Массово-политическая газета Березовского района

Берасцейскі пясняр

68
Опубликовано,
23 декабря 2017

26 лістапада гэтага года значную страту панесла наша нацыянальная літаратура. На 66-м годзе пайшоў з жыцця Алесь Каско, знакаміты беларускі паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і прэміі “Берасцейская зорка”. Ён валодаў не толькі абсалютным паэтычным слыхам, але і рэдкай у наш час духоўнай бескампраміснасцю.

Нарадзіўся будучы майстар слова 10 снежня 1951 г. у вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна. Ён рана адчуў у сабе высокае прызначэнне і выявіў непаўторны паэтычны талент. Нягледзячы на стан здароўя, на тое, што як для паэзіі, так і для ўсёй літаратуры зараз не самыя спрыяльныя часы, паэт да апошняга дня ўпарта працягваў працаваць са Словам. Яшчэ за чатыры дні да свайго адыходу адправіў нізку вершаў у абласную газету “Зара”.

Літаратурнай дзейнасцю Алесь Каско пачаў займацца з 1968 г. Першыя творы ў рэспубліканскім друку апублікаваў у 1970 г.  у газеце “Чырвоная змена”.

Аўтар зборнікаў паэзіі “Вестка” (1979 г.), “Скразная лінія” (1982 г.), “Набліжэнне” (1989 г.), “Час прысутнасці” (1994 г.), “Сорак пяць” (1997 г.), “Нічога больш” (2011 г.), “Межавыя знакі” (2014 г.).

Алесь Каско бліскуча праявіў сябе ў розных аспектах: як лірычны паэт – у шчымлівых, трапяткіх вершах пра каханне і ў шчырых прызнаннях у любові да зямлі і роднай мовы, як грамадзянін – у патрыятычнай лірыцы, як эсэіст – у напоўненых тонкім філасофскім гучаннем роздумах пра рэчаіснасць. Ён вельмі любіў сваю малую радзіму – вёску Чудзін, часта наведваўся туды. Крапатліва збіраў мясцовыя казкі і потым выдаў фальклорны зборнік.

Мне пашчасціла бліжэй пазнаёміцца з успрымальным унутраным светам берасцейскага песняра падчас рэдагавання першага лірычнага зборніка – Алесь Каско быў не толькі маім рэдактарам, але і настаўнікам у літаратуры. У той час ён ужо лічыўся прызнаным мэтрам, яго вершы друкаваліся ў школьных падручніках, а я – невядомая правінцыйная літаратарка. Як кажуць, ніхто, нішто і ніадкуль… І я да гэтага часу ўдзячна Алесю Каско за падтрымку першых літаратурных спроб. Ён не адносіў сябе да насельнікаў эмпірэяў, якія з вышыні пазіраюць на пачаткоўцаў, а на ўсю моц рэалізоўваў свой рэдкі дар тонкага ўспрымання паэтычнай субстанцыі.

На развітанні ў Жабінцы многія выступоўцы выказвалі ўслед сябру-паплечніку шчырыя словы падзякі за паэтычнае акармленне. Пры гэтым хочацца падкрэсліць, што Алесь Каско быў надзвычай прынцыповы не толькі ў жыцці. Гэтак жа майстар слова ставіўся і да творчасці. Ён не прызнаваў паўтонаў, не зважаў на “німбы”. Мог у пух і прах разнесці графаманскі твор, але, калі бачыў задаткі даравітасці, аддаваў і сілы, і час, каб падтрымаць няўпэўненага ў сабе аўтара. Заўважу – не кожны слынны творца ахвяруе ўласным талентам дзеля рэдагавання літаратурных опусаў рознай якасці. Алесь Каско не баяўся “пэцкаць мазгі” і шмат часу займаўся гэтай працаёмкай справай, каб вывесці на літаратурны шлях новыя імёны.

У сваіх разважаннях пра жыццё ён часта апеляваў такімі паняццямі, як служэнне народу, родная мова… І яны не былі для яго пустымі, як зараз кажуць, “саўкоўскімі” катэгорыямі. Паэт сэрцам успрымаў болевыя працэсы нашага грамадства. Не пабаюся сказаць высакамоўна – усё жыццё Алесь Каско імкнуўся быць карысным для Беларусі, спаўна сцвердзіў адказную місію Паэта. Але лепш пра гэта скажуць яго шчымлівыя, узнёслыя вершы.

Валянціна ОСІПАВА, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Оставьте свой комментарий