Сайт находится в тестовом режиме
Общество

Воля Гасподняя

17 Ноября 2018 514 0
photo

– Які б нi быў Панцялей, а жыць весялей, – кажа цётка, хаваючы вочы ад пляменніцы Ганулі. Бачыць, як цяжка прыгажуні пасля сватаўства старога брыдкага Пракопа.

Ашаломленая, дзяўчына так i не азвалася да няпрошаных гасцей. Усё вырашылі сваякі, адсутнасць пасагу ды горкая сіроцкая доля.

Вяселле гуло: няроўны шлюб!.. А Пракоп не налюбуецца на маладую жонку, толькі тая як нежывая: збялелая, кволая. На багатым свяце небарака адчувала сябе ў неймавернай адзіноце – нездарма так трэсліся яе плечукі на матульчынай магілцы пасля заключэння шлюбу.

– На ўсё воля Гасподняя, дзіцятка, – усцешвала яе цётка.

Зайграйце, музыкі, жалосна!

Пастаньце, суседцы, раскошна!

Пастаньце, суседцы, усе ў рад,

Вядуць жа Ганначку на пасад.

Уся яе галоўка ў вяночку,

Няма яе мамачкі ў радочку!

Уся яе галоўка ў цвеце,

Няма яе мамачкі на свеце!.. –

абрадавыя спевы мясцовых жанчын уліваліся ў яе душу галашэннем. Гэта і сапраўды было пахаванне надзей. На каханне.

…У хаце самым важкім быў голас свякроўкі.

– Ты ў нас, Пракопка, галоўны працаўнік, – часта прымаўляла яна за сталом, падкладваючы найсмачнейшыя кавалачкі сыну. – А мы і так абыдземся, – махне рукой, зіркнуўшы на нявестку.

Шкадуе Пракопка жонку, неўпрыкмет дзеліць тую смакату напалову. І па хатняй гаспадарцы дапамагае. І на людзях хваліць. І на вушка ласкавыя словы шэпча. Абыходзіцца як з каралевай. Добрае сэрца ў яе мужа, але чаму ж не сцерпіцца, чаму не злюбіцца?.. І хоць дзяцей нараджала ад Пракопа, пацалункі яго атрутай здаваліся. Плакала ў падушку, ваўчыцай выла ў полі, усё часцей і часцей пазбягала стасункаў са сваім чалавекам. Крэпасць непрыступнасці, узведзеная ёю, раздушыла Пракопа. Ён стаў панурым, з адчайным паглядам. Адчуў сваю поўную мужчынскую нікчэмнасць. І, яшчэ горш, чалавечую. Спрабаваў заліць гора гарэлкай – не дапамагло. Ні сябры, ні дзеці, ні клапатлівая маці больш не натхнялі яго. Толькі яна, Ганна, магла вярнуць настрой і сэнс існавання. Яна свяціла яркай зоркай на халодным небасхіле яго жыцця, але, на жаль, і сама была такой жа сцюдзёнай. І далёкай-далёкай, як нязбытная мара…

…Пракопа знайшлі ранкам. Вечарам ён утапіўся ў сажалцы на сваёй сядзібе. Ноччу яго ніхто не шукаў, бо быў непатрэбны і ўжо даўно спаў адзін – у каморцы.

Перад труною Ганна ледзь чутна паўтарала:

– На ўсё воля Гасподняя... На ўсё…

Слова ксяндзу Уладзіміру БУКЛЯРЭВІЧУ, дэкану Пружанскага дэканата, пробашчу парафіі Найсвяцейшай Тройцы:

– Наконт волі Гасподняй у гэтай гісторыі заўважу некалькі момантаў.

Найперш, што прадстаўленая сітуацыя паказвае сужэнства, якое не было заключана па свабоднай волі абодвух бакоў, а менавіта сужэнская згода, ці, іншымі словамі, акт волі, праз які мужчына і жанчына жадаюць стварыць сям’ю, з’яўляецца падставай вучэння аб сужэнстве ў хрысціянстве. Таму сужэнскі саюз, заключаны або з-за боязі, або з прымусу, з’яўляецца несапраўдным. Канешне, і ў такіх саюзах людзі, на жаль, жывуць і сёння вельмі часта, бо заключаюць сужэнства па розных прычынах (напрыклад, праз жаданне завалодаць багаццем будучага мужа або таму, што ўжо зачалося дзіцятка ва ўлонні жанчыны).

Але гэта не мае нічога агульнага з воляй Гасподняй, яна праяўляецца перад усім у тым, каб кожны чалавек быў шчаслівым і дасягнуў збаўлення. Менавіта таму Езус благаслаўляе сужонкаў у сакрамэнце сужэнства, каб іхняя любоў развівалася і ўмацоўвалася, таксама воля Гасподняя праяўляецца ў тым, каб чалавек адышоў з гэтага свету, паяднаўшыся з Богам.

Нельга любыя жыццёвыя сітуацыі прыкрываць «воляй Гасподняй». Бо калі, напрыклад, нехта становіцца інвалідам пасля аўтамабільнай аварыі, здзейсненай па віне п’янага вадзіцеля, то нельга казаць, што Бог хацеў, каб чалавек пакалечыўся ці каб нехта п’яны сеў за руль. Калі мы так трактуем волю Гасподнюю, то робім з Бога некага страшэннага, а Бог ёсць любоў і Ягоная воля такая, каб усе людзі былі шчаслівымі ў Божым валадарстве, Ён за гэта аддаў сваё жыццё на Крыжы. Цяпер адказ за намі.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA