Общество

У ногу з народам і часам

10 Июля 2014 549 0

     3 ліпеня Бярозаўшчына, як і ўся Беларусь, урачыста адзначыла найгалоўнейшае свята краіны – Дзень Незалежнасці.

     Яшчэ і сёння ёсць дзівакі, якія задаюць пытанне: чаму менавіта гэты дзень абраны ў якасці такой важнай падзеі? І толькі б так. Называюць і абгрунтоўваюць сваю версію, напрыклад, ухваляюць так званую Аршанскую бітву, якая адбылася ў пачатку далёкага XVI стагоддзя паміж войскамі тагачаснай Расіі і Рэчы Паспалітай. Аб чым гаворка? Называй колькі здолееш гістарычных падзей (а іх, хвала Госпаду, у нас, беларусаў, хапае), але ж, згадзіцеся, калі б адбыўся жудасны план “Барбароса” фашысцкай Германіі і здзейсніліся мары Гітлера, якія ён выказаў у сваёй чалавеканенавіснай кнізе “Майн кампф”, то наогул існавалі б мы, беларусы, якім, як і ўсім славянам-“недачалавекам”, было ўгатавана амаль  пагалоўнае знішчэнне? Таму і ўхваляем менавіта 3 ліпеня і з вялікай пашанай і гонарам услаўляем мужнасць нашых бацькоў і дзядоў, якія 70 гадоў назад не толькі вызвалілі родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але яшчэ прынеслі свабоду і мір народам Еўропы...
     Святкаванне ў Бярозе пачалося значна раней, чым яго афіцыйная частка. Ужо з дзевяці гадзін раніцы пачаўся радыёканцэрт, у якім гучалі песні ваенных гадоў, пра Радзіму, такім чынам ствараючы адпаведны настрой жыхарам і гасцям горада. Па цэнтральнай вуліцы і абапал яе працавалі выставы горада майстроў з разнастайнымі вырабамі народнага рамяства і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, была наладжана дэгустацыя страў нацыянальнай кухні і нават выстава скульптур з бульбы і агуркоў. Гэта было здзейснена на вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра. Нельга было не стаць гледачом свята дзіцячай творчасці, якое разгарнулася на пляцоўцы каля Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Аказалася нямала гледачоў у дэманстрацыі народнага касцюма ад даўніны да сучаснасці, якая праходзіла на Цэнтральнай плошчы. Але народ без дадатковых аб’яў сыходзіўся да адзінаццатай гадзіны ў Камсамольскі сквер. Менавіта тут з удзелам кіраўніцтва раёна адбылася шчымлівая ў сэрцы кожнага з прысутных вахта памяці з ускладаннем вянкоў і кветак да брацкай магілы воінаў і партызан, якія аддалі сваё жыццё за нашу свабоду, прагучаў вайсковы салют.
     Затым свята перайшло на Цэнтральную плошчу і вуліцу Леніна Бярозы. Удзельнікі ўрачыстасці вельмі цёпла віталі ветэранаў Вялікай Айчыннай, якія прыехалі на плошчу на машынах, стылізаваных пад легендарныя “эмкі” часоў вайны. Да крайняй машыны была прымацавана пушка, сведка тых гераічных дзён, якую, дарэчы, сёння як рэліквію зберагаюць у ААТ “Пескаўскае”.
     Слова для прывітання было дадзена старшыні Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта Ю.І. Наркевічу. Аддаючы доўг і пашану загінуўшым у гады вайны, ветэранам Вялікай Айчыннай, а таксама тым пакаленням, хто адбудаваў краіну, узняў яе з руінаў і попелу, Юрый Іосіфавіч адзначыў:
     – За тыя семдзясят год, што прайшлі з ваенных часоў, многае змянілася ў нашай краіне, вобласці, раёне. За гэты час змяніліся і людзі, іх адносіны да жыцця. Аднак мэта, якую ставіла перад сабою ваеннае пакаленне, і мы з вамі, засталася адна – сваёй штодзённай працай будаваць моцную квітнеючую Радзіму.
