інжэнерам-тэхнолагам, збіраецца замуж так таропка. Засмучала яе і тое, што будучы зяцёк не адхіляе кілішкі з гарэлкай, каўтаў нібы ваду. На памінках павесялеў і ўжо пачаў выказваць суседзям свае думкі пра палітыку і падзеі па-за межамі. Каму гэта трэба? Кожны засмучаны тым, што пайшоў з жыцця не хварэўшы-не балеўшы добры чалавек, а най­больш у скрусе яго сямейнікі. Але што ж ты зробіш, калі маладыя ўсё ўжо вырашылі.

Хутка ў Ліды і дзіцятка нарадзілася. Маруся, цяпер ужо бабуля, з’ездзіла ў горад, пабачыла малога і ўсё дзівавалася, няўжо з такога камячыка і чалавек будзе? Забы­лася, як сваіх нараджала-гадавала. Адзін дзянёк пабыла ў горадзе, а зваротныя дзве гадзіны шляху на аўтобусе так марудна цягнуліся, што з прыпынку ішла дадому под­бегам. Свае клопаты, свая жытка...

Назаўтра раніцай вырашыла, што не будзе тэлефанаваць Лідзе, зараз сама пойдзе ў агарод і дзе рукамі вырве тое бадылле, а дзе пазбівае і капаніцай. Ужо замыкала дзверы, як нехта азваўся да Марусі.

– Что, мать, не ожидала? А я, это самое, встретил на вокзале своего одного друга, вместе в армии служили... И проговорили, этого-самого, всю ночь... Вы Лиде не звонили?

– А мой ты Валодзік, не тэле­фанавала, не было часу, – ветліва адказала Маруся, паглядаючы на счарнелы твар зяця. – Ды і што я буду вас турбаваць, думаю, толь­кі дзіцятка перапалохаю, дачка будзе нешта благое думаць, а ёй нельга хвалявацца. Усё здароўечка малога зараз ад маткі залежыць: і каб грудзей уволю нассаўся, і каб спакойненькі быў. Мо, паснедаеш, сынок?

Ад сняданку зяць не адмовіўся, усё больш налягаў на маласалёныя гуркі, аж прыцмокваў ад асалоды, не адмовіўся і ад чаркі гарэліцы. Пахваліў яе самаробны напой, маўляў, не такая, як магазінная, што толькі рот апякае. За сталом Валодзік сядзеў па-гаспадарску, пад’еў трохі і загадаў, каб Маруся прынясла ў калідор паказаць, якія ў яе косы ёсць.

Маруся прынясла. Валодзік агледзеў, правёў пальцам па лязо, прымерыў па сабе.

– Ну, мать, на кого это ты рас­считываешь? Надо, чтоб косьё хотя бы мне под паху было. Не-е, так не пойдет. Может, у соседей одолжишь?

Маруся пайшла па суседзях. Але дзе ты каго знойдзеш? Хто бульбу выкапаў, у лес пацягнуліся. Казалі, маслякі пракідаюцца, а бабкі хоць касой касі. Ні з чым вярнулася да­дому, а тут зацерушыў дожджык, меленькі, бы праз сіта.

Валодзік уключыў тэлевізар, тым больш гуляла ягоная любімая каманда – барысаўскі БАТЭ, і папярэдзіў, што яшчэ ні разу не прапусціў без прычыны футбол з яе ўдзелам. І пайшла маці ў хлеў. Спачатку бройлераў скубла, вы­дзірала нажом пяровае асцё. По­тым укапала кошык картопелькі, зрэзала капусціну, пазбірала па кублах яечкі, дастала з лёха слоікі з салатай і марынаванымі гуркамі, кампоты. Назаўтра з раніцы пакуль усё паладавалі, прычапілі да рова­ра, прыйшоў час і на аўтастанцыю збірацца.

