Общество

Вернасць і здрада

22 Июня 2015 435 0

Здарылася гэта, калі ў доме з’явілася шчаня. Пятро прывёз яго з камандзіроўкі. І сустрэліся яны – пажылы шафёр лесавоза і кульгавы чорненькі цюцік – на дарозе. Машына-лесавоз даўжэзная: ого, колькі дарогі займае! А як жа іначай: цэлыя высозныя сосны роўна ляжалі ў прычэпе. Пятро ўкладваў іх сам. Хоць і быў у яго памочнік, ды гэта не тое, калі чужыя рукі зробяць: і скаціцца можа бервяно, і менш іх ляжа. Вядома, чужымі рукамі толькі жар заграбаць, а тут яго, шафёра, каманда, як лепш і ямчэй укласці. Ды і дарога няблізкая.

Пётр любіў сваю працу. Любіў лес, а найперш – дарогу. Ужо каля трыццаці гадоў ён – кароль трасы. І ў той памятны для яго дзень ён, пільна аб’язджаючы калдобіны лясной дарогі, паволі выкіроўваў на шашу. І раптам на абочыне ўбачыў чорны клубочак. Спыніў машыну, прыгледзеўся. Дрыжачы ад холаду, сядзела бездапаможнае шчаня. Аб тым, як яно тут апынулася, можна было толькі здагадвацца. Пятро саскочыў на зямлю і ўзяў сваю знаходку ў рукі. Шчанятка не супраціўлялася: бачна, што згаладалася, аслабела. У кабіне лесавоза яму стала цёпла пад ватоўкай, і ўсю дарогу яно спала. І Пятру было так спакойна на душы, хоць раз-пораз мільгала думка: а як жонка ўспрыме яго знаходку? Яна ж праціўніца і кошак, і сабак. Але Пятро стараўся адагнаць гэтую назойлівую думку. “Ат, неяк будзе, сам стану даглядаць сваю знаходку!”

Жонка не ўхваліла, але ў гэты вечар прамаўчала. А Пятро на наступны ж дзень пачаў будаваць жыллё для Дружка – так ён адразу назваў шчанюка. Працаваў ад душы, бо вельмі хацелася, каб будачка была ўтульнай. Хоць і кідала жонка ў яго бок нядобры позірк, не звяртаў на гэта ўвагі. І буданчык атрымаўся такі, што і сам залюбаваўся. Пачаў Дружок абжываць яго. Добры сабачка рос, ласкавы. А як ён любіў Пятра! Ды і гаспадар яго таксама. Бывала, прыгоніць свой лесавоз, ісці да хаты не карціць, а як успомніць свайго Дружка, яго радасць ад сустрэчы з гаспадаром, то ляціць дамоў, як на крылах.

Але аднойчы выйшла так, што не прывязаў свайго любімца. А ён вазьмі ды паразганяй курэй. Моцна тады яны ў агародзе нашкодзілі. Жонка такі вэрхал падняла і проста ўльтыматум паставіла. Пятро ўжо прывык да яе крыкаў, пакрычыць – перастане. Не перастала: “Вязі туды, адкуль прывёз!” Проста вайну ў хаце ўсчала, і гаспадар… здаўся.

…У тую ноч доўга не спаў, варочаўся, дакараў сябе за слабасць, няўменне пастаяць на сваім. Ранкам добра накарміў сабачку, пасадзіў у машыну. І думка была такая, што ўсё ж удасца аддаць свайго выхаванца якой добрай душы. Ведаў, што ў іхнім леспрамгасе была такая. Зайшоў у кантору, ды супрацоўнікі сказалі, што хварэе яна ўжо некалькі дзён…

Відаць, лёс такі ў яго ўлюбёнца. Дружок тым часам даверліва сядзеў у кабіне, каб разам з гаспадаром прадоўжыць шлях. Была ў Пятра думка пакінуць сабачку ў лесе, ды не змог. Калі загрузіўся і выехаў на шашу, то рашыўся на тое, што было супраць яго волі: пакінуў Дружка на дарозе. Балюча было, нават у яго, мужчыны, слёзы наварочваліся. Але калі ўспамінаў “вайну” ў хаце, то разумеў, што гэта непазбежна.

…Ноччу зноў амаль не спаў, дакараў сябе. А ранкам папрасіў пуцёўку ў той самы лес. І якімі ж былі яго здзіўленне і радасць, калі ўбачыў на дарозе, на тым жа самым месцы свайго Дружка. Тут і сорам за сябе, і захапленне вернасцю жывёлы. Не, ён ніколі і нікому больш яго не аддасць! Пятро прытармазіў і выскачыў з кабіны. А яго маленькі сябар ужо шпарка бег да гаспадара праз шырокую дарогу, не зважаючы ні на што. Сустрэчны грузавік на ўсёй хуткасці збіў Дружка… Ён прабег яшчэ некалькі крокаў… і ўпаў, каб ужо ніколі не падняцца…

Галіна ХАЛІМОНЧЫК, г. Бяроза.

 

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599