     І трэба адзначыць, што такое сцвярджэнне старшыні раённага выканаўчага камітэта мае грунтоўную падставу, таму што Бярозаўшчына, яе людзі і працоўныя калектывы годна выконваюць свой абавязак перад старэйшымі пакаленнямі і Радзімай. Якраз напярэдадні Дня Незалежнасці Указам Прэзідэнта краіны А.Р. Лукашэнкі па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2013 год наш раён занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару. Бярозаўшчына ўтрымлівае лідарскія пазі-цыі і на Берасцейшчыне, забяспечваючы выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў, раён таксама занесены на Абласную дошку Гонару. Ну як не ганарыцца, калі не самы вялікі па плошчы і насельніцтву наш раён у тым жа мінулым годзе забяспечыў 10 працэнтаў абласнога аб’ёму прамысловай прадукцыі. Наперадзе нас толькі Брэст ды Баранавічы з іх моцным індустрыяльна-эканамічным патэнцыялам.
     На Цэнтральнай плошчы адбыўся парад воінаў Бярозаўскага гарнізона, які заўжды выклікае інтарэс у гледачоў, надае людзям упэўненасць і гонар за сваіх абаронцаў, якія сёння здольны адказаць на любую пагрозу, адкуль бы яна не зыходзіла. Затым – новае відовішча – святочны тэатралізаваны парад з удзелам спартсменаў і творчых калектываў раёна. Спартыўную калону ўзначальвае спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву г. Бярозы, у якой працуе шэсць аддзяленняў: лёгкай і цяжкай атлетыкі, футболу, тэнісу, хакея з шайбай, плавання. Выхаванцы школы неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі спартакіяд і першынстваў краіны і паспяхова абаранялі яе гонар на міжнародных спаборніцтвах. За юнымі спартсменамі з Бярозы крочаць выхаванцы спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву з Белаазёрска. Тут у трох відах (футбол, кулявая стральба, грэбля на байдарках і каноэ) займаюцца больш за тры сотні хлопцаў і дзяўчат. Школа за сваё існаванне (пачала працаваць у 1992 годзе) падрыхтавала 53 кандыдаты ў майстры спорту, 19 майстроў спорту і двух майстроў спорту міжнароднага класа.
     За алімпійцамі з Белаазёрска крочылі каманда баскетбалістаў СШ №3 г. Бярозы, вядомая сваімі перамогамі далёка за межамі краіны, члены турыстычнага клуба “Рамантык”, у якіх таксама шмат дасягненняў, прадстаўнікі веласіпеднага і коннага спорту. Хочацца верыць, што самыя галоўныя  і вялікія перамогі выхаванцаў спартыўнай школы Бярозаўшчыны яшчэ наперадзе.
      Шчыра віталі гледачы творчыя калектывы самадзейнасці раёна. Без іх намаганняў і натхнення не абыходзіцца ні адно наша свята.  І як заўжды яскрава, таленавіта і ад шчырага сэрца.
     Не было на плошчы абыякавых і ў дачыненні нашых медыцынскіх работнікаў, працаўнікоў адукацыі. Самаадданая праца і здабыткі ў гэтых важкіх сацыяльных галінах Бярозаўшчыны агульнавядомыя і ў поўным сэнсе адпавядаюць свайму высокароднаму прызначэнню.
     Дэманстрацыя сельскагаспадарчай тэхнікі, стылізаваных машын прадпрыемстваў і арганізацый раёна, а таксама ваеннай тэхнікі гарнізона яскрава паказала і нашы дасягненні, і той патэнцыял, які маюць народнагаспадарчы і вайсковы комплексы Бярозаўшчыны. А гэта азначае, што родны край крочыць у правільным кірунку, і мы з вамі не раз яшчэ будзем сведкамі новых перамог і дасягненняў. Дарэчы, такі паказ адбыўся ў нас упершыню і выклікаў у людзей незвычайны інтарэс і прыемнае здзіўленне.
     У той дзень яшчэ адбылося шмат розных цікавых і захапляльных мерапрыемстваў, якія дазволілі людзям у поўнай меры не толькі адчуць атмасферу свята, але і стаць яго непасрэднымі ўдзельнікамі.
     А закончылася яно святочным феерверкам і дыскатэкай.
     Квітней, Беларусь, і ў шчасці жыві!

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА.


 

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599