Общество

Вясну віталі, блінамі частавалі

06 Марта 2014 531 0

     Традыцыйнае свята «Масленіца» сабрала ў мінулую нядзелю каля кінатэатра «Кастрычнік» г. Бярозы шмат людзей, але праводзіць зіму на гэты раз не прыйшлося. Яна сама пайшла ад нас на самым пачатку лютага, аддаючыся пад уладу каляндарнай вясны. Праўда напамінала аб сабе халодным ветрам. 

     А арганізатары свята – Бярозаўскі гарадскі дом культуры – зрабілі ўсё магчымае, каб яно адпавядала беларускаму нацыянальнаму каларыту. Таму былі тут і вясёлыя суседкі, якія  перамывалі костачкі сваім родзічам, найперш зяцю ды нявестцы; і рухавыя скамарохі, і народныя гульні, і прыгожыя абрадавыя песні ў выкананні ансамбля народнай песні «Медуніца» Марэвільскага СДК, калектываў Светачскага і Падкраічскага  СДК, народнага ансамбля народнай песні «Заранак». Самыя смелыя гледачы маглі паспрабаваць свае сілы ў спаборніцтвах, дзе прызамі за перамогу былі бліны – галоўны сімвал гэтага свята. Пастаралася раённае спажыўтаварыства – ажно дзевяць відаў бліноў прапаноўвалі гасцям свята ў гандлёвых радах: ад традыцыйных са смятанай і варэннем да з начынкаю з грыбоў, сыра  і крабавых палачак. Прычым заказаны блін рабілі на вачах 
пакупніка. Пахлі дымком шашлыкі, прыцягвала людзей магчымасць паспрабаваць сваё шчасце ў латарэях. 
     Народныя традыцыі былі захаваны і ў тым, што можна было прыдбаць на выставах-продажах музея, ДзЮСЭЦ і Цэнтра рамёстваў беларускія сувеніры, у тым ліку з выявамі старой і сучаснай Бярозы. А яшчэ на свяце і ў бліжэйшых магазінах не прадаваліся ні спіртныя напоі, ні нават піва, бо ўмелі нашы продкі без гэтага гуляць і весяліцца.  
     Прыемна было бачыць, што прыходзілі на «Масленіцу» цэлымі сем’ямі, тым самым далучаючы сваіх дзяцей і ўнукаў да старадаўніх абрадаў, якія не павінны знікнуць, бо кожны з іх іграў важкую ролю ў жыцці беларусаў, благаслаўляючы іх на добрае жыццё. 
 
Фота Мікалая ЛЯВОНАВА.

 
 

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599