Валодзік вёў ровар і ўсю дарогу сварыўся на цешчу, нашто было столькі нагрувасціць, ажно колы ўбок хіляцца, час і пра легкавік падумаць. Маўляў, сядуць усёй сямейкай і праз гадзіну, ну дзве, і ў яе будуць, што кольвечы і па гаспа­дарцы памогуць. У яе ж не сядзіба, а цэлы курорт. Малое падрасце і па муражку пабегае, не тое, што ў горадзе на асфальце расці. Так ёй хацелася абразіць зяця, сказаць, што бачыла яна ўжо ягоную помач, але стрымалася, пакуль не прыеха­ла дамоў. Села на ганак, склаўшы рукі, пачала разважаць, нешта выказваць Валодзіку, які быў ужо далёка ад яе хаты.

– Маруся, з кім гэта ты гаворыш? – адазваўся нехта.

Падняла заплаканыя вочы і ўбачыла каля веснічак Сцяпана. Былы аднакласнік, ён, калі ажаніў­ся, пабудаваў хату ў канцы вуліцы, а ў магазін заўсёды хадзіў паўз яе дом. Пару разоў бачыла яго на сваім падворку. Іванька казаў, што Сцяпан пытаўся, як трэба дрэвы правільна прышчэпваць. У іх на ўсё мястэчка былі такія адмысловыя ігрушы, што да вясны захоўваліся ў склепе, і яе чалавек ахвотна даваў людзям парасткі, вінаград­най лазой дзяліўся. Калі стаў Іван гаспадаром і займеў сваю хату, адразу сад пасадзіў, каб дзеткі пакаштавалі свае яблычкі, ігрушы, вінаград, агрэст і парэчкі.

– А табе дзела? – у роспачы адказала Маруся, раззлаваная найбольш на сябе, што яе ў такім стане застаў чужы чалавек.

– Бачыў я, як твой ледзь ровар цёг, – не звяртаючы ўвагі на непры­ветнасць гаспадыні, адказаў Сцяпан і адчыніў веснічкі. – А пра машыну гаворку не вёў?

– А як жа, толькі і той гаворкі. – цяжка ўздыхнуўшы, адказала Маруся.

– Ну, на тое ён і зяць, што любіць узяць, як гаворыцца... А мой што, лепшы? Папрасіў, каб прыехаў днішча ў машыне пафарбаваць. Разжыўся я ў хлопцаў сапраўдным сурыкам, якім караблі фарбуюць, каб іржа не ела. Ну, прыехаў зяцёк. Перакулілі мы машыну, каб лаўчэй было дно чысціць. Бачу, сядзіць каля майго «Масквічыка», курыць. Пытаю, чаго не робіш? А ён адказвае, што яшчэ раса. А мне ў паліклініку тэрмінова трэба было ехаць, прыязджаю, зноў курыць і ані крапачкі не ўзяўся рабіць. Кажа, спёка несусветная. Эх, як усхадзіўся я! Што, кажу, трасца тваёй матары, то росна, то млосна? Марш са двара, пакуль галаву сякерай не адрубаў!

Сцяпан памаўчаў і дадаў:

– Ну і прыйшлося мне самому машыну чысціць. Добра, што хлоп­цы па-суседску дапамаглі, разам і пафарбавалі, і работу закончылі ў згодзе, і чарку добрую ўзялі. А зяцёк гаворку таксама вёў, каб я яму машыну перапісаў. А хваробу! Не хочуць маладыя працаваць, не, не хочуць, давай ім усё і зараз жа...

– Дык і я пра тое. Што я адна без гаспадара ім пасаблю? Прыехаў і дзень праляжаў каля тэлевізара. Як ён ім вочы замінае, свету не бачаць праз гэтую скрыньку... Папрасіла бадылле скасіць, і тое не зрабіў, – і Маруся заплакала.

– Толькі і ўсяго? – здзівіўся Сця­пан, – ты, дзеўка, нясі касу. І граблі.

– Дык нядзелька сённейка...

– А ў царкве ўжо не правіцца, – супакоіў сусед.

Праз гадзіну Сцяпан выйшаў на двор са словамі: «Заданне выкана­на». Памаўчаўшы, дадаў:

– А заўтра я Ганю сваю прышлю. Весялей будзе вам, дзеўкам, бульбу выбіраць.

Людміла ГІЛЁВА.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599